Узмацненне рэжыму для палітвязняў, новыя крыміналкі: хроніка пераследу 25-26 чэрвеня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 25-26 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Рудзенскага актывіста плануюць накіраваць у Навінкі
Уладзіміра Кондруся затрымалі 16 чэрвеня і пакаралі 15-суткавым арыштам за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Такое рашэнне прыняла суддзя Алена Марчанка.
За кратамі актывіст абвесціў галадоўку. Цяпер яго плануюць накіраваць у псіхіятрычны цэнтр у Навінках.
«Яму давялося спаць на голым жалезе, бялізну не далі. Уначы будзілі па некалькі разоў. Тыдзень ён трымаў галадаванне», – распавяла крыніца «Белсату».
Раней Уладзіміра асудзілі за «удзел у масавых беспарадках» падчас акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, прызначыўшы 1,5 года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам.
Журналіста Дзмітрыя Семчанку перавялі ў івацэвіцкую калонію
Дзмiтрый Cемчанка — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзідэнцкага пула» тэлеканала АНТ. 15 верасня Семчанку затрымалі разам з яго жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Суддзя Яўген Пісарэвіч 23 сакавіка асудзіў Семчанку да трох гадоў калоніі.
У Вярхоўным судзе 23 траўня разгледзелі апеляцыйную скаргу палітвязня. Суддзя Аляксей Рыбакоў пакінуў прысуд у сіле, а скаргу — без задавальнення.
Нядаўна Дзмітрыя перавялі ў івацэвіцкую калонію № 22.
Адрас для падтрымкі: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Дзмiтрый Віктаравіч Семчанка (на канвертах трэба пісаць «каранцін»).
Супраць палітвязня Алега Яфрэменкі ўзбудзілі трэцюю крымінальную справу
У судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня палітвязню Алегу Яфрэменку прысудзілі ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, Алега перавялі на турэмны рэжым.
З 18 лістапада Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час цісне на Алега. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК. У хуткім часе над ім адбудзецца суд.
Падтрымайце Алега тэлеграмамі, лістамі і паштоўкамі: ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Алег Віктаравіч Яфрэменка.
Супраць палітвязня Аляксея Камароўскага ўзбудзілі новую крымінальную справу
У Мінску 21 сакавіка Аляксея Камароўскага асудзілі да 4 гадоў калоніі, а таксама прызначылі яму кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту памерам 3000 рублёў. Мужчыну абвінавацілі ў спробе збіць даішніка падчас пратэстаў паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) і арт. 365 КК (Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Месяц таму ён пачаў адбываць тэрмін у мазырскай калоніі № 20, дзе яго амаль адразу па прыбыцці змясцілі ў ШІЗА. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супраць палітвязня ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 369 КК (Абраза міліцыянта) — Аляксей нібыта пакінуў абразлівы каментар у чаце. Цяпер мужчыну перавялі ў гродзенскую турму № 1.
Падтрымайце Аляксея пасылкамі і грашовымі пераводамі: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аляксей Ігаравіч Камароўскі.
У Беларусі папаўненне ў “экстрэмісцкім” спісе
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі «Рускага Добраахвотніцкага Корпуса» і "Легіёна "Свабода Расіі". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Заводскага раёну Мінска 16 чэрвеня.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:
Telegram-каналы, чаты і боты «Обр. связь БЛбот», «Гняздо Буслоубот», «Беларусы за Украину bot», «Орша Льнуха», «(НЕ)АПОШНІЯ НАВІНЫ», «Жыццё, каханне i смерць», «Вот так дела», «Андрей Суздальцев»;
Старонкі ў «Аднакласніках» «Анатолий Александрович Манулик», «Анатолий Манулик», «Светлогорск, Беларусь. Новости. Доска объявлений»;
Instagram-старонка «panda.news.bу»;
Сайт і сацсеткі праекту «Это Минск, детка»;
Twitter-старонка «Вiцебская Вясна»;
Інфармацыя дапаўняецца.