"Расійскія захопнікі, якія ўдзельнічаюць у гвалтоўным захопе чужой тэрыторыі ваеннай сілай" – выказванне коштам трох з паловай гадоў калоніі
У Гродненскім абласным судзе 31 сакавіка вынесены прысуд па справе 46-гадовага Алега Завадскага, якога абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі ( ч. 1 арт. 368 КК), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК).
Справу разглядаў суддзя Віталь Кулеш.
Алег Завадскі, па матэрыялах абвінавачання, з чэрвеня 2020 года па красавік 2022 са свайго мабільнага тэлефона размясціў у мэсэнджары Telegram публікацыі, у якіх даваў відавочна негатыўную ацэнку Аляксандра Лукашэнкі. У паведамленнях выкарыстоўвалася ненарматыўная лексіка. У іх абвінавачаны таксама заклікаў да гвалту ў дачыненні да вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, распальваў нацыянальную і сацыяльную варожасць і варажнечу: "расійскія захопнікі, якія ўдзельнічаюць у гвалтоўным захопе чужой дзяржаўнай тэрыторыі ваеннай сілай". Такіх паведамленняў у чатах “Гародня 97%” і "Реальная Беларусь Чат” было больш за некалькі дзесяткаў.
15 лютага Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс ягонае прозвішча ў спіс "Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
Суд прызнаў Завадскага вінаватым і прызначыў яму наступнае пакаранне:
- на падставе ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса – пазбаўленне волі на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў;
- па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса – пазбаўленне волі на тэрмін два гады і шэсць месяцаў.
Шляхам частковага складання пакаранняў суд прызначыў Завадскаму канчаткова тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.