viasna on patreon

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 11 палітычных зняволеных

2023 2023-07-24T11:44:00+0300 2024-07-18T16:28:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/petition.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

24 ліпеня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў. 

Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій. 

МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так: 

  1. Кірыл Клімаў асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам "By_help", "BYSOL", "Честные люди" да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Васіль Якімаў асуджаны паводле арт. 361-3 КК за падрыхтоўку да ўваходжання ва ўзброенае фармаванне для абароны Украіны ад расійскай агрэсіі;
  3. Ігар Сацюк асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі, да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Віталь Юрэня асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі, да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Вольга Рыбіна ўзята пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
  6. Аляксандр Фікаў узяты пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
  7. Аляксандр Хмыль асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
  8. Дзмітрый Селядцоў узяты пад варту па абвінавачанні паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
  9. Павал Харытонаў асуджаны паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі;
  10. Максім Драбніца асуджаны паводле ч. 1 арт. 361-1 КК за ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і ч. 2 арт. 290-5 КК за ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі — далучэнне да Плана "Перамога" і намер пашкодзіць чыгуначныя пуці да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і штрафу;
  11. Мікіта Бруй (непаўнагадовы) асуджаны па адвольным абвінавачанні ў рэабілітацыі нацызму паводле арт. 130-1 КК, за стварэнне экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 КК за публікацыі ў пратэсным тэлеграм-чаце да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Мы прызнаем згаданых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць палітзняволеных Кірыла Клімава, Васіля Якімава, Ігара Сацюка, Віталя Юрэню, Вольгу Рыбіну, Аляксандра Фікава, Аляксандра Хмыля, Дзмітрыя Селядцова, Паўла Харытонава, Максіма Драбніцу, Мікіту Бруя;
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства