За злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі палітвязню дадалі яшчэ паўгады зняволення
Яшчэ аднаго палітвязня асудзілі па артыкуле за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы” (ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса). На гэты раз такім спосабам тэрмін знаходжання за кратамі павялічылі Яўгену Зашчытаву са Жлобіна, які адбывае пакаранне ва ўмовах строгага рэжыму.
У дадатак да тэрміну, на які ён быў асуджаны раней, суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова 13 ліпеня прысудзіла яму яшчэ 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Цяпер агульны тэрмін, на які асуджаны Зашчытаў – тры гады і шэсць месяцаў, піша "Гомельская Вясна".
Яўген Зашчытаў спачатку быў асуджаны 2 красавіка 2021 г. судом Жлобінскага раёна. Яго тады прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК (Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прычынай стала акцыя пратэсту, якая адбылася ў Жлобіне 9 – 10 жніўня 2020 г. пасля прэзідэнцкіх выбараў. Справу вяла суддзя Наталля Качалава.
У чэрвені 2022 года Яўгену змянілі рэжым адбывання на турэмны. Перад гэтым Зашчытава пакаралі 70 суткамі штрафнога ізалятара, а потым ён яшчэ на два месяцы быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу.