"Такія пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і на долю ўсяго беларускага народу", – Наталля Пінчук
Два гады таму, 14 ліпеня, былі затрыманыя старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч. Чатыры месяцы таму за праваабарончую дзейнасць у "Вясне" іх асудзілі да жорсткіх тэрмінаў — ад 7 да 10 гадоў зняволення. Трох праваабаронцаў накіравалі адбываць тэрміны ў калоніі на Магілёўшчыны. Да гадавіны затрымання вясноўцаў мы паразмаўлялі з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук пра апошнія навіны з калоніі пра праваабаронцу, смерць яго блізкага сябра Алеся Пушкіна і працяг справы мужа.
"Цяжка сказаць, у якім стане, здароўі і ці наогул здолеюць выйсці на волю нашыя блізкія"
Гэтыя два гады для сям’і Алеся, як і для іншых сваякоў палітвязняў, сталі цяжкімі часамі выпрабаванняў і новых выклікаў у жыцці. Пры гэтым, Наталля ўзгадвае першы арышт мужа ў 2011 годзе, калі яго затрымалі і асудзілі да чатырох з паловай гады. У зняволенні ён прабыў амаль тры гады і быў адпушчаны датэрмінова ў сувязі з амністыяй.
"Гэтыя гады — новыя выпрабаванні, якое можна дзесьці параўноваць з тымі гадамі, калі Алесь сядзеў свой першы тэрмін у бабруйскай калоніі. Гэты час — не лягчэйшы. Перш за ўсё, цяжка ўспрымаецца невядомасць: калі няма з ім сувязі ці яна перапыняецца, калі не даходзяць да мяне яго лісты і наадварот. Усё гэта трымае мяне ў вялкім напружанні. Я думаю, што гэта таксама стварае маральныя праблемы для Алеся”.
Наталля параўновае часы першага і цяперашняга зняволення праваабаронцы:
"Ёсць як і нешта падобнае, так і адрозненні. Вялікае адрозненне мы бачым у тэрмінах. Цяпер Алесю прысудзілі грамадны тэрмін — 10 гадоў. Ва ўмовах, у якіх утрымліваюць вязняў у турмах, — гэта тэрмін на ўсё жыццё. Цяжка сказаць, у якім стане, здароўі і ці наогул здолеюць выйсці на волю нашыя блізкія. Яшчэ адно адрозненне з першым тэрмінам у тым, што такія пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і на долю ўсяго беларускага народу. Цяпер, якога б чалавека мы з вамі не спыталі ў Беларусі, ён заўсёды знойдзе ў блізкім асяроддзі чалавека, які патрапіў пад рэпрэсіі".
"У лістах узгадвае сітуацыі з вольнага жыцця"
Напачатку траўня 2023 года Алеся Бяляцкага перавялі ў горацкую калонію строгага рэжыму № 9, якая лічыцца паводле сведчанняў былых вязняў адной з самых жорсткіх у Беларусі:
"Пасля таго, як Алеся перавялі, вестак ад яго не было каля месяца. Потым ён стаў дасылаць мне лісты. Наколькі я разумею па лістах, дзе не было адваротнай сувязі, ад мяне Алесь не атрымліваў лістоў. Таму ёсць падставы меркаваць, што на яго аказваецца новы псіхалагічны ціск, які абрывае сувязь з роднымі і робіць яго знаходжанне ў турме яшчэ больш цяжкім”.
Наталля распавядае, што цяпер пасля месячнага перапынку ад Алеся нарэшце прыйшоў ліст, датаваны трэцім ліпеня.
"І зноўку з гэтага ліста я разумею, што маіх лістоў ён не атрымлівае. Па лістах настрой Алеся нельга назваць аптымістычным, хаця можа я так успрымаю... Ён спрабуе трансляваць для мяне, што быццам у яго ўсё нармальна. Але я разумею, наколькі гэта можа быць "нармальна" ў цяперашніх умовах турмаў. Ды і былыя зняволеныя яшчэ да 2020 года сведчылі, што ў калоніі № 9 вельмі жорсткія ўмовы, распавядалі, як нацкоўваюць "крымінальны элемент" на палітычных вязняў, пра збіццё ў душавых... Таму я магу меркаваць па сведчаннях былых вязняў горацкай калоніі, якія там умовы.
Алесь перажывае, каб я не хвалявалася за яго. У асноўным у лістах ён узгадвае, як жылі раней і сітуацыі з вольнага жыцця. Змест ягоных лістоў нешырокі”.
Праваабаронца працуе цяпер у калоніі на дрэваапрацоўцы. Наталля адзначае, што ў лістах Алесь асабліва не піша пра сваё здароўе, але часам праскоквае, што яно пагаршаецца.
"І гэта мяне вельмі-вельмі не пакоіць".
"Алесь Пушкін для Алеся быў яркім прыкладам сапраўднага беларуса і мастака"
Ноччу 11 ліпеня памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін, які адбываў пяцігадовы тэрмін за карціну ў гродненскай турме. Ён быў блізкім сябрам Алеся Бяляцкага. Наталля вельмі хвалюецца за стан мужа, калі ён дазнаецца гэтую жахлівую навіну:
"Баюся ўявіць, што будзе адчуваць Алесь, калі даведаецца гэтую навіну. Як ён гэта перажыве… У мяне ў самой рука не падымаецца пісаць пра гэта яму... Для Алеся гэта будзе мацнейшы ўдар. Я сама не тое, што не магла паверыць, а адмаўлялася ў гэта верыць, і да гэтага часу не магу з гэтым прымірыцца.
Гэта вельмі блізкія людзі адных поглядаў на жыццё і на ўсё, што адбываецца навокал. Гэта людзі, якія адданыя Беларусі. Алесь Пушкін для Алеся быў яркім прыкладам сапраўднага беларуса і мастака".
Наталля адзначае, што смерць Алеся Пушкіна, у тым ліку з'яўляецца паказчыкам таго, якім чынам ставяцца да палітычных зняволеных у турмах:
"Алесь Пушкін да канца адмаўляўся пераходзіць на расейскую мову нават у гэтых жахлівых умовах зняволення, за што пацярпеў таксама. На жаль, і да гэтага часу ў нашай краіне працягваюцца ганенні на беларусаў і беларускае ў такіх жахлівых формах. Тых, хто да канца стаіць за беларускую мову, па сутнасці вынішчаюць”.
"Я павінна рабіць хаця бы тое, што магу не толькі для Алеся, а для ўсіх"
Наталля дзеліцца, што для таго, каб беларускае пытанне цяпер гучала ў свеце на старонках замежных СМІ, успрымалася і чулася ў коле палітыкаў, трэба прыкладаць шмат намаганняў. І Наталля стараецца гэта рабіць. Так, напрыканцы чэрвеня Наталля выступіла ў падкамітэце па правах чалавека Еўрапейскага парламенту, дзе распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, палітзняволеных і пра тое, у якіх умовах, яны ўтрымліваюцца ў месцах зняволення і якая дапамога ім неабходна.
“Акрамя гэтага тэрору супраць народу, яшчэ адбываецца па сутнасці палітыка этнацыду, калі навязываецца расейскія мова і наратывы, перарабляецца гісторыя. Тысячы людзей пакутуюць, як унутры Беларусі, так і за яе межамі, мусіўшы ўцякаць ад гэтага тэрору са сваёй краіны. Лукашэнка ўводзіць краіну ў гэты "рускі мір", не дапускаючы жывой беларускай дзейнасці ўнутры краіны. Усе арганізацыі, якія былі скіраваныя на развіццё і адраджэнне беларускай мовы, культуры былі закрытыя. Гэта ўсё характаразуе тую антыбеларускую палітыку, якую праводзіць Лукашэнка ў нашай краіне. І гэта таксама парушэнне правоў беларусаў”.
Наталля Пінчук у Еўрапарламенце: "Беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 году не забытыя"
Наталля распавядае, што па зразумелых прычынах у міжнародных журналістаў і палітыкаў на першым месцы пытанне наконт Беларусі звязана з Украінай і вайной.
“Але не трэба забываць, што Беларусь — важная частка геапалітыкі, якую трэба адстойваць. Бо дэмакратычная Беларусь, гэта, па сутнасці, гарантыя міру для Украіны і для ўсёй Еўропы. Таму Беларусь трэба трымаць пад пільным наглядам і рабіць усё магчымае, каб паванне гэтай дыктатуры было зведзенае на нішто”.
Цяпер Наталля фактычна працягвае справу мужа, – заснавальніка і старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міра Алеся Бяляцкага – стаўшы не толькі яго голасам, а голасам многіх беларусаў:
“Лічу, што ў гэтай страшнай сітуацыі я павінна рабіць хаця бы тое, што магу не толькі для Алеся, а для ўсіх. Гэта дае мне адчуванні таго, што маё існаванне недарэмнае, таму што магу рабіць нейкую дзейнасць на карысць нашых людзей”.
Напрыканцы размовы Наталля адзначае, што дэмакратычныя пераўтварэнні і змены ў Беларусі — адна з важнейшых мэтаў, якую мы мусім дасягнуць абавязкова.
Пяць гісторый пра палітзняволеных "вясноўцаў"