viasna on patreon

Затрыманыя амаль усе супрацоўнікі тэлеканала "Ранак", а таксама ўдзельнікі батлейкі ў Стулах: хроніка пераследу 11-12 чэрвеня Дапоўнена

2023 2023-06-12T10:20:00+0300 2023-06-12T20:09:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ranak-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Магілёве быў затрыманы актывіст Аляксандр Хамратаў

Аляксандр Хамратаў.

Па інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося ўчора каля гандлёвага цэнтру «Атрыум». Падрабязнасці высвятляюцца.


З'явілася інфармацыя аб затрыманнях на аграсядзібе «Стулы»

Гаворка можа ісці аб як мінімум 5 затрыманых. Папярэдне, людзі знаходзяцца ў Пружанскім РАУС і чакаюць суда ў панядзелак па «экстрэмісцкім» артыкуле.

Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманні маглі прайсці падчас ці пасля батлеечнага спектакля, якія ладзяць на аграсядзібе. Пакуль ядомае прозвішча толькі аднаго затрыманага - Ігар Паляшэнка.


У Мінску затрыманая Наталля Богуш 

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну затрымалі 7 чэрвеня ў Мінску. Цяпер яна ўтрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна.  Яе падазраюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту паволе арт. 342 Крымінальнага кодэкса.


У Светлагорску затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу “Ранак”

Дакладная прычына затрымання невядомая. Ёсць інфармацыя, што затрыманнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК і супрацоўнікаў сёння будуць судзіць паводле арт. 19.11 КоАП.

Паводле словаў крыніцы, працаўнікоў медыя затрымалі за падпіскі на суполку “Светлік. Светлагорск” у “Аднакласніках” (не ўнесеная ў спіс “экстрэмісцкіх”).

Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.

Пазней сталі вядомыя імёны затрыманых. Гэта Андрэй Ліпскі, Павел Рабко, Марына Бычкоўская, Крысціна (яе прозвішча пакуль не вядомае). Таксама была затрыманая цяжарная жанчына, імя якой не ўдакладняецца. Яе адпусцілі. тмакім чынам, у ІЧУ да судоў дастолося 7 супрацоўнікаў.

Тым часам кіраўнік тэлеканалу быў выкліканы ў райвыканкам.


"Зеркала" - "экстрэмісцкае" фармаванне

Міністэрства ўнутраных спраў прызнала сайт і сацыяльныя сеткі "Зеркала” экстрэмісцкім фармаваннем. Пра гэта піша праўладны тэлеграм-канал "Кніга ГУ”БАЗА”.

На тэлеграм-канал “Зеркала" падпісаныя больш за 270 тысяч карыстальнікаў.


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 прозвішчаў — цяпер у ім 2901 чалавек

9 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны апдэйт "Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".

Сярод іншых, у спіс дадалі былога журналіста «прэзідэнцкага пула» Дзмітрыя Семчанку, а таксама грамадзянку Расіі Аляксандру Хомчанку, якую асудзілі на год калоніі за рэпост публікацыі з выявай надмагільнай пліты Лукашэнкі.


Па пастанове пракурора Брэсцкай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу flirck.com

Падставай для прыняцця гэтага рашэння сталі шматлікія парушэнні названым рэсурсам Закона Рэспублікі Беларусь» Аб сродках масавай інфармацыі " (далей – Закон аб СМІ).

Так, на паказаным партале неаднаразова друкавалася Інфармацыя, якая відавочна негатыўна характарызавала грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля завяршэння выбарчай кампаніі і дыскрэдытавала дзейнасць дзяржаўных і праваахоўных органаў.


У Расіі затрымалі бацьку Уладзіслава Лагуценкі, якому нядаўна прызначылі 2,5 года «хатняй хіміі»

Як паведамляе @MAYDAYMog, меркавана, яму ставяць у віну ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе.

Сам Уладзіслаў Лагуценка 30 траўня быў асуджаны судом Круглянскага раёна на 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ па арт. 342 КК. Разам з ім па гэтай крымінальнай справе праходзілі яшчэ два чалавекі — Аліна Горава і Аляксей Цыганаў.


Сілавікі паведамілі аб затрыманні шасцярых віцяблян

У Віцебску затрымалі шэсць чалавек, Відэа з затрыманымі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал «Паўночная сталіца (Vitebsk news)».

Аўтары канала сцвярджаюць, што мясцовыя жыхары былі затрыманыя праз каментары ў сацсетках і падпісак на «экстрэмісцкія» рэсурсы. На відэа адна з віцяблян кажа, што затрыманая таму, што выкарыстала на працоўным месцы кружку з гербам «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь».

На апублікаваным відэа сілавікі схавалі затрыманым асобам твары за эмоджы-маскамі.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства