viasna on patreon

"Калі адказ не падабаўся, то білі". У СІЗА-1 падчас жорсткай праверкі збівалі вязняў

2023 2023-04-25T13:38:23+0300 2023-04-25T13:46:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valadarka_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Да праваабаронцаў "Вясны" звярнуўся былы вязень следчага ізалятара № 1, які стаў сведкам узмоцненай праверкі на "Валадарцы" ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці, якая суправаджалася жорсткімі ператрусамі ў камерах і збіццём зняволеных. Гэта падцвердзіў яшчэ адзін былы вязень. Адбылося гэта напачатку сакавіка гэтага года. Раней такая практыка не выкарыстоўвалася ў СІЗА-1. Публікуем, што вядома пра гэта.

CІЗА № 1 па вул. Валадарскага ў Мінску. Фота ПЦ
CІЗА № 1 па вул. Валадарскага ў Мінску. Фота ПЦ "Вясна"

Паводле былога вязня, 1 сакавіка ў некаторых камерах СІЗА-1 прайшлі ператрусы ("шмоны") "ў пошуках забароненых рэчаў". Іх праводзілі людзі ў чорных балаклавах без апазнавальных знакаў. Паводле яшчэ аднаго былога вязня, было каля чатырох супрацоўнікаў, меркавана, АМАПу. Камандаваў гэтым усім маёр Уладзімір Рабецкі. Былы вязень распавядае, што ўвесь час ім усіх палохаюць, але асабіста яго пабачылі толькі падчас гэтай праверкі.

"Шмон" пачаўся з залёту ў камеру некалькіх чалавек у чорных балаклавах — толькі адтуліны для вачэй былі і больш нічога. Яны былі без апазнавальных знакаў і без званняў".

Паведамляецца, што пры гэтым зняволеных збівалі.

"Білі тых, хто аказаўся бліжэй да супрацоўнікаў. Крычалі, каб мы апусцілі голавы ўніз і не глядзелі на іх, абражалі нецэнзурнай лаянкай. Потым загадалі хутка ўзяць рэчы і бягом па адным бегчы на прадол (калідор). Калі беглі, то нам таксама адвешвалі кухталёў. На прадоле загадалі стаць тварам да сцяны, апусціць голавы ўніз і не глядзець па баках. Калі бачылі, што наскі былі прыціснуты не ўшчыльную да сцяны, то білі па спіне. Пакуль даглядалі вязняў, аднаго з іх білі галавой аб сцяну".

Пасля гэтага, як распавядае былы вязень, іх заводзілі ў асобны пакой, дзе праводзілі асабістыя дагляды і дагляды рэчаў.

"На ўсе пытанні трэба было адказваць: "Да, гражданин начальник". Калі адказ не падабаўся, то білі. На "шмоне" пазабіралі рэчы на склад — некаторым не было нават у чым хадзіць на шпацыр".

Паводле былога вязня СІЗА-1, трымалі ўсіх тварамі да сцяны на калідоры ізалятара каля дзвюх гадзін.

"Потым па адным пад крыкі заганялі назад у камеру. Зайшлі і пытаюцца: "Есть ли жалобы на обыск?" Мы хорам адказваем: "Нет, гражданин начальник". А куды скардзіцца? Начальніку УДВП ці ў пракуратуру? Усё адно і тое — ніхто не будзе разбірацца".

Раней, як адзначае былы вязень, такіх ператрусаў са збіццём не было. Гэта яму падцвердзілі вязні, якія ўжо працяглы час утрымліваюцца ў СІЗА. Паводле яго афіцыйна шукалі лязо  станкі для галення. Па загадзе Рабецкага раней у вязняў СІЗА-1 іх забралі "ў мэтах прадухілення суіцыдаў".

"Іх потым выдавалі раніцай да 8:00, каб пагаліцца, а астатні час яны віселі каля дзвярэй звонку камеры. Але праблема тут у тым, калі прасілі станкі, то маглі даць не твой, а ў СІЗА ёсць людзі з ВІЧ і гепатытам. Людзі баяцца карыстацца станкамі, бо невядома, хто імі карыстаўся".

Калі ў вас ёсць інфармацыю пра такія праверкі ці іншыя формы ціску на вязняў у СІЗА-1, напішыце, калі ласка, нам у тэлеграме @Viasnainfo.

У СІЗА-1 існуе "прэс-хата"? Сабралі сведчанні былых вязняў

Былыя зняволеныя распавялі праваабаронцам, што ў СІЗА-1 "прэс-хатай" называюць камеру № 98.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства