"Дзверы балагана рэзка рванулі, а затым — як у лепшых сцэнарах АМАПу..." Падрабязнасці рэйду на "Стулы"
У суботу, 10 чэрвеня, у аграсядзібе "Стулы" Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці спектакль беларускага народнага тэатра лялек "Батлейка" сарвалі супрацоўнікі брэсцкага АМАПа. У выніку праверкі тэлефонаў і апытанняў было затрымана шэсць з амаль 30 гледачоў. Праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя падрабязнасці і абставіны рэйду сілавікоў на аграсядзібу "Стулы".
Як распавядаюць відавочцы, у суботу ў "Стулах" сабралася каля 30 жыхароў Брэстчыны, каб адпачыць на аграсядзібе і паглядзець батлеечны спектакль:
"Гаспадары — выдатныя людзі! Нас добра сустрэлі. Гаспадар правёў экскурсію па аграсядзібе, распавёў гісторыю яе стварэння, а таксама пазнаёміў з мінулым паселішча і яго вядомымі жыхарамі. Пакуль мы шпацыравалі, у тэатральным балагане ішла падрыхтоўка спектакля. Ён захапіў нас сваёй тэмай і гульнёй акцёраў, музычным афармленнем і спецэфектамі.
Аднака на кульмінацыі прадстаўлення дзверы балагана рэзка рванулі, а потым — як у лепшых сцэнарах АМАПа: ліхтарыкі, шчыт, ствалы, крыкі "Всем лежать!", "Лицом в пол!", "Руки вверх!"... Дзеці спалохаліся. Дарослыя запалі ў здранцвенне, не разумеючы, што адбываецца і мяркуючы, што ўбачанае — нечаканая частка спектакля... Амапаўцы крычалі, але ніхто так і не лёг на падлогу, таму што ў балагане для гэтага проста не было месца. Тады сілавікі вырашылі ўсіх гледачоў, акрамя дзяцей, вывесці на вуліцу. Усіх, у тым ліку пенсіянераў, паклалі на зямлю тварам у траву і мурашак, загадаўшы "Руки за голову".
Вядома, што налёт зладзілі супрацоўнікі брэсцкага АМАПа.
"Потым, мабыць, амапаўцы зразумелі, што пралічыліся... Напэўна, яны спадзяваліся ўбачыць нейкі схадняк па падзеле або захопу Беларусі. Але людзі прыехалі проста паглядзець спектакль. Калі сілавікі гэта зразумелі, то пачалі мяняць свой тон: дазволілі жанчынам і пажылым падняцца з зямлі. Па адным мужчын адводзілі на апытанне і агляд тэлефонаў. Сілавікоў вельмі цікавілі аватаркі з украінскімі сцягамі альбо з спалучэннем жоўта-сіняга і бел-чырвона-белага колераў. Міліцыянты пыталіся, ці даўно былі ва Украіне, ці падтрымліваеце сувязь з кімсьці з гэтай краіны, ці ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мітынгах".
У каго знайшлі падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы — тых сілавікі вырашылі забраць з сабой. Затрымалі і мужчыну, які адмовіўся разблакаваць свой тэлефон.
"Акрамя гасцей аграсядзібы, на шум таніраваных бусаў па глухой вёсцы вырашылі паглядзець два цікаўных суседа. Яны тут жа памножылі лік ляжачых на паляне".
У выніку "хапуна" разам з гаспадыняй аграсядзібы затрымалі шэсць чалавек. Паколькі чацвёра затрыманых былі з Кобрына, іх павезлі на складанне адміністрацыйных пратаколаў у Кобрынскі РАУС, а гаспадыню аграсядзібы і яшчэ аднаго грамадзяніна — у Пружанскі РАУС. На трое сутак усіх затрыманых змясцілі ў мясцовыя ізалятары часовага ўтрымання.
"Калі людзей загрузілі ў "Газэль", амапаўцы з'ехалі са словамі: "А все остальные свободны!"
13 чэрвеня ў Кобрыне судзілі затрыманых паводле арт. 19.11 КаАП ("распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"). Дваіх асудзілі да сямі сутак арышту, яшчэ дваіх выпусцілі па заканчэнні 72 гадзін, але іх тэлефоны забралі на экспертызы. Супрацоўнікі кобрынскага ІЧУ, нягледзячы на холад у ізалятары, адмаўляліся прымаць цёплае адзенне і перадачы для затрыманых.13 чэрвеня адбыліся працэсы паводле арт. 19.11 КаАП і ў судзе Пружанскага раёна. Там асудзілі Ігара Паляшэнку, які займаўся музычным афармленнем батлеечнага спектакля, і гаспадыню аграсядзібы Ларысу Быцко. Вядома, што гаспадыню аграсядзібы арыштавалі на 15 сутак.