Новыя затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 14-16 траўня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-16 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхарку Гомеля Жанну Волкаву затрымалі наўпрост у школе
Жанна — маці двух непаўналетніх дзяцей. Па словах знаёмай затрыманай, міліцыя затрымала Жанну наўпрост у школе №63, куды жанчына прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці.
Цяпер Волкава знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Ёй інкрымінуюць арт. 130 КК («распальванне варожасці»), піша @flagshtok.
Паведамляецца, што ў 2020-ым годзе міліцыя затрымлівала Волкаву па адміністрацыйных артыкулах.
Андрэя Сцепаненку ў калоніі змяшчалі ў ШІЗА
У пачатку ліпеня 2022-га палітзняволенага Андрэя Сцепаненку накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, адразу па прыбыцці палітвязня пазбавілі перадачы. Пазней яго на тыдзень змяшчалі ў штрафны ізалятар.
Па інфармацыі @Grodno_grab, нядаўна Андрэя зноў адправілі ў штрафны ізалятар:
"Ну вось і стварыў сам сабе і "выхад з зоны камфорта", і інфаповад - скатаўся адпачыць на лецішчы на 10 содняў. Адляжаўся, памарыў аб мінулым і будучым, аб тым як хутка ўжо вызваленне, адпачыў…".
Нагадаем, Андрэя затрымалі ў лютым 2022 года — калі ён прымаў удзел у спаборніцтвах па многабор’і. 14 красавіка Андрэя асудзілі паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі).
Сілавікі затрымалі жыхара Брэстчыны за ўдзел у пратэстах і перасылку фота ваеннай тэхнікі
Паводле сілавікоў, мужчына ўдзельнічаў ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перадаў «звесткі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі прадстаўнікам экстрэмісцкага фармавання». За гэта яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі па арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Як паведаміла Берасцейская вясна, мужчына ў «пакаяльным відэа» кажа, што затрыманы за адпраўку тэлеграм-каналу «Рэальная Беларусь» фота перамяшчэння беларускай вайсковай калоны.
За ўдзел у пратэстах затрыманы трансгендарны мужчына Алег Заяц
Алег рамеснік — вырабляе бранзалеты і іншыя сувеніры, якія можна набыць у краме Свята-Елісавецінскага манастыра.
Як паведамляе @dissidentBY, затрыманне адбылося 29 сакавіка, як мяркуецца, за ўдзел у акцыях пратэсту. У кватэры быў праведзены ператрус супрацоўнікамі КДБ. Алег спачатку знаходзіўся некалькі тыдняў у СІЗА КДБ, затым — на экспертызе ў РНПЦ псіхічнага здароўя, цяпер пераведзены ў СІЗА-1.
Раней Алег неаднаразова затрымліваўся паводле палітычных артыкулаў. Ва ўсіх выпадках на знак пратэсту ён аб'яўляў і трымаў сухую галадоўку. Алег мае захворванне страўніка, а таксама праблемы з апорна-рухальным апаратам (ампутаваны пальцы на нагах).
Затрымалі мінскага відэографа Максіма Хекалу
Мужчына прафесійна займаецца стварэннем відэа і фотаздымкай — сярод яго кліентаў быў футбольны клуб «Крумкачы» (але хлопец там не працуе). Таксама Максім мае бізнэс па арэндзе касцюма панды для вечарын і іншых мерапрыемстваў, але час ад часу ладзіць з ім і дабрачынныя мерапрыемствы, да прыкладу, для дзіцячых дамоў.
Вядома, што Максіма затрымлівалі падчас "Марша адзінства" 6 верасня 2020 года. У відэа сілавікоў ён кажа, што пасля нібыта ладзіў «партызанскія» акцыі ў сваім двары і ваколіцах — вывешваў нацыянальныя сцягі і стужкі ў нацыянальных колерах. Калі верыць ГУБАЗіКу, на Максіма данёс нехта з суседзяў, піша "Наша Ніва".
Палітвязня Мікалая Статкевіча змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру
Жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла ў фэйсбуку, што праз 95 дзён поўнай невядомасці атрымала адказ ад адміністрацыі калоніі:
"36 спагнанняў, з іх 14 — ШІЗА (5 — за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, ў ШІЗА таксама, альбо толькі выйшаў. Чарговы раз пакараны знаходжаннем паўгады у той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у "звычайнай" калоніі. (Мінулыя паўгады расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што, калі не ў ШІЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.
Лішылі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе.
Лістоў, па-ранейшаму, няма. Зрэшты, мне адказалі, што мае лісты "апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны". І?.. Пра лісты Мікалая, увогуле, прамаўчалі. "Перапіска не забароненая".
Паліну Шарэнду-Панасюк працягваюць утрымліваць у ШІЗА
Пра гэта паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда:
"З Палінай зноў знікла сувязь, яна зноў у ШІЗА жаночай калоніі №24 (Зарэчча). Паліну кінулі ў карцар яшчэ 2 траўня, і па стане на 15 траўня яна яшчэ знаходзілася там. Адміністрацыя калоніі на развітанне вырашыла дадаткова паздзеквацца і давесці лік катавальных содняў у нечалавечых умовах да круглага ліку. За няпоўныя 11 месяцаў знаходжаньня ў калоніі Паліна 20 разоў каралася штрафным ізалятарам і агулам правяла там 200 содняў.
Бліжэйшымі тыднямі Паліна будзе этапавана у ІЧУ г. Рэчацы, дзе яе чакае ўжо новы суд і тэрмін. Але дакладная дата суду пакуль не вядома".
Нагадаем, у мінулым годзе яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. Нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо новую справу за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".
Дакладнае месцазнаходжанне і стан Віктара Бабарыкі дагэтуль невядомыя
Ні адна ўстанова сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, у тым ліку падведамасныя бальніцы, не можа ўзяць на сябе адказнасць і пацвердзіць, што Віктар знаходзіцца ў іх, піша @viktarbabarykaofficial.
Сёння адвакаты зноў паедуць у папраўчую калонію нумар 1 горада Наваполацк, дзе фармальна адбывае пакаранне Бабарыка, для атрымання інфармацыі. Сваякі працягваюць дабівацца асабістага прыёму ў начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
Нагадаем, два тыдні таму стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў бальніцу ў ноч з 24 на 25 красавіка — далейшае месцазнаходжанне палітвязня невядома.
У Горках схапілі аднаго з найлепшых барбераў Паўла Шакоўскага
Мужчыну вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгах і «зняважлівых каментарах» у бок міліцыі і Лукашэнкі. Сілавікі змусілі зняволенага распрануцца на відэа — сярод мноства татуіровак дэманструюць бела-чырвона-белыя.
Калі Паўла затрымалі і што яму інкрымінуюць, невядома, піша "Наша Ніва".
У Гродне затрымалі начальніцу аднаго з аддзелаў "Прыёрбанка" Людмілу Саковіч
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, жанчына — жонка намесніка дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства горада.
Паводле сілавікоў, Людміла займалася распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў, далучылася да «Плана Перамога», даслала інфармацыю ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі», а таксама ў жніўні 2020-га года ахвяравала грошы ў фонд салідарнасці BYSOL.
Палітзняволены Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА
Сваякі гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына паведамілі праваабаронцам, што ён учора не патэлефанаваў ім, хоць меўся, паводле графіку званкоў 11-га атраду.
Пропуск можа быць абумоўлены рознымі прычынамі. Але родныя Івашына лічаць, што яго чарговы раз змясцілі ў ШІЗА і чакаюць на пацверджанне сваёй высновы. Папярэднія лісты ад журналіста, якія атрымалі яго сваякі, датаваныя 30 красавіка (айчыму), 3 і 8 траўня (маці і жонцы, адпаведна). На дадзены момант дакладных звестак пра Івашына няма, паведамляе "Гарадзенская Праваабарона".