Вільня: пікет салідарнасці з затрыманымі два гады таму праваабаронцамі "Вясны" Фота
Маўклівы пікет падтрымкі і салідарнасці са зняволенымі калегамі правялі праваабаронцы і прадстаўнікі кампаніі #FreeViasna ў цэнтры Вільні 14 ліпеня.
У гэты дзень два гады таму адбыліся масавыя затрыманні праваабаронцаў, грамадскіх дзеячоў і журналістаў па ўсёй Беларусі. Наймацней яны закранулі “Вясну”. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч, разам з дзясяткамі іншых вясноўцаў, пасля ператрусаў былі затрыманыя і кінутыя за краты за сваю праваабарончую дзейнасць.
Гэты дзень стаўся пераломным у лёсах многіх вясноўцаў. Ператрусы, допыты, затрыманне, Акрэсціна, Валадарка. Алесь, Валік і Ўладзь засталіся за кратамі. Шакуючыя тэрміны, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, ізаляцыя, усе гэта зрабілася сённяшняй рэальнасцю.
3 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў Нобелеўскаму лаўрэату міра Алесю Бяляцкаму, яго намесніку і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту Уладзіміру Лабковічу ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы.
На плошчы Вінцаса Кудзіркі сёння сабраліся праваабаронцы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, каб нагадаць грамадству пра сваіх зняволеных калегаў, данесці праўду пра жахлівую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая склалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Жыхары і госці Вільні цікавіліся пікетам, падыходзілі і задавалі яго ўдзельнікам пытанні пра сітуацыю ў Беларусі.