viasna on patreon

Затрыманне футбольнага фаната, новы "тэрарыст": хроніка пераследу 21-23 красавіка Дапоўнена

2023 2023-04-23T10:30:00+0300 2023-04-24T09:12:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vinel-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-23 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы фанат ФК «Дынама-Мінск» Павел Вінэль

На «пакаяльным відэа» 32-гадовы хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах, прытрымліваўся ўльтраправых поглядаў, пакідаў абразлівыя каментары, а таксама нібыта захоўваў дома партрэт Гітлера.


Да сваякоў былога палітвязня і ягонай жонкі прыходзілі міліцыянты

У Кобрыне супрацоўнікі органаў (невядома якога ведамства, бо не прадставіліся) прыходзілі да сваякоў былога палітзняволенага Віталя Жука і ягонай жонкі Маргарыты Касабуцкай, якія ўжо як некалькі месяцаў таму з дзецьмі пакінулі Беларусь. Міліцыянтаў з Брэста цікавіла кватэра, у якой жыла сям’я, і маёмасць у ёй. Яны правялі агляд кватэры і пафатаграфавалі яе.

Віталь распавядае, што супрацоўнікі ведалі ўсе інтэрв’ю, якія ён даваў пасля вызвалення, а таксама казалі, што яго пазбавяць грамадзянства. Былы палітвязень тлумачыць такую цікавасць супрацоўнікаў магчымасцю распачынання ў адносінах да яго спецвытворчасці па крымінальнай справе.

Віталя асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі за каментар пра Лукашэнку. Мужчына цалкам адбыў свой тэрмін, а пасля вызвалення разам з сям'ёй пакінуў Беларусь.


Міністэрства інфармацыі падало пазоў супраць выдавецтва Змітра Коласа

Справу будзе разглядаць Эканамічны суд Менску. Пасяджэнне адбудзецца 2 траўня, на ім могуць ануляваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца.

Паводле інфармацыі БАЖ, падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакумэнтаў — «„Вызваленыя“ i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў».

Выдавецтва Змітра Коласа — адно з галоўных у Беларусі ў сферы папулярызацыі перакладной сусветнай літаратуры.


Палітвязня, асуджанага да 11 гадоў калоніі, унеслі ў «тэрарыстычны спіс»

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча Віктара Савашэвіча.

У студзені ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме мужчыну асудзілі паводле ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (Саўдзел у распальванні варожасці) КК. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў Віктару 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Віктар Савашэвіч

Савашэвічу паставілі ў віну стварэнне і адміністраванне канала ў Тэлеграме «23.34», у якім размяшчалася інфармацыя пра беларускіх суддзяў.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1040 чалавек, з іх 292 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1047 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


У Оршы і Талачыне працягваюць судзіць за распаўсюд “экстрэмісцкіх” матэрыялаў

У Аршанскім судзе чарговы адміністрацыйны працэс адбыўся 7 красавіка. Аршанец, знаходзячыся ў іншым горадзе, у Instagram апублікаваў матэрыял сайта Zerkalo (былы Tut.by). У выніку мужчыну абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі і асудзілі на 25 базавых велічынь.

Тое ж самае абвінавачванне прад'явілі жыхарцы Талачына, якая яшчэ ў 2020 годзе перапосціла з “экстрэмісцкага” чату інфармацыю ў  тэлеграм. Талачынскі суд пакараў жанчыну на 7 сутак арышту.


За пяць улётак канфіскавалі аўтамабіль

Суд Пастаўскага раёна канфіскаваў у мясцовага жыхара аўтамабіль за распаўсюд "экстрэмісцкіх" улётак. Пра гэта паведамляе "Віцебская Вясна".

Праваабаронцы пішуць, што сілавікі знайшлі ў бардачку аўтамабіля Volkswagen Bora, які належыць мужчыну, 5 улётак з інфармацыяй пра НАУ.

За гэта суддзя Наталля Максімавіч аштрафавала яго на 740 рублёў і вынесла рашэнне аб канфіскацыі аўтамабіля.


У Мінску затрымалі хлопцаў, што запалілі жоўта-блакітныя фаеры

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што 16 красавіка ў Мінску на вуліцы Ложынскай затрымалі двух хлопцаў. Паведамляецца, што яны запусцілі некалькі салютаў, а потым запалілі жоўта-блакітныя фаеры. Праз некаторы час іх затрымалі сілавікі.

Далейшы лёс хлопцаў пакуль невядомы.


У Віцебску наўпрост на працы затрымалі жанчыну

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што сёння на працоўным месцы затрымалі жыхарку Віцебска Іну Хадарэнка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яе абвінавачваюць паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).

Вядома, што жанчына знаходзіцца ў РАУС Першамайскага раёну Віцебска.


Затрымалі музыку за песню «Стоп таракан»

У тэлеграм-канале сілавікоў з'явілася відэа з мужчынам, які кажа, што напісаў песню «Стоп таракан».

Яму закідаюць публікацыю песні на ютуб-канале, а таксама абразы прадстаўнікоў улады ў інтэрнэце.

Як піша Reform, гаворка ідзе пра гітарыста Руслана Хлебародава.


У Докшыцах зноў хапун за „экстрэмісцкія матэрыялы”

У Докшыцах затрымліваюць людзей па артыкуле 19.11 (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), піша Беларускае Радыё Рацыя.

Пра гэта паведамляе краязнаўца Кастусь Шыталь. Паводле яго інфармацыі, за апошні час пратаколы былі складзеныя на Сяргея Парцянку, Анатоля Шароха, таксама затрымалі Сяргея Дваяжонава.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства