Музыка, актывізм, агарод. Гісторыя 73-гадовага палітвязня Барыса Кучынскага
Палітзняволенаму Барысу Кучынскаму цяпер 73 гады. Яго асудзілі на два гады калоніі пасля апеляцыі суда і пратэсту пракурора — першапачаткова яго пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на 3 гады (г.зв. "хатняя хімія"). Усё — праз адзін лайк у "Аднакласніках". Прыйшлі ж за Барысам, калі той быў на агародзе. Разам з Мікітам — унукам Барыса Кучынскага — "Вясна" распавядае пра 73-гадовага палітзняволенага.
Музыка
Па адукацыі Барыс Кучынскі эканаміст. У свой час ён скончыў Інстытут народнай гаспадаркі ("наргас").
"Дзядуля працаваў на мясцовых слонімскіх прадпрыемствах: напрыклад, на фабрыцы "пухпяро" — так ён сам называў, — кажа Мікіта. — Але асноўная дзейнасць: ён — музыка. Ён граў па ўсяму Слонімскаму раёну і нават па ўсёй Гродзенскай вобласці на мерапрыемствах, вяселлях, урачыстасцях. Гэта заўсёды была яго галоўная дзейнасць. Я думаю, што дзед сябе ідэнтыфікаваў не як працоўнага заводаў, а ў першую чаргу як музыку.
Дзядула грае на трубе, на саксафоне, на кларнеце, на гітары, на клавішах. Ён — чалавек-аркестр. Але яго ўлюбёны інструмент — гэта труба, ён заўсёды імкнуўся браць яе з сабою".
"Ён выконваў розную музыку, але больш за ўсё яму падабаўся джаз. Паводле маіх успамінаў, у яго было шмат старых джазавых касет. Я памятаю, калі ён прыехаў з-за мяжы і прывёз шмат касет і дыскаў, калі гэта яшчэ было актуальна", — дадае Мікіта. — Ён самавук. Музыкальнай адукацыі ў яго няма — ён навучыўся музыцы на асабістай матывацыі".
Актывісцкая і палітычная дзейнасць
У Слоніме Барыс Кучынскі вёў актывісцкую дзейнасць. Напрыклад, у 2013 годзе ён патрабаваў у рэдакцыі "Слонімскага весніка" апублікаваць зварот з патрабаваннем вярнуць беларускую мову на старонкі газеты. Змагаўся Барыс і за чыстую ваду ў горадзе: ён калектыўна звяртаўся да мясцовых уладаў з патрабаваннем вылучыць дадатковае фінансаванне з бюджэту Слонімскага раёну на 2014 года для таго, каб забяспечыць наяўнасць жалеза нарматывам пітнай вады ў горадзе.
"Газета Слонімская" ў 2018 годзе апублікавала відэа, дзе Барыс Кучынскі разам з іншым актывістам адкрыта крытыкуе жаласны стан мясцовай сядзібы Пуслоўскіх, якая занесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
"Пуслоўскі мусіць бы ў труне перавярнуўся, калі б пабачыў гэта. Ён тут пакінуў сваю маёмасць — і нават даглядзець яе не могуць. Ганьба — не толькі ўладзе, але і нам, людзям, што мы дазваляем, каб гэта так было", — кажа Барыс у відэа.
А яшчэ Барыс Кучынскі быў кіраўніком мясцовай філіі незарэгістраванай партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". У 2014 годзе ён балатаваўся дэпутатам на мясцовыя выбары, але беспаспяхова.
19 снежня 2010 года Барыс Кучынскі быў у Мінск на Плошчы (на пратэсце супраць агалошаных вынікаў чарговых прэзідэнцкіх выбараў). За гэта ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У 2020-м жа годзе Барыс не ўдзельнічаў у пратэснай дзейнасці — на той момант яму было 70 гадоў. Прычынай яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці стаў лайк у "Аднакласніках" (які дае аўтаматычны рэпост на асабістай старонцы) пад пастом пра міліцыянта Віктара Лутчанка — суд палічыў гэты пост "абразай прадстаўніка ўлады".
"Ён не зразумеў, што гэта за пост, і не ўсведамляў гэтага, — кажа Мікіта пра свайго дзеда. — Ён увесь час сядзеў у Аднакласніках і зусім не разумеў, што ў Беларусі масава фабрыкуюцца крымінальныя справы на падставе пастоў".
Як прыйшлі за Барысам. Пакутлівае чаканне
У студзені 2023 года Гродзенскі абласны суд пасля апеляцыйнай скаргі пракуратуры прысудзіў Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Барыс Кучынскі абскардзіў гэты прысуд у Вярхоўным судзе (але пасля яго скаргу не задаволілі).
"Увесь гэты час дзядуля знаходзіўся пад падпіскай і не ведаў, калі яго забяруць [у калонію]. Гэта дастаткова доўга, такі падвешаны стан. Было ўвесь час пакутлівае чаканне. Бабуля ўвесь час пісала мне: «Дзед яшчэ дома». Часта проста без кантэксту: «Вітаю, Мікіта, дзед яшчэ дома»", — распавёў Мікіта.
Барыс Кучынскі жыве ў мікрараёне Альберцін — на ўскрайку Слоніма. Разам з бабуляй Мікіты яны трымаюць уласны ўчастак з агародам. Там іх і знайшлі міліцыянты — яны прыйшлі за Барысам 31 сакавіка 2023 года.
"З агароду міліцыянты давялі дзядулю да хаты, там далі яму сабрацца. Мяркуючы па ўсім, вельмі мерна ўсё было. Пакуль міліцыя дала час на збор, дзед паспеў і паесці. Пасля гэтага яны паехалі ў размеркавальны цэнтр горада Баранавічы", — распавёў Мікіта.
Лісты і калонія
Потым Барыса перанакіравалі ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску. За гэты час Барыс Кучынскі паспеў даслаць некалькі лістоў.
"У лісце ён пісаў: «Ці падкармілі вы дрэвы згодна рэкамендацыям у інтэрнэце?». І агулам ён пытае пра агарод у лісце, хоць пачынае з таго, што яго даставілі ў калонію. Таму ліст выглядае даволі сюррэалістычна, — успамінае ўнук Барыса. — Яшчэ ў лісце пісаў, што на палітычных лепяць жоўтую бірку. І цэнзура працуе: у лісце з баранавіцкага размеркавальнага цэнтра ёсць месцы замазаныя — там дзед пісаў, з кім сядзіць".
У Барыса Кучынскага ёсць праблемы са слыхам — нават на судовым працэсе ён увесь час перапытваў словы суддзі, бо не мог іх пачуць з першага разу.
"Не ўяўляю, як з гэтым быць у калоніі, — кажа Мікіта. — Ён увесь час перапытвае. Яшчэ ў яго праблемы з сасудамі — праз узрост. Цяпер яму 73 гады. Мне падаецца, у такім узросце садзіцца ў калонію заўсёды даволі небяспечна. Бо нават у цалкам здаровых людзей пачынаюцца праблемы са здароўем там".
Апроч гэтага, Барыс Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам у 150 базавых велічынь (4 800 беларускіх рублёў), а таксама кампенсаваць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5 000 беларускіх рублёў.
"Гэтыя штраф і маральная кампенсацыя — вельмі вялікая сума. Ён жа пенсіянер. З дзедавай пенсіі будуць аднімаць гэтую суму, бо яго ўтрымліваюць у калоніі. Не вельмі зразумела, як выплаціць [у такой сітуацыі] увесь штраф".