22-гадовага жыхара Светлагорска асудзілі да 8 гадоў калоніі
Гомельскі абласны суд 10 чэрвеня да васьмі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзіў 22-гадовага жыхара Светлагорска Максіма Драбніцу. Негледзячы на тое, што працэс праходзіў у закрытым рэжыме, у судзе раскрылі дзяржаўнаму выданню "Гомельская праўда" акалічнасці справы. Максіма прызналі вінаватым у тым, што ён уступіў у "экстрэмісцкае фармаванне" план "Перамога" і нібыта планаваў падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне. Максіма абвінавацілі паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1(стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і ч. 2 арт. 290-5 (арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі).
Суд над Максімам пачаўся 26 траўня ў Гомельскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Працэс вёў суддзя Мікалай Доля. Пасля затрымання Максіма Драбніцу ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА № 3.
Максіма Драбніцу прызналі вінаватым у тым, што ён уступіў у "экстрэмісцкае фармаванне" (план "Перамога") і планаваў падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне. Дзяржаўнае выданне піша, што, каб спыніць вайну ва Украіне, Драбніца "быў гатовы на ўсё". Калі ж хлопец прыехаў да чыгункі, то трапіў там у засаду сілавікоў і быў затрыманы.
22-гадоваму жыхару Светлагорска Максіму Драбніцы прызначылі восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 3 700 рублёў.
У красавіку хлопца дадалі ў "тэрарыстычны спіс" КДБ.
Падтрымайце вязня: СІЗА-3, 246003, Гомель, Кніжная, 1А, Драбніца Максім Сяргеевіч