Масавыя затрыманні ў Гомлі і Наваградку: хроніка пераследу 18 красавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Стала вядома, што за каментары пра Лукашэнку быў затрыманы намеснік старшыні праўлення Тэхнабанка Дзмітрый Богуш
З ім выйшла «пакаяльнае відэа» па БТ.
Паведамляецца, што Богуша затрымалі ў снежні 2022 года па артыкуле аб «распальванні варожасці» (ч. 2 арт. 130 КК) — ён нібыта пісаў у сацсетках каментары з пагрозамі на адрас Лукашэнкі і сілавікоў.
Затрымалі непоўнагадовага адміністратара тг-суполкі СБНШ
Па яго прыйшлі пасля таго, як хлопец вырашыў праверыць сябе «на наяўнасць кампрамятуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце плана «Перамога», створаным сілавікамі. Хлопец меў нік у тэлеграме «Ваўчара ў латах».
Раней суполку «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» прызналі «экстрэмісцкай».
Масавыя затрыманні ў Наваградку
Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні на выходных у Наваградку шасці чалавек. Затрыманых змясцілі ў Карэліцкі ІЧУ.
Таксама стала вядома, што сёння ў працоўных навагрудскага «Завода газавай апаратуры» правяралі тэлефоны — паведамляецца, што ў людзей шукалі менавіта падпіску на «Зеркало».
У Мінску да "палітычных" прыходзяць участковыя — у людзей праглядаюць сацсеткі і ўсталёўваюць бот "Магніт"
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю, што апошнія дні ў розных раёнах Мінска назіраецца актыўнасць сілавікоў — участковыя прыходзяць увечары дадому да тых, каго раней затрымлівалі па палітычных матывах. У людзей праглядаюць Telegram і Instagram, гісторыю праглядаў і лайкі на YouTube, усталёўваюць бот «Магніт».
Таксама вядома, што сілавікі перапісваюць даныя тэлефонаў.
За "экстрэмісцкія" падпіскі ў інтэрнэце затрыманыя адразу дзевяць гамельчукоў
«Пакаяльнае відэа» з імі з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» суполкі ў Instagram, TikTok, Telegram.
Аднаго з мужчын сілавікі прымусілі сарваць са сцяны бел-чырвона-белы сцяг і кінуць яго на падлогу.
У Брэсце затрыманы 55-гадовы Уладзімір Здановіч
Сілавікі паведамляюць, што мужчына нібыта быў адміністратарам «экстрэмісцкага» Telegram-чата «Северный 97», прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.
Аблава на заводах "Нафтан" і "Палімір" — дзесяць працаўнікоў арыштаваныя
Пра аблаву стала вядома з паведамлення афіцыйнага закрытага канала завода. Затрымалі дзесяць працаўнікоў завода і ўсім ім прысудзілі арышт — ад 10 да 30 сутак, у асноўным за рэпосты (па артыкуле 19.11 КаАП), піша «Наша Ніва».
У канале пішуць, што затрыманыя працаваць на заводзе болей не будуць, а некаторым пагражаюць крымінальнай справай.
Па інфармацыі праваабаронцаў, учора ў Наваполацку прайшлі які мінімум 8 «палітычных» адміністрацыйных працэсаў.
Палітычны пераслед у Новалукомлі — затрыманні, звальненні, суткі
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра факты палітычнага пераследу ў Новалукомлі.
На дзяржаўных прадпрыемствах на днях адбыліся затрыманні — вядома пра як мінімум 10 затрыманых. Некаторым з іх ужо прызначылі суткі. Вядома, што 20 сутак арышту атрымаў мясцовы хірург Сяргей Нарэйка.
Ёсць інфармацыя, што за апошні час каля 100 супрацоўнікаў Лукомскай ДРЭС былі звольненыя «па свайму жаданню». Як мінімум 7 чалавек затрыманыя.