viasna on patreon

Хроніка пераследу 26 траўня

2023 2023-05-26T16:56:46+0300 2023-05-29T11:32:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/artur-baszko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мінчука Артура Башко арыштавалі напярэдадні сур'ёзнай аперацыі. Цяпер сваякі не ведаюць дзе ён знаходзіцца

Раніцай 17 траўня ў Мінску затрымалі 31-гадовага таксіста Артура Башко. Чацвёра сілавікоў стаялі ў пад'ездзе, калі дадому вярталася ягоная маці. Калі яна адчыніла дзверы, яны ўварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў. Супрацоўнікі правялі ператрус, нешта вынеслі з кватэры ў пакеце, а па падлозе былі раскіданыя паперы.

Пасля затрымання адзін з сілавікаў сказаў маці, што Артура забралі па "палітыцы". Вядома, што мужчына мае праблемы са здароўем — яму павінны былі рабіць аперацыю па выдаленні шчытавідкі. Пасля затрымання Артур патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсціна медыкаменты прынялі. Пазней над ім адбыўся суд, але сваякі не ведаюць паводле якога артыкула. Па папярэдняй інфармацыі, Артура асудзілі да 13 сутак арышту.

Цяпер родныя Башко не ведаюць дзе ён — па тэлефоне на Акрэсціна або не адказваюць, або кажуць, што такога няма.


Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі

Пра гэта ад імя Паліны заявіў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда:

"Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства. Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады, і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні…

…Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы – Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных".

Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць


Сілавікі затрымалі адразу восем лідчан. Іх прымусілі спаліць нацыянальны сцяг

"Пакаяльнае" відэа з імі з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Ім закідваюць удзел у чаце "Лида 97".

У відэа паведамляецца, што на затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП. На дваіх заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

Таксама затрыманых прымусілі спаліць бел-чырвона-белы сцяг.

Сілавікі заяўляюць, што будуць працягваць ператрусы і затрыманні ў Лідзе.


77-гадовую Галіну Захаркіну аштрафавалі на 2 960 рублёў

У Полацку і Наваполацку днямі прайшлі затрыманні супрацоўнікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па інфармацыі "Віцебскай Вясны", было затрымана не менш за 15 чалавек.

Раней паведамлялася, што мінімум чатырох навукоўцаў адправілі за краты, а яшчэ тром прызначылі штрафы.

Цяпер стала вядома, што ўчора асудзілі кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Галіну Захаркіну. Яе аштрафавалі на 2 960 рублёў (80 базавых велічыняў).

Таксама за краты на 15 сутак адправілі выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына і дацэнта кафедры гісторыі і турызму, кандыдата гістарычных навук Віктара Чэраўко.


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 68 прозвішчаў — цяпер у ім 2868 чалавек

26 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Яніну Сазановіч, Аляксандра Францкевіча, Дзмітрыя Навошу.


Журналісту Андрэю Пачобуту пакінулі прысуд без зменаў

Андрэй Пачобут

Палітвязня абвінавацілі паводле арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Працэс у Гродзенскім абласным судзе у закрытым рэжыме разглядаў суддзя Дзмітрый Бубенчык. У лютым яму прысудзілі 8 гадоў калоніі.

Вярхоўны суд 26 траўня разгледзеў апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без зменаў, а скаргу — без задавальнення. Яго хутка перавядуць у калонію.

Падтрымайце палітвязня тэлеграмамі і лістамі: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Андрэй Станіслававіч Пачобут


Мінінфарм адказаў актывісту Іллі Міронаву, які падаваў скаргу на абразы прапагандыстаў

Як паведамляе "Гомель штодзень",  У канцы красавіка Ілля Міронаў адправіў у Міністэрства інфармацыі некалькі скаргаў: на навіну ў телеграм-канале і праграме тэлебачання «СТВ. Навіны Беларусі», а таксама на публікацыю ў «Савецкай Беларусі».  У сваіх скаргах актывіст распавёў, што 20 красавіка гэтага года пра яго расказалі і напісалі ў абразлівай манеры. Адна з цытат, пра якую ідзе гаворка, гучыць так: «Жыў бы Ілля ў Адэсе, яму б параілі нешта тыпу «Ідзі кідайся галавой у гной».

Днямі Міронаву прыйшоў адказ на скаргі. І вось як гучыць адказ на адну з іх.

"Мінінфарм, як орган дзяржаўнага кіравання, працуе ў выключна прававым полі і, згодна з заканадаўствам, не вызначае рэдакцыйную палітыку СМІ, бо ў адпаведнасці з артыкулам 7 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі…".

Напрыканцы свайго адказу Мінінфарм параіла Міронаву са сваёй скаргай звярнуцца да галоўнага рэдактара выдання, бо гэта нібыта ён абірае рэдакцыйную палітыку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства