viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-05-29T13:47:35+0300 2023-05-29T15:29:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freeviasna_banner_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Старонка "Вясны" на фотахостынгу Flickr прызнаная "экстрэмісцкай"

Такое рашэнне было прынятае судом Ленінскага раёну Брэста ў дзень заснавання арганізацыі — 26 красавіка.

Больш за 32 месяцы за кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення. Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы.

Беларусы Канады збіраюць подпісы пад петыцыяй за неадкладнае вызваленне Марфы Рабковай для перадачы яе ў мясцовую Палату абшчын.

"Падпісваючы гэтую петыцыю, вы дэманструеце сваю салідарнасць з Марфай Рабковай і пасылаеце магутны сігнал супраць парушэння правоў чалавека", — адзначаюць прадстаўнікі дыяспары.

Іх мэта сабраць 500 подпісаў да 31 траўня і забяспечыць ўнясенне петыцыі на разгляд у парламент Канады. 

17 траўня Андрэю Чапюку споўнілася 27 гадоў

Гэта ўжо трэці Дзень Народзінаў, які валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк сустракае за кратамі.

Нагадаем, у мінулым верасні Андрэю прысудзілі 6 гадоў калоніі. Пазней Вярхоўны Суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення. У сакавіку Чапюка этапавалі ў івацэвіцкую калонію.

Публікацыяй ў твітары Андрэя павіншавала яго сімвалічная "хросная" ў межах кампаніі #WeStandByYou, лідарка парламенцкай групы “Бюндніс90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу Катрын Гёрынг-Экард: 

Heute wird Andrei Chapiuk 27 Jahre alt. Er wird vom belarusischen Regime seit 957 Tagen als politischer Häftling gefangen gehalten. Bei @viasna96 setzte er sich für die Einhaltung der Menschenrechte in Belarus ein. Er muss umgehend freigelassen werden. #FreeViasna #WeStandBYyou

Katrin Göring-Eckardt

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

17 траўня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваёй прамове падчас саміту Рады Еўропы заклікаў падтрымаць лідараў дэмакратычнага руху Беларусі, у тым ліку Алеся Бяляцкага.

"Мы павінны ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, каб вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Андрэя Пачобута і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага", — сказаў ён.

Больш за 100 нобелеўскіх лаўрэатаў падпісалі ліст у падтрымку Алеся Бяляцкага

21 траўня 2023 года – Міжнародны ПЭН, арганізацыя літаратараў і арганізацыя па абароне свабоды слова, апублікаваў ліст, падпісаны 103 нобелеўскімі лаўрэатамі, у якім выказваецца салідарнасць з пісьменнікам, праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і сябрам ПЭНа Алесем Бяляцкім і асуджаецца жорсткае, няспыннае і сістэматычнае падаўленне беларускімі ўладамі незалежных меркаванняў.

"Мы салідарныя са шматлікімі пісьменнікамі, журналістамі, дзеячамі культуры, праваабаронцамі і грамадзянамі Беларусі, якія адбываюць доўгія турэмныя тэрміны за тое, што яны мірна выказвалі сваё меркаванне і казалі ўладзе праўду.

Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які працягвае змагацца за свае чалавечыя правы. Кажучы словамі Алеся Бяляцкага, мы таксама верым, бо ведаем, што пасля зімы заўжды наступае Вясна".

Цягам месяца ад кіраўніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага не было ніякіх звестак, пасля пераводу яго ў горацкую калонію № 9. Днямі родныя праваабаронцы нарэшце атрымалі першы ліст з калоніі.

Нагадаем, 3 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска пакараў Алеся Бяляцкага пазбаўленнем волі тэрмінам на 10 гадоў, а яго калегаў Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча — на 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна. Разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся 21 красавіка, Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў. Праваабаронцы ўтрымліваюцца ў зняволенні больш за 22 месяцы.

На акцыях, якія праходзілі ў розных гарадах у Дзень салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, узгадвалі і зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

akcia_vilnia_21.05.23.jpg
Каля 150 "кешароў" выставілі на плошчы ў Вільні, Літва
akcia_shveicaryia.jpg
Былыя палітзняволеныя і актывісткі з выявамі правабаронцаў на сустрэчы 21 траўня ў Цюрыху, Швейцарыя
tbilisi_akcia.png
Акцыя салідарнасці ў Тбілісі, Грузія
akcia_krakow_21.05.23.jpg
Стэнды з праваабаронцамі "Вясны" ў Кракаве, Польшча

Акцыі ў падтрымку беларускіх палітвязняў прайшлі па ўсім свеце. Як гэты было

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень беларусы з усяго свету зладзілі шматлікія акцыі ў падтрымку палітвязняў.

Незалежны мастак-карыкатурыст з Індыі Асім Трыведзі прысвяціў адну са сваіх працаў "Вясне".

Жонка Алеся Бяляцкага - Наталля Пінчук - выступіла на World Expression Forum. Яна заявіла, што яе муж Алесь Бяляцкі, усе зняволеныя праваабаронцы і ўсе палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя без усялякіх умоваў.

"Любы кантакт з уладамі ў Мінску магчымы толькі пасля гэтага (і пры ўмове спынення дапамогі Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны). Вызваленне зняволеных — не прадмет для бясконцых перамоваў, не тавар для гандлю, а адзінае выйсце з тупіку, у які дыктатар завёў краіну і народ.

Перамовы з Лукашэнкам, за якім стаіць цень Пуціна, безвыніковыя. Таму вялікая павага тым краінам і палітыкам, якія праяўляюць прынцыповасць і не маюць ілюзій.

Належыць спадзявацца і на цьвёрдасць міжнародных арганізацыяў, якія павінны стаяць на варце дэмакратычных каштоўнасцяў і міру".

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

За апошні час не было навінаў пра кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку.

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Праваабаронцы ўзялі ўдзел у шпацыры на 5 і 10 кіламетраў у Вільні

Мерапрыемства ĖJIMAS прадугледжвала камандны ўдзел, таму праваабаронцы выйшлі ў цішотках з выявамі зняволеных калегаў з «Вясны» — Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленкі, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.

"Мы вырашылі далучыцца, бо гэта даволі просты спосаб выказаць сваю салідарнасць са зняволенымі вясноўцамі, якія ў гэты час знаходзяцца ў калоніях і не могуць свабодна шпацыраваць па горадзе, дыхаць вольным паветрам", — кажуць удзельніцы акцыі.

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства