viasna on patreon

На волю выйшаў праваабаронца Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмін

2023 2023-07-21T11:43:23+0300 2023-07-21T11:49:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka-smiarotnae.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З віцебскай калоніі № 3 21 ліпеня вызваліўся праваабаронца "Вясны" з Гомеля Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмін. 3 лістапада 2021 года яго асудзілі да трох гадоў зняволення паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні). За кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. 

Леанід Судаленка

Леанід Судаленка — праваабаронца з 20-гадовым стажам аказання дапамогі ў аднаўленні парушаных правоў грамадзянаў. Ён дапамагаў у падрыхтоўцы і накіраванні шматлікіх індывідуальных зваротаў у Камітэт па правах чалавека ААН супраць Беларусі. 

На працягу 2020 года Леанід Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу пры абскарджанні пастаноў, вынесеных судом за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, якія адбываліся ў Гомелі пасля выбараў прэзідэнта. 

5 студзеня 2021 года ў грамадска-палітычным цэнтры, дзе знаходзіўся ў тым ліку і офіс "Гомельскай Вясны", адбыўся ператрус, які доўжыўся больш за 9,5 гадзін. Пасля ператрусу і допыту яго адпусцілі, але затрымалі праз два тыдні і змясцілі пад варту.

3 лістапада 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля распачаўся працэс над праваабаронцам і валанцёркамі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Як распавядаў у сваіх лістах праваабаронца "Вясны", у віну яму ставіліся:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за "беспарадкі”;
  • відэа на ютубе з "Рудабельскай паказухі", дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Па справе было апытана больш за 200 сведак, а матэрыялаў больш за 77 тамоў.

3 лістапада 2021 Леаніда асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, як і Таццяну. Марыя, якой запрасілі два з паловай гады калоніі, вымушана была пакінуць Беларусь.

Адбываць тэрмін Леаніда этапавалі зімой 2022 года ў папраўчую калонію № 3 "Віцьбу", дзе ён працаваў на лесапільн і разборы правадоў. 24 верасня 2022 года Таццяну Ласіцу вызвалілі з папраўчай калоніі праз памілаванне. За кратамі яна правяла 1 год і 8 месяцаў. 

У кастрычніку 2022 г. МУС унёс палітзняволенага праваабаронцу ў пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".


За сваю праваабарончую дзейнасць Леанід быў уганараваны прэстыжнай французскай прэміяй "Свабода-Роўнасць-Братэрства" ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі "Праваабаронца года".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства