viasna on patreon

"Яшчэ ні адзін "хатні хімік" спакойна не дасядзеў свой тэрмін". Чаму "хатняя хімія" – не квіток на волю?

2023 2023-04-24T09:30:00+0300 2023-04-25T18:53:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/iljustracyja_khatnjaja-khimija_volha-prankevicz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У краіне не сканчаецца чарада палітычна матываваных крымінальных справаў. Беларусам і беларускам працягваюць прысуджаць доўгія гады зняволення за спробу адкрыта выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Некаторым з іх "шчасціць" атрымаць "хатнюю хімію" — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Але ці з’яўляецца сёння, ва ўмовах безупынных рэпрэсій, "хатняя хімія" квітком на волю?

"Вясна" тлумачыць, чаму гэта зусім не лагодны від пакарання, як улады робяць немагчымым яго "спакойнае" адбыванне, а таксама як цяпер можна падтрымаць людзей на "хатняй хіміі".

iljustracyja_khatnjaja-khimija_volha-pra
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Статыстыка

Паводле звестак ПЦ “Вясна”, пачынаючы з 2020 года да “хатняй хіміі” асуджана не меней за 822 чалавекі, з іх 325 – жанчыны. Часцей за ўсё беларусаў асуджаюць да абмежавання волі за актыўны ўдзел у грубым парушэнні грамадскага парадку (ч. 1 арт. 342 КК), за абразу Лукашэнкі (ч.1 арт. 368) або прадстаўніка ўлады (арт. 369). Але варта адзначыць, што паміж названымі артыкуламі і відам пакарання няма прамой залежнасці і ў падобных палітычна матываваных справах часта прысуджаюць пазбаўленне волі ў калоніі.

Палітычным вязням увесь час узмацняюць умовы адбывання “хатняй хіміі”

Пасля асуджэння да абмежавання волі і набыцця прысудам моцы вязень становіцца на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Інспектар вызначае асуджанаму, калі ў таго будзе вольны час. Калі вязень не на пенсіі і не мае інваліднасці, то абавязкова мусіць працаўладкавацца. Таксама штотыдзень вязні мусяць хадзіць у інспекцыю на рэгістрацыю – адзначацца.

Як распавядаюць асуджаныя да "хатняй хіміі", інспектары без тлумачэння прычынаў скарачаюць ім колькасць вольнага часу на дзень. Да вязняў значна часцей прыходзяць дамоў з праверкамі. Правяраць прыязджаюць прадстаўнікі самых розных ведамстваў: КДБ, АМАП, РАУС, Дэпартамент аховы. Шчыраванне некаторых пакідае шмат пытанняў аб рацыянальнасці і неабходнасці іх дзеянняў. Так, напрыклад, амапаўцы ў поўнай амуніцыі ноччу прыязджаюць праверыць, ці знаходзіцца дома жанчына сталага веку. Або супрацоўнікі КДБ у цывільным і са зброяй (таксама пад ноч) прыязджаюць з візітам, наводзяць шуму і будзяць усіх суседзяў. Падобныя празмерныя дзеянні з’яўляюцца элементам запужвання палітычных вязняў.

Паводле "хатніх хімікаў", падчас працэдуры рэгістрацыі ў іх збіраюць тэлефоны, на якія ўсталёўваюць адмысловы тэлеграм-бот "Магніт", што збірае асабістыя даныя і падпіскі ўладальніка тэлефона. Там вязняў нярэдка абражаюць і правакуюць, фіксуюць надуманыя парушэнні, за якія пасля ім прысуджаюць адміністрацыйны арышт.

Змяняюць умовы “хатнім хімікам”, якія пражываюць у прыватных дамах. Раней яны маглі выходзіць на панадворак у неабмежаваны час. Цяпер, паводле інфармацыі “Берасцейскай Вясны”, “палітычным” даюць падпісаць паперы аб змене ўмоў адбыцця “хатняй хіміі”. Згодна з імі пакідаць свой дом можна толькі ў межах тых гадзін, у якія дазваляецца выходзіць у горад. То бок выходзіць ва ўласны двор у любы момант забараняецца, гэта будзе лічыцца парушэннем умоў адбыцця пакарання. Знаходзіцца ў двары дазваляецца толькі ў межах вольных гадзін, у якія можна выйсці на вуліцу (у краму, на пошту і г. д.).

Асобна трэба адзначыць змены ў крымінальным заканадаўстве. У 2021 годзе ў Крымінальны кодэкс унеслі шэраг паправак, згодна якім з яго выключылі арт. 415 (Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі).

Вязні, асуджаныя на “хатнюю хімію”, мусяць прытрымлівацца шэрагу правілаў, за парушэнні якіх ім прызначаюць спагнанне. Пасля вынясення трох спагнанняў, вязню аб’яўляюць афіцыйнае папярэджанне. Калі пасля папярэджання асуджаны зноў здзяйсняе парушэнне цягам году, яму праз суд змяняюць пакаранне на больш жорсткае.

Юрыст “Вясны” адзначае, што такія змены накіраваныя на спрашчэнне парадку ўзмацнення пакарання:

“Калі казаць спрошчана, сутнасць зменаў у тым, што раней трэба было ўзбуджаць асобную крымінальную справу. Цяпер працэдуру ўзмаценння пакарання спрасцілі, “прыбраўшы” з яе працэс следства, і проста ў парадку адміністрацыйнай працэдуры робяць пакаранне больш жорсткім.

Нельга выключаць, што раней следчыя і суддзі маглі “адсейваць” частку справаў на ўзмацненне пакарання. Абмінаючы следчы камітэт і паўнавартаснае судовае разбіральніцтва, міліцыя спрасціла сабе задачу ў рэпрэсаванні палітычных вязняў”.

Колькасць і час праверак “хатніх хімікаў” вельмі адвольныя. Вязень і днём, і ноччу знаходзіцца ў стане чакання няпрошаных “гасцей”. Праверкі часам абцяжарваюцца яшчэ і правакацыямі з боку міліцыі. Так, праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі правяраючыя з розных сілавых ведамстваў грукаюцца ў дзверы і адразу ж сыходзяць, пазначаючы, што вязня быццам не было дома. Чалавек мусіць паспець імгненна зрэагаваць на візіт і аператыўна адчыніць дзверы. “Хатнія хімікі” вымушаныя ўсталёўваць камеры відэаназірання, каб дадаткова сябе абараніць і прадухіліць правакацыі.

Раптоўнасць праверак нагадвае паветраную трывогу. Аднак праверка – гэта не жыццёвая неабходнасць, але напамін, што нават тваё прыватнае жыццё часткова кантралюе ўлада.

Некалькі вязняў на ўмовах ананімнасці распавялі, як праходзяць іх дні падчас “хатняй хіміі”.  

“За два гады ператварыўся ў старыка”

“Я цяпер на пенсіі. З яе вылічваюць пэўны адсотак на аплату штрафа, які мне прысудзілі разам з абмежаваннем волі. Пасля дыверсіі ў Мачулішчах колькасць праверак значна павялічылася. Міліцыянты хадзілі штодня. Да падзеі правяралі недзе раз на два тыдні.

Міліцыянты сталі правяраць тэлефон і камп'ютар: падпіскі на каналы, гісторыю браўзера. Раней такога не было. Такі звышпільны кантроль моцна псіхалагічна цісне. Да таго ж, цяпер маю ўсяго гадзіну ў дзень вольнага часу.

Жыць у такой напрузе, асабліва ўлічваючы мой век, даволі цяжка. Рэжым моцна адбіваецца і на здароўі. Пагоршылася сэрца. Вельмі хутка псуецца памяць. За два гады ператварыўся ў старыка”.

“На Дзень Волі да мяне прыходзілі больш за пяць разоў”

“Я быў вымушаны выдаліць амаль усе ліставанні, бо міліцыянты падчас праверак пачалі правяраць мабільныя тэлефоны. Што да праверак, то апошнім часам іх значна паболела. А на Дзень Волі, 25 сакавіка, да мяне прыходзілі больш за пяць разоў”.

 “Не толькі я сяджу, але і маё дзіця сядзіць”

“З праверкамі прыходзяць не паводле нейкага пэўнага раскладу. Бывае, што правяраць прыходзяць. Быў выпадак, што мяне за ноч двойчы наведвалі. Часам прыходзяць штодзень, здараецца, што запар некалькі дзён увогуле нікога няма. Гэтая несістэмнасць моцна цісне і робіць адбыванне “хатняй хіміі” вельмі няпэўным.

Таксама маё месцазнаходжанне сталі правяраць па даных білінга тэлефона. Пра маю адсутнасць дома мне казаў інспектар падчас рэгістрацыі. Хаця ў той момант я, паводле раскладу, меў вольныя гадзіны.

Як я кажу, што не толькі я сяджу, але і маё дзіця сядзіць. Яно непоўнагадовае. Каб пайсці гуляць на вуліцу, трэба суправаджаць. А ў мяне толькі дзве гадзіны вольнага часу на дзень. Часам даводзіцца прасіць аб дапамозе суседзяў.

Штотыдзень я хаджу на рэгістрацыю. Падчас адной з іх міліцыянт спытаў у мяне, ці буду я яшчэ выходзіць (удзельнічаць у акцыях пратэсту – заўв. рэд.). Я адказаў станоўча. За гэта прысудзілі суткі. Іншы супрацоўнік мне сказаў: “Калі ты марыш пра лагодныя ўмовы, то ведай: яшчэ ні адзін “хатні хімік” спакойна не дасядзеў свой тэрмін”.

Я нават спрабаваў запісацца ў аўташколу – таксама забаранілі. Нават вучыцца нельга. Нам усё забаронена.

Мае дзве вольныя гадзіны на дзень сканчваюцца задоўга да таго, як трэба забіраць дзіцёнка з садка. А ніхто, акрамя мяне, гэтага не зробіць. Таму, калі выходжу, пакідаю тэлефон дома, каб мяне не адсачылі. Забіраю з дзіцячага садка і бягом да хаты. На маю просьбу да інспектара падоўжыць ці перанесці вольны час мне адмовілі. Сказалі, трэба было раней думаць.

Падчас рэгістрацыі міліцыянты ладзяць выхаваўча-ідэалагічныя лекцыі. На адной з іх дэманстравалі партрэт Лукашэнкі, выбарачна падымалі прысутных і пыталі: “Хто гэта? Што ён для вас значыць?”. Адзін з вязняў так і сказаў, што ў школе яму гэтыя звесткі не выкладалі, таму ён не ведае”.  

“Прачынаюся раніцай і першай справай узгадваю, які сёння дзень тыдня і што мне ў яго дазволена”

“Ёсць такі дакумент “Постановление об установлении ограничений”. У ім прапісаныя правілы адбывання пакарання. Але самае цікавае, што гэты дакумент не выдаюць на рукі. Калі ты прыходзіш у інспекцыю, мусіш азнаёміцца і падпісаць гэты дакумент. Пазней я прасіла даць мне копію, каб падрабязней з ім азнаёміцца, але мне адказалі, што ён прызначаны для службовага карыстання. Таму штораз, ідучы ў інспекцыю, я бяру паперу з асадкаю і фіксую змест усіх дакументаў, якія мне даюць на подпіс”.

“Я ўвесь час падлічваю кожную вольную хвіліну”

“Самае складанае, што інспекцыя нічога не тлумачыць. На маю просьбу дазволіць наведванне лекара кажуць, што начальства няма і прапануюць чакаць. А ў мяне толькі дзве гадзіны вольнага часу. І я не ведаю, ці можна мне чакаць долей. Прашу ў іх дазвол — мне кажуць, каб напісала заяву, на разгляд якой адводзіцца 15 сутак. Але ж я не магу так загадзя прадугледзець, калі ў мяне што забаліць. Я звяртаюся па дазвол сёння, каб заўтра пайсці да лекара.

Я прыходжу на прыём да лекара. А ў мяне сканчваецца вольны час. І я не ведаю, ці мне трэба тэрмінова бегчы дадому альбо я магу там затрымацца і мне потым не прызначаць за гэта парушэнне. Улічваючы, што мне ні за што далі тры парушэнні, я проста баюся зрабіць любы не ўзгоднены з інспектарам крок. Я ўвесь час падлічваю кожную вольную хвіліну”.

“Калі я хаджу адзначацца на рэгістрацыю, заўсёды надзяваю дадатковыя рэчы, бо не ведаю, ці мяне затрымаюць гэтым разам”

“На рэгістрацыю хаджу штотыдзень у пэўны дзень. Звычайна мне даюць журнал, дзе я стаўлю подпіс і дату. Таксама тэарэтычна вязні могуць звяртацца ў гэты дзень да інспектара па пытаннях. Але ж, вядома, ніхто нам там нічога не тлумачыць. Апошнім часам падчас рэгістрацыі са мною пачалі праводзіць выхаваўчыя гутаркі. Раней іх ніколі не было. На іх спрабуюць тлумачыць заканадаўства. Напрыклад, зачытваюць артыкул 55 КВК (Крымінальна-выканаўчага кодэкса). Апошнім разам інспектар мне сказала, што “праца – гэта важны фактар прадухілення злачынстваў. Я папрасіла яе чытаць па-беларуску, пасля чаго нашая гутарка скончылася. Рэгістрацыя – гэта і нагода сустрэцца і пазнаёміцца са “сваімі” (з іншымі асуджанымі да “хатняй хіміі” – заўв. рэд.).

Калі я хаджу адзначацца на рэгістрацыю, заўсёды надзяваю дадатковыя рэчы, бо не ведаю, ці мяне затрымаюць гэтым разам. Падчас “хатняй хіміі” вязень ніколі не ведае, чаго яму чакаць. Дома заўсёды стаіць падрытаваная торба з неабходнымі рэчамі: цёплае адзенне, лекі”.

“Калі на вуліцы праязджае машына, я адразу здрыгаюся і бягу да вакна правяраць, хто прыехаў”

“Першыя два месяцы “хатняй хіміі” праверак было вельмі шмат. Прыходзілі дзень і ноч. Пасля сціхлі. А з канца студзеня 2022 года зноў пачаліся шматлікія візіты. Так, за сакавік да мяне прыязджалі 61 адзін раз. У адзін дзень іх увогуле не было. У іншы – па пяць разоў правяралі.

Мы паставілі камеру відэаназірання, каб пазбегнуць правакацый з боку правяраючых. Пасля гэтага іх паводзіны значна палепшыліся. Супрацоўнікі адразу сталі паказваць па запыце свае пасведчанні і прадстаўляцца, вітацца і зычыць на развітанне добрай ночы.

Было некалькі выпадкаў, калі я ў камеру бачыла, што ля дзвярэй стаіць супрацоўнік і нібы націскае на званок, але гуку няма. Тады я выходзіла і пытала яго, навошта ён так робіць.

Падчас адной з праверак прыехаў нарад АМАПу. Адзін з іх заляцеў усярэдзіну і хацеў пайсці па пакоях. Я яму сказала: “Гэта дом, а не турма. Толькі я тут адбываю пакаранне, а іншыя людзі тут жывуць”.

Я дагэтуль не магу прызвычаіцца да праверак. Калі на вуліцы праязджае машына, я адразу здрыгаюся і бягу да вакна правяраць, хто прыехаў”.

Як сёння можна дапамагчы асуджаным да “хатняй хіміі”

Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук заклікае да падтрымкі асуджаных да "хатняй хіміі", падкрэсліваючы важнасць салідарнасці з усімі людзьмі, якія пацярпелі ад рэпрэсій:

"Трэба разумець, што "хатняя хімія" — гэта ніякае не больш мяккае ці лёгкае пакаранне, як спрабуюць паказаць суды і сілавыя ведамствы. Людзей судзяць за рэалізацыю сваіх грамадзянска-палітычных правоў і прызначаюць ім рэальнае пакаранне, якога не мусіць быць наогул. Гэта пакаранне невінаватых людзей, якія вымушаны праходзіць цяжкія выпрабаванні з пастаянным ціскам, начнымі праверкамі, ізаляцыяй, забаронамі на выезд і спатканняў з роднымі.

“Хатняя хімія” - вялікі стрэс, таму важна падтрымліваць людзей, якія засталіся ў Беларусі яе адбываць. Падтрымліваць іх прасцей, бо гэтыя людзі карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі і звязвацца можна наўпрост з чалавекам. Формаў салідарнасці вельмі шмат у межах вашых магчымасцяў. Падтрымка словам — гэта ўжо будзе вялікай справай. Можна аформіць дастаўку ежы ці таго, што патрэбна чалавеку, напрыклад, інструментаў для працы. Зрабіць гэта можна і з-за мяжы. Таксама можна выпісваць цікавую прэсу ці замаўляць кнігі. У многіх асуджаных да "хатняй хіміі" ёсць дзеткі, таму добрай падтрымкай будзе дапамога ў зборах да школы ці ў падрыхтоўцы да святаў. Шмат "хатніх хімікаў" займаюцца рамесніцтвам — замаўляйце іх вырабы.

Памятайце: салідарнасць мацней за рэпрэсіі, і гэта тое, што нас аб'ядноўвае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства