viasna on patreon

Новае затрыманне і "экстрэмісцкае фармаванне": хроніка пераследу 12-13 ліпеня Дапоўнена

2023 2023-07-12T18:48:00+0300 2023-07-14T12:48:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pap.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Каратели Молодечно"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 7 ліпеня. Пазначана, што ў склад «фармавання» таксама ўваходзіць telegram-канал «Каратели и прикорытники Пинска».

Адзначым, што абодва каналы ўжо больш за год не абнаўляліся — ёсць верагоднасць, што сілавікі затрымалі кагосьці з адміністратараў і цяпер вырашылі дадаць каналы ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў», як яны рабілі ўжо неаднаразова.


Журналістцы польскага інфармагенцтва РАP забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў

Юстына Прус працавала ў краіне з 2016 году. Цягам усяго пэрыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю пры МЗС.

Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году, асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе. Забарону выдаў КДБ, піша @pozirkonline.


У Пружанах мужчыну затрымалі за каментары наўпрост на працы — яго выводзілі ў кайданках і з мяшком на галаве

У праўладным канале ўчора з'явілася «пакаяльнае відэа» з Яўгенам Пеляхатым. Паводле інфармацыі "Берасцейскай вясны", мужчыну затрымаў ГУБАЗіК яшчэ 1 чэрвеня на працы з прымяненнем «спецсродкаў і фізічнай сілы».

Цяпер мужчына ў СІЗА чакае суда, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).


ГУБАЗіК пахваліўся тым, як разграміў кватэру шоумэна Дзяніса Дудзінскага

Сілавікі зламалі мэблю, раскідалі рэчы і засунулі ва ўнітаз нацыянальны і украінскі сцягі.


Жыхару Докшыцаў Віктару Сіўцэвічу прызначылі 10 сутак за "экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю"

Як паведаміла "Віцебская вясна", 20 чэрвеня ў судзе Докшыцкага раёну разбіралі справу мясцовага рамесніка, у якога на старонцы ў «Аднакласніках» міліцыянты заўважылі «лагатып тэлеканала «Б», а таксама рэпост з інтэрнэт-рэсурса, таксама прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Суддзя Вячаслаў Елісеенка пакараў Віктара арыштам на 10 сутак.

Сіўцэвіч быў затрыманы напярэдадні суда, у Докшыцкім РАУС правялі агляд ягонага тэлефона і выявілі так званыя «экстрэмісцкія матэрыялы».


У "тэрарыстычны спіс" дадалі фігурантаў справы "Каардынацыйнай рады"

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.

Сярод іх Таццяна Курыліна, якая вярнулася ў Беларусь па праграме сілавікоў «Дарога дамоў» і была асуджаная да 4,5 гадоў калоніі, фігуранты справы «Каардынацыйнай рады» Марыя Мароз, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі, спартовец і блогер Іван Котаў, інжынер «Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетках» Уладзіслаў Купрыянаў, дырэктар газеты «Белорусы и рынок» Канстанцін Залатых, а таксама Вадзім Саскавец і Аляксей Прохараў.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1080 чалавекі, з іх 330 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1089 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


За каментары пра расійскіх вайскоўцаў затрыманы жыхар Ваўкавыску

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з Віктарам Баркетам. Мужчына гаворыць, што быў затрыманы за абразу ў Telegram расійскіх вайскоўцаў, якія «служаць ва Украіне», абразу кіраўніка аблвыканкама і гродзенскага ваенкама, піша  @Grodno_grab


"Дрэнныя ўмовы ўтрымання" — не проста словы. На Акрэсціна памёр вязень

Пра гэта паведамілі чытачы "Новага часу".

«Яго звалі Андрэй Макарэвіч. Ён наогул не павінен быў да нас патрапіць, такіх дробных зладзюжак саджаюць на 7 — 10 сутак у іншыя камеры, да так званых “працоўных”, каго выводзяць на працу. Але ў яго ў тэлефоне знайшлі нейкія рэпосты, і ён у выніку сядзеў з намі па палітыцы».

Па словах сукамерніка, мужчына час ад часу прасіў у медперсанала Акрэсціна інгалятары, бо ён быў астматыкам. Іх яму выдавалі не заўсёды — адна з лекарак адмовілася выдаць і Макарэвіч суткі правёў без інгалятара.

«Гэта было ў нядзелю — я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць, “званіце ў кнопку”. Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі, і проста ля ракавіны ўпаў.

Выклікалі “хуткую”, яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства