viasna on patreon

Затрыманні беларусаў у Маскве, ціск па палітвязняў: хроніка пераследу 23 траўня Дапоўнена

2023 2023-05-23T13:30:00+0300 2023-05-24T15:18:56+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kolesnikova_znak_sud_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У  Маскве затрыманая сямейная пара з Беларусі, якія запусцілі ў неба сцяг супраць вайны з Украінай

У Маскве 22 траўня затрымалі сямейную пару з Гомеля, якая запусціла шары са сцягам легіёну “Свабода Расеі". Як піша zerkalo.io, гэта грамадзянін Беларусі з жонкай.

Выданне паведамляе, што грамадзянін Беларусі з жонкай «прыехалі да сажалкі ў Паўночным Чартананава на Camry, дасталі з багажніка шары, муж іх запусціў, а жонка здымала на тэлефон. Пасля гэтага пара хутка знікла з месца".

Зараз з мужам і жонкай Дзмітрыем і Юляй працуюць сілавікі.


На Берасцейшчыне ўзялі пад варту навучэнцаў аграрнага каледжа

У Высокаўскім аграрным каледжы на Берасцейшчыне былі паказальна заключаныя пад варту двое навучэнцаў, падазраваных у знявазе дзяржаўных сімвалаў Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Санкцыю на затрыманне зачытаў пракурор Камянецкага раёна ў прысутнасці навучэнцаў.

Як паведаміла Генракуратура, у ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ўстаноўлена, што 18-гадовы жыхар аграгарадка Войская Камянецкага раёна разам з 19-гадовым жыхаром  Жабінкі, у начны час з 14 на 15 мая 2023 года, сарвалі тры дзяржаўныя сцягі, устаноўленых на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб'екта і аддзяленні паштовай сувязі ў Войская. Паведамляецца, што маладзёны былі нібыта ў стане алкагольнага ап’янення. Узбуджаная крымінальная справа.

Берасцейскай «Вясне» cтала вядома імя аднаго з затрыманых: гэта ўжо асуджаны па палітычнай крымінальнай справе 19-гадовы Елісей Кузняцоў. На момант здзяйснення "злачынства" Елісею было 16 гадоў.


Палітзняволены Уладзімір Гундар аглух у карцары

Як стала вядома «Вясне», Уладзімір Гундар стаў дрэнна чуць у апошні дзень 7-дзённага знаходжання ў карцары. Пасля выхаду адтуль, яго стала ліхаманіць у камеры, яму было вельмі холадна, балелі галава і вушы, ён перастаў чуць сукамернікаў і зразумеў, што аглух канчаткова.

Выкліканы лекар даў яму цытрамон і ібупрафен, абяцаў выклікаць лора. Аднак дагэтуль невядома, ці наведаў палітвязня спецыяліст.

Уладзімір Гундар падчас суда па

Пакаранне карцарам Гундару было вынесена яшчэ ў першы дзень красавіка за не так пакладзеную на шконку падушку. Але на працягу месяца яго туды не адпраўлялі з-за адсутнасці вольнага месца.

Нагадаем, палітзняволены Уладзімір Гундар асуджаны агулам на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па 4 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Разгляд апеляцыйнай скаргі па апошнім прысудзе адбудзецца 6 чэрвеня.


У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта «Fundacja «Reka Wielkej Pomocy» і «Кадровый резерв для Новой Беларуси».

Яны ўнесеныя ў адпаведны спіс на падставе рашэнняў КДБ.


Суполка "Виктор Бабарико" ў "Аднакласніках" прызнаная "экстрэмісцкай"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Барысаўскага раёну 17 траўня. Адзначым, што гэта першая старонка штабу палітыка ў сацсетках, прызнаная «экстрэмісцкай».

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:

Telegram чаты і каналы «Дзённік экстрэміста», «Розочка», «Чат канала Инсайдер», «Боевая Организация Анархо-Коммунистов»;
Суполкі ў «Аднакласніках» «Беларусь политическая», «Радыё Свабода», «Новы час», «Жыве Беларусь», «Светлана Тихановская», «УХОДИ ЛУКАШЕНКО», «Беларускі нацыянальны кангрэс»;
Youtube-старонка «Татьяна Мартынова»;
Старонка ў Instagram «cbshelp Цэнтр Беларускай Салідарнасці».


Да журналіста Анатоля Гатоўчыца ўвечары прыходзілі міліцыянты

У Гомелі блізу 21 гадзіны вечара 23 мая ў кватэру да журналіста Анатоля Гатоўчыца прыйшлі двое міліцыянтаў. Пра гэта паведамілі суседзі. Як стала вядома, гэта былі супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы Цэнтральнага РАУС Гомеля.

Як распавядаюць сябры журналіста, яны цікавіліся, ці падпісаны Гатоўчыц на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Пры гэтым паказвалі прадпісанне начальніка аддзела РАУС Валерыя Зданевіча, дзе міліцыянерам загадвалася высвятляць, ці не здаецца кватэра ў наём.

Пачынаючы з 2020 года, гэта ўжо шосты візіт міліцыі ў кватэру да Гатоўчыца, чатыры з іх былі з вобшукам і выняткам тэлефонаў, камп’ютараў, фотаапаратаў, дыктафонаў.


У Мінску затрымалі двух братоў

З'явілася інфармацыя пра затрыманне 26-гадовага Дзяніса Петуха і 31-гадовага Дзмітрыя Петуха. Учора раніцай да іх прыйшлі сілавікі, зрабілі ператрус і забралі тэхніку.

Папярэдне, хлопцы знаходзяцца ў ІЧУ ў чаканні суда.


Сілавікі затрымалі трох супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Як стала вядома "Позірку", раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі вядучага выкладчыка кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў ПДУ Алену Храмцову, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазітарыя Лідзію Зуеву.

"Алену Храмцову абвінавачваюць у падпісцы на тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу". Ёй інкрымінавалі артыкул 19.11 КоАП (распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі), акрамя таго, яе аб'явілі сведкам па крымінальнай справе і на гэтай падставе правялі ператрус з адабраннем тэхнікі, — паведаміла нам крыніца, якая пажадала застацца неназванай.

29 і 30 сакавіка прайшлі затрыманні супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, частка з іх адбылі адміністрацыйныя арышты, у тым ліку неаднаразовыя, на 15 і больш сутак.

Пазней стала вядома, што ў Полацку затрымана сама меней 10 чалавек.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства