Па пратэсных артыкулах судзяць гарадзенца, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь
Гродзенскі абласны суд 24 ліпеня пачынае разгляд крымінальнай справы Міхаіла Мякекі, якога абвінавачваюць па шэрагу пратэсных артыкулаў. Гэта – распальванне іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 і ч. 3 арт. 130 КК), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел ў іх (ч. 1 арт. 342 КК), гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы (ч. 2 арт. 366 КК), паклёп ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК).
Справу будзе разглядаць суддзя Віктар Сянько.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 30-гадовы Міхаіл Мякека жыў і працаваў у Польшчы паўтара гады і вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы напрыканцы лістапада 2022 года.
Па версіі сілавікоў, менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога». Таксама ён нібыта пісаў паведамленні з пагрозамі сілавікам.
У чэрвені Міхаіла Мякеку дадалі ў «тэрарыстычны спіс», які публікуе КДБ, разам з актывістам Паўлам Белавусам і журналістам Дзмітрыем Семчанкам.