viasna on patreon

Новыя затрыманні і імёны ў "спісе тэрарыстаў": хроніка пераследу 14 чэрвеня

2023 2023-06-14T14:25:48+0300 2023-06-15T12:53:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belavus_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У "тэрарыстычны спіс" дадалі Паўла Белавуса, Дзмітрыя Семчанку і Яна Рудзіка — цяпер у ім 1068 чалавек

Павел Белавус. Фота:

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.

Сярод іх Раман Янкоўскі, журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка, юрыстка Наталля Лашч, заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус, блогер Ян Рудзік, а таксама Андрэй Сініцкі, Кірыл Мацюта, Вячаслаў Янюк, Міхаіл Мякека.

Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1068 чалавек, з іх 317 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1075 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


У Ваўкавыску затрыманы Тадэвуш Міхеенка

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі і за ўступленне ў чат-бот «Плана Перамога».

На скрыншотах, апублікаваных сілавікамі, маюцца кадры перасоўвання ваеннай тэхнікі, адпраўленыя ў бот аднаго з тэлеграм-каналаў, піша @Grodno_grab.


Палітзняволены Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА — ужо месяц з ім няма ніякай сувязі

Дзяніс Івашын

Вось ужо 30 дзён у сваякоў палітвязня Дзяніса Івашына няма сувязі з ім. Верагодна, увесь гэты час ён знаходзіцца ў ШІЗА, піша ягоная жонка Вольга Івашына.

Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі: ПК №15, 212013, Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, Івашын Дзяніс Яўгенавіч


У Магілёве затрымалі папулярнага стрымера ARTIKZA — ён хацеў правесці сходку фанатаў

Як стала вядома @MAYDAYMog, магілёўская міліцыя каля тыдня таму затрымала гульнявога стрымера і блогера Арцёма Галавача aka ARTIKZA (больш за 250 тысяч падпісантаў у Youtube, каля 10 тысяч — у Telegram).

Малады чалавек размясціў відэа, дзе паклікаў сваіх фанатаў на фан-сустрэчу ў цэнтры Магілёва 3 чэрвеня. Аднак фан-сустрэчы не адбылося — відэа было выдаленае, а сведкі паведамілі, што Галавача забралі сілавікі.

У сваім апошнім відэа ў TikTok блогер выбачыўся і коратка паведаміў, што «па пэўных прычынах сустрэча адмяняецца», хаця на яе ўжо прыйшлі некаторыя людзі.

У дачыненні да блогера распачалі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэдне, Арцём атрымаў 15 сутак арышту.


Супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя Дзяніс Паўлаў і Іван Крывіня


Вядома, што ў 2020 годзе яны працавалі ў рамонтна-механічным цэху ААТ «МТЗ».


На гэты момант Дзяніс і Іван з'яўляюцца работнікамі ваеннага прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» і, як піша @rabochyruh, ёсць падставы меркаваць, што затрыманні звязаны з дэманстрацыямі і забастоўкамі рабочых у 2020 годзе.

Паведамляецца, што ў Дзяніса прайшоў ператрус і яму ставіцца ў віну арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства