viasna on patreon

Затрыманні ў Мінску і Дубровенскім раёне: хроніка пераследу 8 чэрвеня

2023 2023-06-08T13:37:00+0300 2023-06-08T14:43:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/simvolika-zatrymsnne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" восьмага чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Мінска затрымалі за “захоўванне пратэснай сімволікі”

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што мужчына нібыта быў затрыманы за тое, што хадзіў у адной з “пратэсных” цішотак па вуліцы. Таксама ў яго быў знойдзены афіцыйны герб Украіны.

“Пакаяльнае відэа” з затрыманым беларускія сілавікі суправадзілі песняй пра ПВК «Вагнэр».


120 дзён няма ніякіх навінаў пра палітзняволенага Мікалая Статкевіча

Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня Адамовіч атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру

Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021 яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

Мікалай Статкевіч у судзе Ленінскага раёна Берасця. Фота: Аляксандр Швед

У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі больш за 20 спагнанняў.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.


Пачасціліся затрыманні кіроўцаў на трасе М1 у Дубровенскім раёне

У Дубровенскім раёне за апошні месяц пачасціліся затрыманні кіроўцаў, якія рухаюцца транспартам па трасе М1 з боку Расіі, альбо ў адваротным накірунку. У грамадзян Беларусі правяраюць тэлефоны, шукаюць “экстрэмісцкія” падпіскі ў тэлеграм-каналах і чатах. Некаторых затрымліваюць і адвозяць у Дуброўна, дзе заводзяць адміністрацыйныя справы і судзяць па арт. 19.11 КаАП.

Вядома, што 21 траўня быў затрыманы жыхар Магілёва. Затрыманаму прысудзілі штраф у памеры 1110 рублёў і канфіскавалі тэлефон.

А 24 траўня затрымалі яшчэ дваіх беларусаў і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага.

Мясцовыя праваабаронцы мяркуюць, што колькасць затрыманых на трасе М1 значна большая.


Старонка "Беларуская турма” ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" прызнаная "экстрэмісцкай прадукцыяй"

Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дададзены аднайменны Youtube-канал і лагатып брэнда.

Такое рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна горада Мінска яшчэ 31 мая 2023 года. Пра гэта адміністратары старонкі не былі абвешчаныя. А ўжо праз дзень, 2 чэрвеня, міліцыя Віцебска затрымала ў Глыбоцкім раёне адміністратара пабліка, у якой дома быў праведзены брутальны ператрус і канфіскаваная тэхніка.

На працягу выходных жанчына знаходзілася ў ІЧУ да суда (трое сутак), пасля чаго, як мы ўжо паведамлялі, 5 чэрвеня яна была прысуджаная да 10 сутак арышту. Другі рэдактар пабліка ўсё ж змог своечасова ўзяць пад кантроль старонку сацыяльнай сеткі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства