viasna on patreon

Агляд навінаў пра палітвязняў за мінулы тыдзень

2023 2023-07-24T16:58:41+0300 2023-07-24T18:14:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina_01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі на мінулым тыдні былі прызнаныя восем чалавек. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1483 чалавек. Пры гэтым цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю Арцём Паўлечка, Андрэй Кудзік, Вольга Ялцэвіч, Леанід Судаленка.

На мінулым тыдні стала вядома пра прысуды па палітычна матываваных справах пяці палітвязням:

Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі — у калоніі для яе арганізоўвалі "прэс-хату

Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй
Паліна Шарэнда-Панасюк з сям'ёй

Па інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", палітзняволеную, супраць якой узбуджана новая крымінальная справа, збілі ў папраўчай калоніі № 24. Паводле былой зняволенай, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы".

Андрэй Шарэнда 23 ліпеня распавёў падрабязнасці збівання Паліны:

"Толькі зараз з ананімных крыніц атрымалася высветліць нейкія падрабязнасці, што здарылася перад этапам на псіхіятрычную экспертызу.

Адміністрацыя калоніі № 24 арганізавала для Паліны так званую "прэс-хату", падсадзіўшы да яе ў камеру ПКТ дзвух жанчын-првакатарак. Зразумела, што знясіленая многімі месяцамі знаходжання ў ШІЗА і ПКТ Паліна не змагла даць адпор і была моцна збіта. І так моцна, што ёй спатрэбілася шпіталізацыя ў санчастку калоніі.

Па неправеранай інфармацыі ў Паліны было зламана рабро, ушыб ныркі і перабіта пераноссе. Нават праз амаль тры тыдні пасля збіцця 22 чэрвеня, калі Паліну бачылі ў СІЗА на Валадарскага, у Паліны заставаліся шматлікія гематомы на твары і шныр на пераноссі".

Актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк збівалі ў зарэчанскай калоніі

Паводле былой зняволенай, якая бачыла Паліну напрыканцы чэрвеня ў СІЗА на Валадарскага, у "яе было пабіта пераноссе і былі бачны два фінгалы".

Бацькі палітзняволенай Ксеніі Луцкіной збіраюць дакументы для памілавання 

Пра гэта «Народнай волі» паведаміў яе бацька.

"Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж, у яе такая цяжкая хвароба, таму, як толькі з’явілася магчымасць у калоніі напісаць прашэнне — адразу запусцілі гэтую працэдуру.

Калі збяру ўвесь пакет дакументаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калонію. А там ужо сама дачка падасць прашэнне", — дадаў Алег Луцкін.

Паводле яго слоў, "працэдура няпростая, магчыма, працяглы час давядзецца чакаць".

Нагадаем, былую журналістку Белтэлерадыёкампаніі асудзілі да 8 гадоў калоніі. У зняволенні ў яе пачаліся моцныя праблемы са здароўем — у яе расце пухліна ў галаўным мозгу.

Палітвязню Аляксандру Францкевічу зноў працягнулі тэрмін у ШІЗА

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

Як стала вядома "Вясне", палітзняволенаму анархісту, асуджанаму па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, у чарговы раз працягнулі тэрмін у штрафным ізалятары ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах.

У ШІЗА палітвязня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго змясцілі адразу пасля «каранціну». Цяпер Аляксандру працягнулі тэрмін у ШІЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязня бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц. Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманне ў ШІЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.

Актывіста Яўгена Афнагеля адправілі ў карцар 

Яўген Афнагель

Палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі», асуджанага да сямі гадоў калоніі, утрымліваюць за кратамі амаль 2 гады і 10 месяцаў. Ён адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, а потым яму ўзмацнілі рэжым і перавялі ў магілёўскую турму № 4.

За час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе.

Стала вядома, што днямі 87-гадовая маці палітвязня спрабавала патрапіць да сына на спатканне, дазволенае яму раз на год. Але ў турме ёй паведамілі, што Яўген змешчаны ў карцар да 23 ліпеня. Пры гэтым у ДВП запэўнілі, што яна можа ехаць на сустрэчу. Праз гэта і праз доўгую дарогу з Мінску да Магілёву ў жанчыны пагоршыўся стан здароўя і моцна падняўся ціск.

"Сядзіць у адзіночнай камеры", — бацька палітвязня Мікалая Дзядка пра апошнія навіны ад сына

Мікалай Дзядок. Фота: spring96.org

"Вось мае "колькасныя паказчыкі" за мінулы год. Спортам я займаўся 157 разоў на год (у сярэднім адзін занятак на 2,4 дні), ёгай — 78 разоў. Арабскай мовай адносна мала — адзін раз на 6,5 дзён, але на працягу пяці месяцаў у мяне не было падручнікаў. За вывучэнне новых англійскіх слоў браўся 103 разы. Прачытаў за год роўна 60 кніг. Пры гэтым з 365 дзён амаль трэць (106 дзён) правёў у ШІЗА. У цэлым, я лічу, нармальна», — напісаў нядаўна ў лісце Мікалай.

Бацька Мікалая Дзядка распавёў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад сына:

"Апошнім часам сувязь з сынам ёсць, на гэтым тыдні я атрымаў ад яго два лісты запар.

У турме ён сядзіць у адзіночнай камеры. Шмат чытае. Ёсць некаторыя праблемы са здароўем, але мы робім захады, каб трохі яму дапамагчы — выслалі медыцынскія прэпараты.

Больш нічога экстраардынарнага з Міколам не здараецца. Раней яго адпраўлялі і ў ШІЗА, і ў ПКТ, але апошні месяц, мяркуючы з усяго, туды не трапляе.

Дазволены толькі медыцынскія перадачы. І тэлефануе дзесьці раз на месяц. Размаўляем прыклада па 5-7 хвілін",— кажа Аляксандр Дзядок.

Палітвязня Артура Жвірыдоўскага рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА

Артур — жыхар Астраўца, асуджаны на 3 гады калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў). Яго абвінавацілі ў тым, што ён уначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры БЧБ-паласы. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынку адной з дзяржаўных устаноў раённага цэнтру.

Па інфармацыі тг-канала "Право имеют", адміністрацыя бабруйскай калоніі з красавіка часта адпраўляе Артура ў штрафны ізалятар. З 13 чэрвеня палітвязня зноў змясцілі ў ШІЗА на 20 сутак, але пазней працягнулі тэрмін яшчэ на 10 дзён. Лісты яму даходзяць дрэнна нават ад родных. Паведамляецца, што палітвязень у калоніі схуднеў.

Палітвязня Уладзіміра Гундара ў калоніі ўжо тройчы змяшчалі ў ШІЗА

Уладзімір Гундар падчас суда па

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

У апошнім лісце Уладзімір напісаў, што яго ўжо двойчы адпраўлялі ў штрафны ізалятар — спачатку на 4 дні, а праз два дні пасля выхаду — яшчэ на 3 дні. Апошнім разам ён правёў у штрафным ізалятары 6 сутак. Ён мяркуе, што ў бліжэйшы час яго зноў некалькі разоў закінуць у штрафны ізалятар, пасля чаго адбудзецца суд па замене рэжыму на турэмны.

"Голас быў, як звычайна, аптымістычны й баявы, як і ягоны настрой", — Дзяніс Івашын патэлефанаваў з калоніі родным 

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга.

"Дзень сёння зранку выдаўся цудоўным. Пачаўся ён з… нечаканага тэлефанавання Дзяніса Івашына! Мы здолелі паразмаўляць усяго пару хвілінаў праз тэхнічныя складанасці з майго боку. Але ж Дзяніс паспеў павіншаваць мяне з заўтрашнімі ўгодкамі нашага шлюбу і сказаць, што я — усё самае дарагое і важнае ў яго жыцці! Я паспела яшчэ раз яго павіншаваць з народзінамі, бо майго віншавальнага ліста Дзяніс пакуль не атрымаў.

Такім чынам мы даведаліся, што Дзяніс, калі ўсё з ім будзе ў парадку, зможа тэлефанаваць нам раз на месяц".

Паколькі сувязь перарвалася, а на тэлефанаванне любы вязень гэтай турмы мае да 15 хвілін, супрацоўнікі адміністрацыі дазволілі Дзянісу патэлефанаваць другі раз, і ён звязаўся з маці.

Родным Віктара Бабарыкі ўдалося паразмаўляць з адміністрацыяй наваполацкай калоніі 

Віктар Бабарыка. Фота: dev.by

Пра гэта паведамляе @viktarbabarykaofficial.

Як сцвярджае адміністрацыя, Бабарыку змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Адтуль забароненыя тэлефанаванні і спатканні. За што і на які тэрмін палітвязень трапіў у ПКТ — невядома.

Сцвярджаецца, што здароўю Бабарыкі нічога не пагражае.

Нагадаем, к канцы красавіка стала вядома, што Віктар Бабарыка быў шпіталізаваны ў бальніцу — далейшае месцазнаходжанне палітвязня было дагэтуль невядома.

Тэксты "Вясны" пра палітвязняў:

Музыка, актывізм, агарод. Гісторыя 73-гадовага палітвязня Барыса Кучынскага

Разам з Мікітам — унукам Барыса Кучынскага — "Вясна" распавядае пра 73-гадовага палітзняволенага.

Праваабаронца Леанід Судаленка: "Дзеля дапамогі людзям ахвяраваў сваёй свабодай"

Адразу пасля вызвалення ён даў эксклюзіўнае інтэрв’ю "Народнай Волі" — "Вясна" перадрукоўвае яго.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства