Аляксандр Белямук: "Сыну прысудзілі тры гады ні за што, нягледзячы на праблемы са здароўем"
Брэсцкі абласны суд 28 чэрвеня разгледзеў крымінальную справу супраць берасцейца, спартоўца Дзмітрыя Белямука. Яго абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, іншай варожасці).
Працэс вяла суддзя Руслана Сянько, дзяржабвінаваўца – Аляксандр Бацюшка.
Паводле звестак “Берасцейскай вясны”, мужчыну змясцілі пад варту ў сярэдзіне лютага 2023 года. Яго абвінавацілі за негатыўныя тэлеграм-каментары ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, а таксама за “абразу рускіх па нацыянальнай прыкмеце”.
Пра прысуд выйшаў ролік на дзяржаўным тэлебачанні (не называючы імя абвінавачанага, але абставіны падыходзяць пад справу Белямука). Там пракурор распавядае сутнасць абвінавачвання, што пра рускіх было напісана «абраза па нацыянальнай прыкмеце». Таксама пракурор Бацюшка паведаміў, што па ўсіх трох артыкулах суд прысудзіў Дзмітрыю тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў).
Тыя ж журналісты дзяржаўнага выдання, якія бралі каментар пракурора, знялі блізкіх Дзмітрыя Белямука на выхадзе з залы суда адразу пасля абвяшчэння прысуду. Бацька Дзмітрыя, Аляксандр Белямук, заявіў што сыну прысудзілі тры гады "ні за што”, і нягледзячы на праблемы са здароўем (“хворы, з чэрапам расколатым").
«Гэтай справай нажылі яшчэ аднаго ворага, — кажа падчас здымак Аляксандр Белямук і дадае. — Чалавек, які выступаў супраць (маецца на ўвазе Раман Пратасевіч — заўв. рэд.), памілавалі яго, а ён што толькі не тварыў! Адзін раз выказаў чалавек, хворы, з чэрапным расколатым — тры гады ўлупілі. За што, хлопцы? Хутка і за мной прыйдуць, я ведаю. Я ўпэўнены, што прыйдуць. (…) Вы ўсё выдатна разумееце, што ёсць несправядлівасць. Ёсць. Але ўсе маўчаць. Адзін сказаў. Няправільна сказаў. Пакараць можна, але не так. Яго штрафам пакаралі. А тут яшчэ тры гады».