“Іх барацьба можа крануць любога. Іх годнасць і мужнасць – урок для кожнага з нас”. Чаму замежныя творцы малююць палітвязняў Беларусі
У свеце, дзе галасы прыгнечаных часта застаюцца непачутымі, замежныя мастакі Джанлука Канстанціні (Італія) і Раш Бракс (Францыя) паўсталі на абарону тых, каго прымусілі маўчаць. Праз свае шчырыя мастацкія творы і непахісную прыхільнасць правам чалавека яны даюць надзею палітычным вязням, у тым ліку тым, хто знаходзіцца за кратамі ў Беларусі. У інтэрв’ю “Вясне” Джанлука Канстанціні і Раш Бракс дзеляцца сакрэтамі свайго творчага працэсу і расказваюць пра тое, што рухае іх у падтрымцы ізаляваных.
Джанлука Канстанціні маляваў і распавядаў пра парушэнні правоў чалавека апошнія 20 гадоў, але Беларусь трапіла ў поле зроку ў апошнія некалькі гадоў.
“Мой першы малюнак датуецца 2020-м і быў пра гвалтоўныя рэпрэсіі ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі. Потым я пачаў маляваць некаторыя гісторыі затрыманых людзей. У той жа час я прачытаў цудоўную кнігу Сашы Філіпенкі пад назвай "Былы сын", якая растлумачыла мне шмат рэчаў пра Беларусь”.
"Некалькі гадоў таму мне пашанцавала пазнаёміцца з Алесем, а потым з Валянцінам", — узгадвае Раш Бракс.
Яму было прыкра пабачыць такія сляпыя і агідныя рэпрэсіі мірных актывістаў у Беларусі, асабліва калі мастак дазнаўся, што Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча зноў затрымалі і кінулі ў турму.
"Я быў уражаны іх мужнасцю, сціпласцю і самаіроніяй. Я вельмі захапляюся людзьмі, якія застаюцца пацыфістамі і захоўваюць спакой перад тварам гвалту, самавольства і нянавісці. Для мяне Алесь і Валянцін — гэта ўзор годнасці".
"Я звярнуўся да тэмы “Вясны”, таму што адчуваў бяссілле, і я хацеў прынесці трошкі паэзіі і творчасці ў яе. Верагодна, гэта бессэнсоўна і смешна. Але дыктатары і бюракраты пазбаўленыя паэзіі і крэатыўнасці.
Гэта вельмі сціпла, можа, і бессэнсоўна. Але мне важна паказаць маленькі знак салідарнасці з Францыі".
"Калі вы бачыце Алеся, вы не маеце права апускаць рукі і губляць матывацыю”.
Раш удакладняе:
"Калі яму прысуджаюць 10 гадоў турмы ў адной з найбольш жорсткіх дыктатур у свеце, а ён рэагуе з усмешкай. І гэтай усмешкай ён паказвае, што ён проста больш чалавечны і мацнейшы за іх, нават калі ён не мае зброі і знаходзіцца за кратамі".
Джанлука Канстанціні сцвярджае, што для таго, каб працаваць у галіне правоў чалавека, ты павінен пазітыўна глядзець у будучыню і ведаць, што ўсё можна выправіць. Шмат людзей у розных частках свету, за якімі ён сачыў, былі вызваленыя.
"Бачыць свае малюнкі на плошчах па ўсім свеце дае мне вялікую матывацыю працягваць працу. Напрыклад, калі я падараваў арыгінальны малюнак бацьку Мікалая Дзядка і атрымаў яго фота з малюнкам у руках, гэта прынесла мне велізарнае задавальненне".
"Мая мэта — абараняць палітычных вязняў малюнкамі і дапамагаць актывістам і іх сем’ям у просьбах аб вызваленні".
"Партрэты, якія я раблю, — гэта партрэты палітычных вязняў, і калі я пачынаю маляваць для асобнай краіны, людзі прыходзяць мне на дапамогу. Яны даюць мне парады і накіроўваюць да канкрэтных герояў. Я ў кантакце з некаторымі італьянскімі суполкамі і з Беларускай Радай культуры".
“Амаль заўсёды канкрэтных асобаў мяне просяць намаляваць іншыя людзі, гэта бадай штодзённыя просьбы”.
Джанлука кажа, што ён намагаецца задаволіць кожную просьбу, але ў першую чаргу глядзіць на чалавека, якога ён малюе.
"Людзі, якія пазбаўлены свабоды выказвання альбо перамяшчэння, — мае галоўныя тэмы.
