Вынесены прысуд пісьменніку і фотажурналісту Зміцеру Баяровічу і ягонай жонцы Валерыі
У судзе Ленінскага раёна Мінска 19 ліпеня вынесены прысуд пісьменніку і фатографу Зміцеру Баяровічу і ягонай жонцы Валерыі Баяровіч. Іх абвінавацілі ў арганізацыі і прадрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.
Палітзняволены Зміцер Баяровіч — пісьменнік і журналіст, быў затрыманы 14 сакавіка 2023 года разам з жонкай Валерыяй Баяровіч каля пад’езда іх дома. Супраць абодвух узбудзілі крымінальную справу за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года ў Мінску (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Напачатку Баяровічы былі змешчаныя ў следчую турму № 8, затым пераведзеныя ў СІЗА №1 на "Валадарку".
Зміцер Баяровіч працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТВ, але ў 2020 годзе звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый.
Раней, у 2012 годзе, у выдавецтве "Галіяфы" выйшла ягоная дэбютная кніга "Шалі".
Суддзя Юлія Інчына прызначыла Дзмітрыю і Валерыі па тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу «хатняя хімія», паведамляе СТВ.
Іх вызвалілі з-пад варты ў залі суда.
Дарэчы, у дзень суда, еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка суда, дзе разглядалася справа пісьменніка і фатографа Дзмітрыя Баяровіча і яго жонкі Валерыі. Пра гэта паведамляе Амбасада Германіі ў Беларусі.
«У адным з судоў Мінска сёння разглядаецца справа несправядліва затрыманых супругаў Валерыі і Дзмітрыя Баяровічаў. Абодва яны прызнаныя палітвязнямі, якія карысталіся сваімі правамі на свабоду сходаў і свабоду слова. Абвінавачванні супраць іх несправядлівыя і маюць палітычныя матывы.
Прадстаўнік Пасольства Германіі ў Мінску, а таксама супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў іншых краін у Беларусі сёння прыйшлі да будынка суда да пачатку судовага працэсу, каб выразіць салідарнасць з Валерыяй і Дзмітрыем. Федэральны ўрад Германіі патрабуе вызвалення палітзняволеных у Беларусі».