Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі Дапоўнена
Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", палітзняволеную актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк, супраць якой узбуджана новая крымінальная справа, збілі ў папраўчай калоніі № 24. Паводле былой зняволенай, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы". Як яна распавядае, гэта зрабілі іншыя зняволеныя, якіх да Паліны падсадзіла адміністрацыя папраўчай калоніі. Акрамя гэтага, муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда распавёў, што ў чэрвені Паліне выклікалі хуткую дапамогу і адпаўлялі яе на некаторы час у санчастку. Па ягоным меркаванні, жонка магла быць збіта менавіта ў гэты час.
Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 364 (гвалт у адносінах да супрацоўнікаў міліцыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прызначыў жанчыне два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У канцы лютага 2022 года на Паліну завялі крымінальную справу пач. 2 арт. 411 КК, а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. Паліна — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле. На выязным пасяджэнні ў гомельскай калоніі 7 красавіка 2022 года Паліну асудзілі яшчэ да аднаго года калоніі.
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі шматлікія "парушэнні“ ўнутранага распарадку, за якія жанчына ўжо панесла пакаранне. Так, напрыклад, на яе складалі рапарты і выпісвалі спагнанні за тое, што яна "спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы, а таксама ўступіла ў камунікаванне з іншымі асобамі"; "выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне"; "расшпіліла пінжак".
Агулам за перыяд знаходжання ў гомельскай калоніі № 4 адміністрацыя знайшла 19 "парушэнняў", за 16 з якіх Паліне былі выпісаны спагнанні: шэсць разоў яе змяшчалі ў ШІЗА, тры разы пазбаўлялі пасылак і перадач, два разы пазбавілі спатканняў, адзін раз адправілі на дзяжурства, аднойчы пазбавілі кароткатэрміновага спаткання і закінулі ў ПКТ. У хуткім часе пасля этапу ў калонію Паліна была прызнана "злоснай парушальніцай рэжыму".
У чэрвені 2022 года ёй пакінулі прысуд без зменаў і перавялі з СІЗА у папраўчую калонію № 24. Але ейны муж даведаўся пра гэта толькі праз месяц. Тады стала вядома, што па прыбыцці ў калонію яе змясцілі ў ШІЗА, дзе яна правяла 80 сутак амаль бесперапынна. Пасля гэтага яе адправілі ў ПКТ на паўгода і ўзбудзілі новую крымінальную справу паводле арт. 411 КК. Але нават з ПКТ палітзняволеную пераводзілі ў штрафны ізалятар на некалькі тыдняў пры тым, што тэрмін ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
Нядаўна Паліну накіравалі на экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя "Навінкі". Этап туды адбываўся праз "Валадарку". Але Паліна адмовілася ад экспертызы — яна не размаўляла з лекарамі, адмовілася прымаць любыя лекі, а таксама адмовілася здаваць любыя віды аналізаў.
У выніку Паліну тэрмінова, спецэтапам, адправілі на "Валадарку" і літаральна праз пару начных гадзін з СІЗА-1 яе адправілі назад у калонію № 24 у Зарэччы. Але ўжо два тыдні няма звестак ад палітзняволенай, таму невядома, ці знаходзіцца яна ў калоніі.
Андрэй Шарэнда 23 ліпеня распавёў падрабязнасці збівання Паліны:
"Толькі зараз з ананімных крыніц атрымалася высветліць нейкія падрабязнасці, што здарылася перад этапам на псіхіятрычную экспертызу.
Адміністрацыя калоніі № 24 арганізавала для Паліны так званую "прэс-хату", падсадзіўшы да яе ў камеру ПКТ дзвух жанчын-првакатарак. Зразумела, што знясіленая многімі месяцамі знаходжання ў ШІЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна збіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калоніі.
Па неправеранай інфармацыі ў Паліны было зламана рабро, ушыб ныркі і перабіта пераноссе. Нават праз амаль тры тыдні пасля збіцця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА на Валадарскага, у Паліны заставаліся шматлікія гематомы на твары і шныр на пераноссі".