Затрыманні па ўсёй краіне: хроніка пераследу 17-18 чэрвеня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі былога палітвязня Рамуальда Улана, якога ў траўні вызвалілі па амністыі
Па інфармацыі праваабаронцаў, Рамуальда Улана затрымалі непасрэдна на працоўным месцы. Да панядзелка яго будуць трымаць у ІЧУ. Артыкул, па якім затрымалі былога палітвязня, высвятляецца.
Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонцу паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў. У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.
На Лепельшчыне затрымалі ўладальніка аграсядзібы і музыку Васіля Шкіндзера
Як стала вядома «Віцебскай Вясне», 13 чэрвеня лепельскія міліцыянты затрымалі ўладальніка аграсядзібы «Поўсвіж», музыку і збіральніка фальклору Васіля Шкіндзера.
14 чэрвеня суддзя Лепельскага раённага суда Наталля Сушко арыштавала яго на 15 сутак. Што стала падставай для арышту затрымання і арышту пакуль невядома.
Васіль Шкіндзер вядомы ў сваім раёне і па-за яго межамі сваёй апантанасцю беларушчынай. На сваёй сядзібе ён штогод з узгадненнем з уладамі ладзіў вядомы фэст «Жнівень», куды з’язджаліся беларускія музыкі, мастакі, рамеснікі ды іншыя аматары беларускай культуры. Таксама там праводзіліся мастацкія пленеры, майстар-класы рамеснікаў, выставы ды іншыя цікавыя імпрэзы.
Раней сілавікі ў грамадскага актывіста з Лепельшчыны праводзілі таксама і ператрус, але нічога забароненага не знайшлі.
Адваката Андрэя Пачобута і Паўла Мажэйкі пазбавілі працы
Гродзенскага адваката Аляксандра Бірылава не атэставалі падчас кваліфікацыйнай камісіі 16 чэрвеня. Паводле камісіі, у Бірылава «недастатковая кваліфікацыя».
Як піша @radiosvaboda, Аляксандар працаваў адвакатам 26 гадоў. Ён абараняў:
супрацоўнікаў незалежнай газэты «Пагоня» Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку ў 2001-2002 гадах у «справе журналістаў» і Мажэйку цяпер;
старшыню страйкама прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага, які раней балятаваўся на пост кіраўніка дзяржавы;
журналіста Андрэя Пачобута ў 2011-2012 гадах і цяпер;
музыканта Ігара Банцэра пасля пратэстаў 2020 году.
У Мінску затрыманы пастар "Царквы Хрыстовай"
Аляксандра Яшнікава абвінавачваюць у «непадпарадкаванні міліцыі».
Пра затрыманне ў фэйсбуку паведаміў Георгій Дзмітрук.
На Гарадзеншчыне ГУБАЗіК затрымаў чатырох мужчын
«Пакаяльнае відэа» з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Максім Кісялеўскі з Ліды затрыманы за падпіскі на «экстрэмісцкія» Telegram-каналы і чаты — за тое, што чытаў і распаўсюджваў інфармацыю адтуль;
Андрэй Кляпацкі затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках;
Трэці — жыхар Гародні, затрыманы за распаўсюд «забароненай» інфармацыі ў «Аднакласніках»;
Юрый Самасюк з Гародні — за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Сілавікі ў поўнай экіпіроўцы затрымлівалі людзей у кватэрах, на вуліцы, выцягвалі з мікрааўтобусаў. Увогуле сілавікі затрымалі не менш як шэсць чалавек, – паведамляе reform.by.
На беларуска-расійскай мяжы затрымалі бабруйчаніна Вячаслава Голуба
Як стала вядома @bobruisk_online, 12 чэрвеня Вячаслаў вяртаўся рэйсавым аўтобусам з Расіі, пасля праверкі дакументаў яму не аддалі пашпарт і затрымалі. Верагодна, мужчына зараз знаходзіцца ў ІЧУ Добруша.
У мінулым годзе мужчына ставіў свечкі ў падтрымку Украіны каля помніка ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій.
Затрыманы брат Алеся Чаркашына і яго калегі па працы
Як стала вядома @NashaNiva, пэўны час назад затрымалі Ігара Чаркашына, малодшага брата Алеся Чаркашына, які загінуў ва Украіне ў 2015 годзе.
Сябры мяркуюць, што Ігара затрымалі на працы разам яшчэ з двума яго калегамі. Магчыма, знайшлі нешта ў смартфонах. На спробы родных нешта даведацца пра затрыманага ім нічога не адказваюць.