Што тычыцца Беларусі, там ёсць бясконцы шэраг людзей, якіх можна маляваць і абараняць, але я засяроджваўся на тых, хто мне падаваўся больш важным, як Кацярына Барысевіч і Ігар Лосік".
Канстанціні ўпэўнены, што мастацтва даносіць самыя нязручныя тэмы да іншых больш чулым спосабам.
"Малюнкі, а таксама коміксы — гэта вельмі магутны сродак уздзеяння ў камунікацыі, асабліва праз сацыяльныя сеткі. Шмат кампаній, якія выкарыстоўвалі мае праекты, прайшлі паспяхова, і я ганаруся імі. Людзі спынялі позірк. Але, магчыма, так было заўсёды, мастацтва заўсёды было палітычным — ад таго, якое выкарыстоўвае прапаганда, да таго, што выкарыстоўваецца падчас рэвалюцый".
"Мастацтва заўсёды ўплывае на грамадства. Існуе наіўны светапогляд, які хоча, каб мы паверылі, што мастакі жывуць у сваім уласным свеце. Наша задача, я б сказаў, абавязак, — гэта менавіта паспрабаваць змяніць правілы, на падставе іншага погляду".
Джанлука Канстанціні зацікаўлены ў мастацтве, якое ўзаемадзейнічае з супольнасцю, мастацтве, якое дзеліцца і не навязвае. На яго думку, мастацтва — гэта спосаб пераадолець дыскамфорт, канфлікт, дапамагаючы іншым, спосаб працы з палітычнай і грамадскай прасторай.
"Мастацтва дапамагае мне шукаць іншы шлях".
Для Раша Бракса, з іншага боку, ягоны ўплыў падаецца вельмі выпадковым.
"Я раблю малюнкі для грамадскіх арганізацый, актывістаў правоў чалавека альбо журналістаў пад пагрозай, з маімі творамі можна рабіць усё што заўгодна! Часам яны публікуюцца, часам яны застаюцца ў сацыяльных сетках. Аднойчы я зрабіў кнігу коміксаў пра вайну ў Чачні. Калі яна была апублікаваная, я падараваў яе двум маім калегам з Чачні. Яны смяяліся і плакалі адначасова, калі чыталі яе. Гэта сапраўды кранула мяне".
"Некалькі гадоў таму я зрабіў шэраг малюнкаў для праваабаронцаў, які знаходзіўся ў турме ў Бахрэйне. Аднойчы ён патэлефанаваў мне са сваёй камеры. Ён не меў магчымасці ўбачыць мае малюнкі, іх яму апісваў сын кожны раз, калі яны публікаваліся. Мы смяяліся і абяцалі адзін аднаму сустрэцца зноў. Такое абяцанне, якое вы даяце ў пэўны момант, а потым забываецеся на яго. Ён не забыўся. Гэтай зімой ён мне патэлефанаваў. Ён быў праездам у Парыжы. Мы выпілі кавы, пасмяяліся, і я падараваў яму мае малюнкі".
Аднойчы праваабаронца “Мемарыяла” Аюб Ціціеў знаходзіўся ў клетцы на судзе ў Грозным. Суд быў сфабрыкаваны. Існуе фота сябры FIDH, які ўручае яму малюнак Раша, зроблены для яго, і праваабаронца смяецца ў сваёй клетцы. Малюнак быў апублікаваны ў “Новай газеце”.
"Мае малюнкі не маюць іншых мэтаў. Часам яны бескарысныя. Часам яны прыносяць крыху цеплыні і гумару. Часам яны прыцягваюць трошкі дадатковай увагі".
"Калі я рабіў малюнак Марфы [Рабковай], я глядзеў на фота і тое, як яна апранутая: я бачыў чалавека, які любіць жыццё, апранаецца ў сукенкі ў кветачку і ўсміхаецца. Гэта я і хацеў паказаць у сваіх малюнках. Сутыкнуўшыся з гэтымі грубіянамі і бессардэчнымі бюракратамі, жыццё і любоў аказваюцца мацнейшымі за іх нянавісць".
"Менавіта так я бачу “Вясну” і шмат іншых актывістаў з Беларусі. Іх барацьба можа крануць любога, нават калі мы ніколі не наведвалі Мінск, таму што іх чалавечнасць універсальная, і іх годнасць і мужнасць — гэта таксама ўрок для кожнага з нас”.
Больш малюнкаў Джанлукі Канстанціні
Больш малюнкаў Раша Бракса