Музыку Мікіту Найдзёнава асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе на тры гады "хатняй хіміі"
У судзе Ленінскага раёна 19 ліпеня асудзілі палітзняволенага Мікіту Найдзёнава паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса.
Як паведаміла "Радыё Свабода", суддзя Марына Клімчук прызначыла Мікіту тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Музыку вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Палітвязня затрымалі 25 сакавіка. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
Мікіта — былы фронтмен гурту Hurma, а таксама аўтар тэкстаў шэрагу песень розных артыстаў. У 2015 стаў уладальнікам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».