viasna on patreon

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калоніі збіваў і душыў наглядчык

2023 2023-05-07T16:01:55+0300 2023-05-08T16:58:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kulsha_vitkory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. За паўгода ў зарэчанскай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгады ў ПКТ. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калоніі збівалі жанчыну, а праз некалькі галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ. "Вясна" распавядае, як на жанчыну ціснулі ў папраўчай калоніі, і ў якім цяпер стане знаходзіцца Вікторыя.

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псіхалагічны і фізічны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю логцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Жанчына некалькі разоў у калоніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэта ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

У калоніі палітзняволеную праз некаторы час пасля этапу змясцілі ў іншы атрад і перавялі на іншую працу з невыноснымі ўмовамі. Але начальнік калоніі Дзмітрый Курловіч адмовіў жанчыне ў пераводзе адтуль. Акрамя гэтага, Курловіч не рэагаваў і на ейныя скаргі на наглядчыка, які здзекваўся з яе.

Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся: яна схуднела да 57 кілаграмаў, мае паніжаны гемаглабін і тахікардыю. Лечаць яе "фоліевай кіслатой". Таксама яе перавялі на два тыдні на спецыяльную "дыету", пры якой даюць больш ежы, але пасля гэтага кроў не правяраюць.

Цяпер жанчына чакае разгляду апеляцыйнай скаргі ў гомельскім СІЗА-3. Але пасля апеляцыі Кульшу зноў перавядуць у Зарэчча. Таму Вікторыя хвалюецца за сваё здароўе і жыццё.

Нагадаем, палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію.

У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула. 

"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных

"Вясна" распавядае, у якіх умовах утрымліваюць палізняволеных жанчын у калоніі для "рэцыдывістак", хто адказвае за ціск на іх, і як улады працягваюць пераследаваць ужо асуджаных жанчын.

За паўгода ў новай калоніі Вікторыя адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары, а таксама яе змяшчалі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.

У лістах Віткторыя піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага году — "іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам".

У ПК-24 акрамя Вікторыі таксама ўтрымліваюцца Алена Маўшук і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх таксама аказваецца ціск. Паліна цяпер чакае разгляду чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК.


Заклікаем падтрымаць Вікторыю грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі:

СІЗА-3. 246003, Гомель, Кніжная, 1А

Вікторыя Аляксандраўна Кульша

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства