viasna on patreon

Да 25 гадоў калоніі: па "справе Гайдукевіча" абвесцілі прысуд Дапоўнена

2023 2023-06-21T12:15:37+0300 2023-06-21T15:23:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gaidukevicha_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фігуранты справы падчас абвяўчэння прысуду 21 чэрвеня 2023 года

Фігуранты справы падчас абвяўчэння прысуду 21 чэрвеня 2023 года

У Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня абвесцілі прысуд па гучнай крымінальнай справе, у тым ліку за спробу падпалу дома Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года. 18 фігурантаў справы агулам абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Сяргей Хрыпач прызначыў ім тэрміны ад двух да 25 гадоў калоніі. Мужчыны заслухоўвалі прысуд у закутых кайданкамі за спіной рукамі, а жанчыны — перад сабой.

Па справе праходзіць 18 абвінавачаных, з якіх 15 чалавек знаходзяцца пад вартай, а трох асудзілі завочна. Працэс цягнуўся чатыры з паловай месяцы. 6 чэрвеня адбыліся спрэчкі бакоў. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў наступныя тэрміны:

  • Вадзім Пракоп'еў — 25 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму завочна, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў;
  • Ігар Чамякін і Дзяніс Хаміцэвіч — 20 і 16 гадоў калоніі адпаведна завочна з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўленыя воінскага звання;
  • Сяргей Лісоўскі — 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага звання;
  • Пётр Юркевіч — 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы;
  • Павел Чыхінскі,  Дзяніс Філончык — па 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Віталь Вайцяховіч (бацька) — 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы;
  • Анастасія Вайцяховіч (жонка сына) і Вольга Вайцяховіч (жонка Віталя) —  па 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Уладзіслаў Вайцяховіч (сын) — 21 год калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага звання;
  • Уладзімір Савянкоў — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з адбыццём першых пяці гадоў ва ўмовах турмы, пазбаўлены воінскага звання;
  • Дзмітрый Невяркевіч — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў, штраф 3000 базавых велічынь;
  • Вольга Петух  — 10 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
  • Мікалай Рой — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • Сяргей Сакалоў — 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў, пазбаўлены воінскага звання;
  • Эдуард Пястрак — 3,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць дзяржаўныя пасады з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады тэрмінам на пяць гадоў, таксама пазбаўлены воінскага звання;
  • Аляксей Міхайлаў — 2 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за "неданясенне пра злачынства". Яго вызвалілі ў зале суда па адбыцці тэрміну.

Кватэра Пракоп'ева ў цэнтры горада пакінутая пад арыштам. Гідрокосцюм Вайцюховіча, а таксама ласты, рацыя, квадракоптэр, канвойныя кайданкі, рыдлёўку аўтамабільную, тэлефон Redmi і іншыя рэчавыя доказы будуць канфіскаваныя. Нацыянальна сцяг Беларусі з гербам "Пагоня" і налепкі з бел-чырвона-белай сімволікай, палімерны пакет, кантэйнер з шайбамі, "кактэйль Молатава" і іншыя рэчавыя доказы, якія належаць Рою, — знішчыць.

23 снежня 2022 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Сярод іх і дзевяць фігурантаў гэтай справы: Вадзім Пракоп'еў, Ігар Чамякін, Дзяніс Хаміцэвіч, Віталь Вайтэховіч, Вольга Вайтэховіч, Сяргей Лісоўскі, Вольга Петух, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў.

У абвінавачванні асноўную ролю адыгрывае экс-рэстаратар Вадзім Пракоп'еў, якога судзяць цяпер завочна. Паводле версіі абвінавачвання, з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіны і іншых дзяржаў "была створана і дзейнічала арганізаваная злачынная група, асноўная мэта якой заключалася ў здзяйсненні нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Злачынствы павінны былі здзяйсняць радыкальна настроеныя да дзеючай улады асобы, сярод якіх былыя і дзеючыя вайскоўцы, супрацоўнікі праваахоўных органаў, перш за ўсё падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, спартсмены рукапашнага бою, бізнесмены і іншыя, хто падзяляў погляды захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. У склад "злачыннай групы" ўвайшлі сам Пракоп'еў, Віталь, Анастасія, Уладзіслаў і Вольга Вайцяховічы, Сяргей Лісоўскі, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Пётр Юркевіч, Ігар Чамякін і іншыя.

"Пракоп'еў выступіў арганізатарам змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, кіраваў злачыннай дзейнасцю групы змоўшчыкаў, наўмысна арганізаваў і непасрэдна ажыццяўляў шуканне сродкаў, гармат, а таксама здзяйсняў іншыя наўмысныя дзеянні, непасрэдна накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам. З гэтай мэтай Пракоп'еў, ведаючы аб маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах, паэтапна стварыў кіраваную, устойлівую, з размеркаваннем роляў і функцый, планаваннем злачынстваў арганізаваную злачынную групу, нацэленую на сумесную, працяглую па часе злачынную дзейнасць", — гаворыцца ў абвінавачванні.

На судзе ў якасці сведкі (чамусьці не пацярпелым) выступіў галоўны фігурант справы — дэпутат Алег Гайдукевіч.

У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі па 14 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 і 2 арт. 357 — змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады; 
  • ч. 1 арт. 359 — акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча; 
  • ч. 2 і 3 арт. 289 — акт тэрарызму; 
  • арт. 364 — гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў; 
  • ч. 1 арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; 
  • ч. 1, 2, 3 арт. 295-3 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, якое дзівіць дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў; 
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім; 
  • ч. 2, 3 і 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; 
  • ч. 1 і 2 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі; 
  • ч. 3 арт. 424 — злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі; 
  • ч. 2 арт. 406 — неданясенне аб злачынстве; 
  • ч. 3 арт. 425 — бяздзейнасць службовай асобы; 
  • ч. 1 арт. 361-3 — удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў;
  • ч. 2 арт. 243 — ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства