viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-06-14T15:58:22+0300 2023-06-15T10:32:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/freeviasna_banner_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Больш за 700 дзён у зняволенні ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча

14 ліпеня 2021 года да іх і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.

Уладзімір Лабковіч патэлефанаваў з калоніі родным

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала ягоная жонка Ніна Лабковіч:

"Праз месяц пасля этапу атрымалі званок ад Уладзя. 4 хвіліны — як адно імгненне".

Ніна і Уладзь Лабковічы са старэйшай дачкой Адэляй

Валянціна Стэфановіча накіравалі на чыстку кабеляў

У магілёўскай калоніі № 15 цяпер адбывае тэрмін Валянцін Стэфановіч. Пра гэта паведаміла крыніца "Радыё Свабода", якая кантактуе з адным з вязняў калоніі. Паводле яе, Валянціна накіравалі працаваць на ачыстку кабеляў. Сярод зняволеных гэтая праца лічыцца вельмі шкоднай і нявыгаднай, бо плацяць за яе лічаныя капейкі.

Вядомы гісторык Цімаці Снайдэр стане голасам Алеся Бяляцкага ў арт-інсталяцыі Андрэя Курэйчыка на Oslo Freedom Forum 2023

"Галасы новай Беларусі" прадстаўляюць 16 маналогаў беларускіх палітвязняў, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Марыі Калеснікавай, Мікалая Статкевіча, Марыны Золатавай і Ігара Лосіка. На выставе гучаць галасы амерыканскіх акцёраў і вядомых выкладчыкаў Ельскага ўніверсітэта, у тым ліку вядомых амерыканскіх гісторыкаў Цімаці Снайдэра і Марсі Шор, філосафа Джэйсана Стэнлі, рэжысёра Юрыя Кардонскага і іншых.

Гэтая выстава будзе дэманстравацца ў чацвер, 15 чэрвеня, у SALT (размешчаная па адрасе Langkaia 1, 0150 Oslo) падчас Форуму Свабоды ў Осла ў 2023 годзе.

Oslo Freedom Forum 2023 — найбуйнейшы форум па правах чалавека ў свеце, які праводзіцца штогод у Осла, Нью-Ёрку і Тайбэі.

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Сетка Фонда Дамоў правоў чалавека зладзіла акцыю салідарнасці з палітзняволенымі вясноўцамі

Акцыя адбылася каля мурала Алесю Бяляцкаму ў Вільні, насупраць амбасады Беларусі ў Літве.

За апошні час не было навінаў пра кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку, а таксама пра каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка.

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства