viasna on patreon

"Вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць"

2023 2023-04-20T11:25:59+0300 2023-04-20T23:17:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_sud_prysud_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе ў 10:00 у адкрытым рэжыме адбудзецца разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе "Вясны". Нагадаем, пракурор прынёс пратэст на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка, якім тром палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу прызначаны жорсткія тэрміны ад 7 да 10 гадоў калоніі. Пракурор Аляксандр Кароль запрашваў большыя на два гады кожнаму тэрміны зняволення і больш буйныя штрафы, але суддзя Марына Запаснік пастанавіла іншы прысуд. Разглядаць скаргі і пракурорскі пратэст будзе калегія пад старшынствам суддзі Святланы Бандарэнка. Напярэдадні апеляцыі мы пагутарылі з юрыстам "Вясны" наконт крымінальнай справы супраць нашых калегаў.

Суд па "справе Вясны", 3 сакавіка 2023 года
Суд па "справе Вясны", 3 сакавіка 2023 года

Апеляцыю па справе "Вясны" прызначылі на 21-е красавіка, як вы лічыце, пра што гэта можа сведчыць?

Гэта, безумоўна, вельмі хутка, менш за два месяцы, з моманту абвяшчэння прысуду. Тут нам ёсць з чым параўнаць. Напрыклад, у красавіку-траўні разглядаюцца абласнымі судамі апеляцыі на прысуды па дыфамацыйным складам Крымінальнага кодэкса, якія былі вынесены ў студзені-лютым. Але ў справе пра абразу прадстаўніка ўлады, праваахоўных органаў можа быць як адзін, так і некалькі эпізодаў. У любым выпадку, гэта некалькі тамоў крымінальнай справы.

У справе "Вясны" 284 тамы. Ведаючы сваіх калегаў, упэўнены, што яны гэтаксама, як і дзяржаўнае абвінавачанне, абскардзілі прысуд. Нягледзячы на тое, што абскарджанне прысуду па палітычнай справе цяпер не з'яўляецца эфектыўным сродкам прававой абароны, яны будуць гэта рабіць для таго, каб яшчэ раз заявіць сваю пазіцыю — пазіцыю пратэсту супраць таго, што адбываецца з імі і вакол. На працягу судовага разбору мы назіралі, што вясноўцы займалі такую ж праактыўную пазіцыю на працэсе, як і на волі, ведучы праваабарончую дзейнасць. Гэта патрабаванне зняць кайданкі, гэта ацэнка працэсу як палітычна матываванага заказу, гэта неаднаразовае патрабаванне весці працэс на беларускай мове.

На абскарджанне прысуду даецца 10 дзён. На практыцы гэта адбываецца так: спачатку абаронца падае апеляцыйную скаргу, каб прытрымлівацца працэсуальных тэрмінаў, затым ён ці абвінавачаны падаюць дадаткі да скаргі, дзе больш дасканала ідзе абгрунтаванне прававой пазіцыі. Паміж абвяшчэннем прысуду і разглядам яго апеляцыйнай інстанцыяй усяго паўтара месяца. Нам гэта дазваляе зрабіць вывад пра тое, што нашыя калегі пазбаўлены неабходнага для такой колькасці тамоў часу, каб зрабіць ацэнку ўсіх закладзеных у аснову прысуду доказаў, вынікаў следства і суда, а таксама прывесці сваю аргументацыю.

Таму пакуль можна зрабіць вывад пра тое, што ўлады паказваюць такім чынам, што сцэнар па справе "Вясны" яны будуць граць па свайму плану, у іх інтэрпрэтацыі гэта можна тлумачыць як тое, што стратэгічная ініцыятыва належыць таму, хто гэтыя рэпрэсіі развязаў.

Якія краевугольныя моманты можна назваць у справе па выніках судовага разгляду ў першай інстанцыі?

Мне б хацелася звярнуць увагу на тыя моманты, якія засталіся без публічнай увагі, але якія шмат у чым пасылаюць сігнал грамадству пра тое, што да голасу праваабарончых арганізацый неабходна прыслухоўвацца і ў такія часы, калі няма ні піка натхнення ў грамадстве, ні напалу рэпрэсій.

Для пачатку, гэта правіла пра прэюдыцыяльнае значэнне прысуду ў дачыненні да Леаніда Судаленкі, які ўступіў у сілу. Гэтае правіла пра тое, што прысуд па іншай крымінальнай справе, які набыў законную моц, абавязковы для органа, які вядзе крымінальны працэс, пры вытворчасці па крымінальнай справе ў дачыненні як устаноўленых абставінаў, так і іх юрыдычнай ацэнкі. Мы ўжо ў сярэдзіне працэсу назіралі перадвызначанасць той часткі крымінальнай справы, якая тычылася абвінавачвання па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. На правіла пра прэюдыцыю спасылаўся пракурор і падчас спрэчак.

Хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў справе ёсць доказ, які называецца справай аператыўнага ўліку. Яго неабходна разбіраць з пункту гледжання стандартаў правоў чалавека. І нацыянальнае заканадаўства, якое рэгулюе дадзенае мерапрыемства аператыўна-вышуковай дзейнасці, выбудавана такім чынам, што ні абвінавачаны, ні яго абаронца не могуць аспрэчыць высновы суб'екта аператыўна-вышуковай дзейнасці ў сілу таго, што заканадаўствам да кола суб'ектаў, якія маюць магчымасць з ім азнаёміцца, не адносяцца ні адвакат, ні яго кліент. У справе нашых калегаў мы бачым, што суддзя рабіла перапынак для азнаямлення са справай аператыўнага ўліку, якая была складзеная ГУБАЗіК МУС. Пасля аднаўлення слуханняў суддзя абвясціла сваю выснову пра тое, што парушэнняў заканадаўства пры вытворчасці аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў не выяўлена. Засталося загадкай і тое, што нам не вядома, якія мерапрыемствы засталіся за сямю пячаткамі.

Па сутнасці, гэты прыклад паказвае парушэнне прынцыпу роўнасці бакоў, паколькі бок абвінавачаных і абаронцаў быў пазбаўлены істотнай часткі працэсуальных правоў, бок жа абвінавачвання і суд па сутнасці ўжо звязаны довадамі гэтай справы аператыўнага ўліку. Прынцып роўнасці бакоў патрабуе, каб кожнаму боку была прадастаўлена магчымасць аспрэчыць усе довады і доказы, прадстаўленыя іншым бокам. У гэтым угледжваецца і адсутнасць спаборнасці працэсу.

Што яшчэ звяртае на сябе ўвагу, дык гэта дакументы, пакладзеныя ў аснову абвінавачвання, якія тычацца перыяду, які не ўваходзіць у даты, названыя ў абвінавачванні. У ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы можна было са здзіўленнем даведацца, што ў справе маюцца нейкія распіскі за 2009 год, гранты за 2015 год, аднак якую "каштоўнасць" для следства і пракуратуры яны маюць, не зусім зразумела. Дзяржаўны абвінаваўца, зачытваючы тамы крымінальнай справы, спаслаўся на правіла аб тым, што ўсе сумневы тлумачацца на карысць абвінавачаных, таму з 17 "здабытых" следствам грантаў у аснову абвінавачвання былі пакладзены 11, пры гэтым гранты, якія тычацца перыяду 2016 года, былі выключаныя з абвінавачвання і калькуляцыі шкоды, паколькі, паводле правіла пра прэзумпцыю невінаватасці, яны маглі быць атрыманы як да крыміналізацыі дзеяння пра кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (4 красавіка 2016 года), так і пасля.

На мой погляд, дзеянні дзяржаўнага абвінавачвання былі прадыктаваныя меркаваннямі такім чынам "даказаць" устойлівы характар арганізаванай групы, яе сістэмнасць, бо трэба было прыцягнуць за вушы кваліфікуючую прыкмету ўстойлівасці групы. Які гэта сігнал грамадству? Калі глядзець рэтраспектыўна, выходзіць, што ў тыя часы, якія ацэньваліся як перыяд лібералізацыі, дзяржава не бачыла ў праваабаронцах паўнавартасных партнёраў, хоць і запрашала іх на афіцыйныя мерапрыемствы і публічныя пляцоўкі. Вясноўцы яшчэ задоўга да 2020 года ўвесь час заяўлялі пра высокі рэпрэсіўны патэнцыял нацыянальнага заканадаўства, пра "фасадную дэмакратыю", якую ўлады прадавалі Захаду як астравок стабільнасці ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, змясціўшы акцэнты з сітуацыі з правамі чалавека на пытанні бяспекі і стабільнасці.

Як толькі ў грамадстве рубам паўстала пытанне пра змяняльнасць ўлады, дэмакратычныя змены, пра патрабаванне пачуць голас большасці, у ход пайшоў шырокі арсенал рэпрэсіўных інструментаў, якія чакалі свайго часу. І за няпоўныя тры гады мы ўбачылі, што тыя, каго ўлада трымала пад пільным кантролем, сталі "тэрарыстамі", "здраднікамі", "шпіёнамі", "дыверсантамі" і "кантрабандыстамі". У нейкай ступені само грамадства недаацаніла аналітычны патэнцыял і не прыслухалася да голасу праваабарончай супольнасці, таму што, пры ўнясенні правак у заканадаўства, "Вясна" займала праактыўную пазіцыю заўсёды, дэманструючы гатоўнасць да дыялогу з уладамі, патрабуючы таго, каб любыя праўкі былі скіраваныя на захаванне правоў чалавека, пашырэнне магчымасцяў для іх рэалізацыі.

Праваабаронцы, як паказаў час, мелі ўсе падставы крытыкаваць крымінальна-прававую палітыку ўладаў, заклікаючы іх фармаваць заканадаўчыя канструкцыі і апісанне крымінальных дзеянняў такім чынам, каб выключыць максімальна шырокае тлумачэнне складу злачынства, калі пад крыміналку можна падцягнуць усё, што заўгодна. "Вясна" і ў перыяд 2021-2022 гадоў, калі гайкі сталі закручваць яшчэ мацней, заклікала ўлады праводзіць крымінальна-прававую палітыку, арыентаваную, перш за ўсё, на падыход, заснаваны на правах чалавека. Заканадаўчыя канструкцыі складаў злачынстваў аб тэрарызме, здрадзе дзяржаве, кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў павінны быць накіраваны на максімальнае звужэнне ацэначных паняццяў, якія могуць у правапрымяняльнай практыцы прывесці да шырокага вызначэння прыкмет злачынства.

У апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў да шырокага грамадскага дыялогу, накіраванага на нацыянальнае прымірэнне. Што стаіць за гэтым заклікам?

Апошняе слова Алеся заслугоўвае таго, каб яго прамова цалкам увайшла ў падручнікі гісторыі для тых, хто з непадробнай дапытлівасцю будзе цікавіцца падзеямі перыяду 20-х гадоў ужо XXI стагоддзя. У гэтай глыбокай і змястоўнай прамове і ёсць увесь Алесь, якім мы яго ведаем ужо даўно. Гэта мудры чалавек, дальнабачны і таленавіты стратэг.

У незалежных сродках масавай інфармацыі Юры Дракахруст падняў дыскусію пра тое, што стаіць за гэтым заклікам нобэлеўскага лаўрэата да дыялогу, накіраванага на нацыянальнае прымірэнне. Я думаю, што прамове Алеся не было нададзена дастаткова ўвагі, хоць менавіта Алесь заклікаў да дыялогу і прымірэння яшчэ ў 2020 годзе, у прыватнасці, пасля трагічных падзей на "Плошчы пераменаў".

Праслухоўваючы апошняе слова Алеся, я лаўлю сябе на думцы, што праваабаронца адказваў на пытанне пра тое, да чаго мы ідзем, да чаго ідуць бясконцыя рэпрэсіі. І калі ўслухацца ў словы паміж радкоў, то можна ўбачыць глебу для рэфлексіі тым суб'ектам, якія граюць сёння ключавую ролю ва ўладзе. Алесь Бяляцкі прыводзіць гістарычныя прыклады, калі назіралася вялікая колькасць палітычных вязняў у краіне на розных этапах развіцця. Алесь у сваёй прамове паказвае на тое, што небывалы размах рэпрэсій можна параўнаць з перыядам царскай Расіі і сталінскім перыядам. Царская Расея ўпадзе, будзе шмат кровапраліцця і ахвяр. Перыяд сталінскіх рэпрэсій па сутнасці закладзе перадумовы да эканамічнай стагнацыі і неэфектыўнага кіравання рэсурсамі, а затым і распаду Савецкага Саюза. Наступствы распаду СССР мы яшчэ перажываем, назіраючы за балючай трансфармацыяй улады ў Казахстане, канфліктам паміж Азербайджанам і Арменіяй, поўнамаштабнай вайной Расеі ў дачыненні да Украіны, паўзучай здачай суверэнітэту ўладамі Беларусі Крамлю, а таксама заявамі пра вяртанне ў нашу краіну тактычнай і стратэгічнай ядзернай зброі. Такім чынам, вялікую колькасць палітычных зняволеных можна ахарактарызаваць як сімптом таго, што сённяшняя беларуская сацыяльная мадэль нездаровая, паколькі ў адносінах улады і грамадства, дзяржавы і індывіда ёсць вялікія праблемы.

Таму за заклікам да дыялогу стаіць спроба абарваць улады Беларусі, паставіць на першае месца чалавека, яго правы і свабоды, а таксама зазірнуць далёка наперад развіцця чалавецтва. Алесь Бяляцкі ўвесь час казаў пра тое, што "жыццё не стаіць на месцы, ідзе наперад". Таму словы Алеся можна ацэньваць і як усведамленне таго, што прымітывізацыя дзяржаўнага кіравання, якое праводзіць палітыку катаванняў, адвольных затрыманняў, варварскіх тэрмінаў па палітычна матываваных справах, імкліва апускае нас у феадальную эпоху. Пры гэтым увесь свет ідзе ў бок постіндустрыяльнай эпохі, дзе палітыка пугі і палкі, страху і рэпрэсій прайгравае канцэпцыі, у цэнтры якой знаходзіцца свабодная і матываваная чалавечая асоба, якая з'яўляецца галоўнай прадукцыйнай сілай.

У канцы сакавіка міністр замежных спраў Польшчы падчас сустрэчы з жонкай заснавальніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталляй Пінчук запэўніў яе ў тым, што Польшча зробіць усё, каб у бліжэйшы час Алесь Бяляцкі выйшаў на волю. Наколькі верагодным у бліжэйшы час з'яўляецца дасягненне гэтай мэты?

Апошнім часам мы назіраем, што вызваленне палітычных зняволеных з'яўляецца прадметам непублічных перамоваў паміж афіцыйным Мінскам і Варшавай. Мы са стрыманым аптымізмам успрынялі навіны пра памілаванне шэрагу фігурантаў крымінальнай справы TUT.BY і пра спыненне крымінальнага пераследу кіраўніка Саюза палякаў. Падчас паслання народу і парламенту Аляксандр Лукашэнка закрануў лёс Анджэя Пачобута і магчымы абмен у выглядзе яго вызвалення на пэўныя саступкі з польскага боку.

Пра што гэта кажа? Калі беларускія ўлады на цалкам кантраляваным імі афіцыйным мерапрыемстве пачынаюць у публічную прастору трансляваць меркаванні аб магчымым вызваленні Анджэя Пачобута, гэта сведчыць пра тое, што ў найбліжэйшым атачэнні Аляксандра Лукашэнкі некаторы час ідзе дыскусія пра лёс палітвязняў, пралічваюцца розныя варыянты развіцця падзей, а таксама які эфект гэта прынясе афіцыйнаму Мінску. На дадзены момант рыторыка ўладаў зводзіцца да таго, што за вызваленне знакавых фігур, такіх як Анджэй Пачобут або Алесь Бяляцкі, беларускія ўлады будуць патрабаваць максімальных выгод ад польскіх уладаў.

Можна меркаваць, што хутчэй за ўсё беларускія ўлады ў якасці патрабаванняў могуць выстаўляць тое, на што наўрад ці пойдзе польскі бок – гэта разварот палітыкі Польшчы ў дачыненні да беларускіх уладаў на 180 градусаў у выглядзе адмены санкцый, спынення крытыкі, выкліканай парушэннямі правоў чалавека, лабіраванне сектаральных інтарэсаў беларускай эканомікі на заходніх пляцоўках. Па сутнасці, гэта сутыкненне двух абсалютна розных філасофій і светапоглядаў, дзе ў аднаго боку ў цэнтры знаходзяцца каштоўнасці правоў чалавека, інтарэсы польскай меншасці ў Беларусі, гісторыка-культурныя аб'екты, а ў другога – імгненныя інтарэсы і выгады, дасягненне якіх надасць імпульс у падтрыманні жыцця рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Таму прагназаваць пэўныя рэчы не ўяўляецца магчымым, тут толькі можна яшчэ раз звярнуцца да прамовы Алеся Бяляцкага ў апошнім слове. Там ён акцэнтуе ўвагу на тым, што пытанні эканомікі, геапалітыкі, рэпрэсій і правоў чалавека вельмі цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. На сённяшні дзень беларусы з'язджаюць са сваёй краіны ў Польшчу ў пошуках лепшай долі і ўмоў развіцця, і гэты працэс за апошнія два з паловай гады толькі набірае абароты. Мне ўяўляецца важным звярнуць увагу на тое, што як мага больш хуткае вызваленне такой знакавай фігуры, як Алесь Бяляцкі, створыць перадумовы для магчымага аднаўлення балансу ў грамадстве, прадэманструе дальнабачнасць беларускіх уладаў. Голас людзей, якіх грамадства асацыюе з сумленнем беларускай нацыі, будзе важным напрамкам захавання незалежнасці Беларусі, і гэтая праблема сёння шмат у чым упіраецца ў палітычную волю ўладаў.


Коратка пра судовы працэс па справе "Вясны"

Суд па "справе Вясны", студзень 2023 года
Суд па "справе Вясны", студзень 2023 года

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня 2023 года амаль два месяцы разглядала суддзя Марына Запаснік. Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы "дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ "Вясна", а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання". Паводле матэрыялаў справы, "яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ "Вясна", незарэгістраванага фонду "BY_HELP", у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года". У прыватнасці, праваабаронцаў вінавацілі ў аплаце штрафаў рэпрэсаваным, рахункаў за харчаванне ў ізалятарах і працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй.

У матэрыялах справы 284 тамы. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце "Вясны" і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі "Вясны" па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) – незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. 

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні.

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

“Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.

Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары":

"Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію".

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям. 

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі".

Пад вартай праваабаронцы ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.


Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Чытаць пра суд:

"Стварылі ўнікальную справу. І што гэта, як не палітычны падтэкст?" Па справе "Вясны" дапыталі праваабаронцаў

"Вясна" распавядае, як праходзіў допыт калегаў на судзе.

Праслухоўка ў СІЗА і "аператыўная распрацоўка" праваабаронцаў з 2020 года. Па справе "Вясны" скончылі вывучаць 284 тамы

Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў па справе "Вясны" скончылася — агучаны ўсе 284 тамы. Распавядаем, што змяшчаецца ў пісьмовых матэрыялах справы.

"Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!" Праваабаронцы "Вясны" выступілі на судзе з апошнімі словамі

Публікуем апошнія словы на судзе нашых калегаў — у аўдыё і тэкставай версіях, а таксама працягваем патрабаваць іх вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства