Ганна Комар – Андрэю Чапюку: “Надзея мусіць быць дзеяннем, а не чаканнем”
З нагоды Дня палітвязняў Беларусі “Вясна“ публікуе серыю адкрытых лістоў нашым калегам у турмы. У час, калі для тысячаў зняволеных беларусаў ствараюцца штучныя перашкоды ў ліставанні з роднымі і сябрамі, гэтая акцыя павінна паказаць і беларускаму грамадству, і тым служкам рэжыму, якія выконваюць сваю брудную ролю, што ніводзін з палітвязняў не забыты, што людзі памятаюць пра ўсіх, каго ўлада пазбавіла волі за свае перакананні. Гэтым разам публікуем ліст паэткі і перакладчыцы Ганны Комар валанцёру "Вясны" Андрэю Чапюку, якога асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прывітанне, Андрэй!
Я пішу табе з халоднага Лондану, але нават самы дажджлівы, ветраны і халодны лонданскі дзень не параўнаць з беларускай турмой. Я заўжды памятаю пра гэта.
Перачытваю тваё апошняе слова ў судзе: беларусаў сапраўды не зламаць проста так, і таму іх страшэнна катуюць. Я магла б расказаць, колькі людзей не жывуць “нармальным жыццём”, хвалююцца, перажываюць за зняволеных, не могуць спаць. Але наўрад ці ты з тых, каму лягчэй ад таго, што іншым таксама не добра. Таму я скажу табе, што яшчэ шмат людзей дзейнічаюць. Пра нешта мы ведаем, шмат пра што не ведаем, але працы вядзецца шмат. Калі я дзейнічаю сама, мне робіцца трошкі спакайней. Надзея таксама мусіць быць дзеяннем, а не чаканнем.
Калі я сядзела на “сутках”, нам было лягчэй, бо мы ведалі, што, пакуль мы сядзім, іншыя там, на волі, працягваюць. Суткі – не тое самае, што гады. Але ведай, што мы працягваем.
Абдымаю цябе!
Ганна Комар, беларуская паэтка і перакладчыца.
Падтрымайце вясноўца лістамі салідарнасці: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Андрэй Сяргеевіч Чапюк.