viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-07-25T13:06:59+0300 2023-07-26T10:20:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/five_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

На волю выйшаў праваабаронца Леанід Судаленка

З віцебскай калоніі № 3 21 ліпеня вызваліўся праваабаронца "Вясны" з Гомеля Леанід Судаленка, цалкам адбыўшы тэрмін. 3 лістапада 2021 года яго асудзілі да трох гадоў зняволення паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні). За кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. 

Леанід Судаленка адразу пасля вызвалення з
Леанід Судаленка адразу пасля вызвалення з "Віцьбы". Фота з сацсетак праваабаронцы

Адразу пасля вызвалення Леанід Судаленка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю "Народнай Волі" — "Вясна" перадрукавала яго:

Праваабаронца Леанід Судаленка: "Дзеля дапамогі людзям ахвяраваў сваёй свабодай"

"Апошнія дзевяць дзён я знаходзіўся ў ШІЗА і вызваляўся менавіта са штрафнога ізалятара".

14 ліпеня 2023 — роўна два гады, як затрымалі Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча

З гэтай нагоды ў Вільні прайшоў пікет салідарнасці.

viasna-piket-2023-07014-2.jpg
Пікет салідарнасці ў Вільні 14 ліпеня 2023 года

Больш фота тут:

Вільня: пікет салідарнасці з затрыманымі два гады таму праваабаронцамі "Вясны"

Маўклівы пікет падтрымкі і салідарнасці са зняволенымі калегамі правялі праваабаронцы і прадстаўнікі кампаніі #FreeViasna ў цэнтры Вільні 14 ліпеня.

У той жа дзень у Вільні прайшла вечарына салідарнасці з палітзняволенымі Алесем Бяляцкім, Уладзімірам Лабковічам і Валянцінам Стэфановічам.

Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка нагадаў пра тое, як праходзіў пераслед трох вясноўцаў:

"Пасля 14 ліпеня 2021 года былі доўгія пакутлівыя месяцы, калі ішло расследаванне. З аднаго боку, мы выдатна разумелі сітуацыю, што хутчэй за ўсё гэта дрэнна скончыцца, але з іншага боку былі спадзяванні, што нешта адбудзецца — і нашы калегі хутка змогуць далучыцца да нас".

"Два гады". Вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі "Вясны"

Вясноўцаў затрымалі 14 ліпеня 2021 года — два гады таму.

З нагоды двухгоддзя затрымання праваабаронцаў ПЦ "Вясна" падрыхтаваў шэраг публікацый пра іх:

"Яны выпраменьвалі энэргію, падтрымлівалі словамі, парадамі, учынкамі": вясноўцы пра сваіх зняволеных калег

“Вясна” захавалася і годна дзейнічае ў няпростых умовах вымушанай міграцыі. Ды ўсё адно, кожнаму з нас, хто зараз на волі, нечага не хапае. Аб гэтым мы і распыталі сёння вясноўцаў.

Пяць гісторый пра палітзняволеных "вясноўцаў"

З нагоды гадавіны затрымання мы ўзгадваем гісторыі з іх жыцця, якія распавялі яны самі.  

"Такія пакутныя выпрабаванні прыпалі не толькі на долю праваабаронцаў, але і на долю ўсяго беларускага народу", – Наталля Пінчук

Да гадавіны затрымання вясноўцаў мы паразмаўлялі з жонкай Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук пра апошнія навіны з калоніі пра праваабаронцу, смерць яго блізкага сябра Алеся Пушкіна і працяг справы мужа.

"Сапраўдныя ваяры дабра, якія ахвяруюць уласнай свабодай дзеля нашай будучыні". Грамадскія дзеячы пра зняволеных вясноўцаў

Грамадскія і культурніцкія дзеячы расказваюць пра вясноўцаў і важнасць праваабарончай дзейнасці цяпер у Беларусі.

Валянцін Стэфановіч упершыню за два гады патэлефанаваў жонцы

Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Аліна Стэфановіч.

"Валік дазваніўся! Першы раз за два гады. Па адчуваннях, як быццам два тыдні прайшло", — напісала яна.

Валянцін Стэфановіч на судзе
Валянцін Стэфановіч на судзе

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў прэзентавала даклад пра парушэнні на судзе над вясноўцамі

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў — Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) — 12 ліпеня ў Парыжы прэзентавала даклад пра парушэнні на судзе над заснавальнікам "Вясны" і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, яго намеснікам і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцінам Стэфановічам, юрыстам і каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімірам Лабковічам, праваабаронцам "Вясны" Дзмітрыем Салаўёвым.

Кіраўнік праграмы FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ілля Нузаў сказаў:

"Назіральнікі, якія прысутнічалі ў зале суда, былі першымі сведкамі пародыі на правасуддзе, якая мела месца падчас гэтага судовага працэсу. Выгляд падсудных у кайданках і зачыненых у металічнай клетцы, адмова весці працэс на беларускай мове, неабгрунтаваныя прэтэнзіі і падпарадкаванне сведак — гэта толькі некалькі прыкладаў нізасцяў, да якіх гатовы апускацца аўтарытарны беларускі рэжым".

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў прэзентавала даклад

Даклад падрыхтаваны, у тым ліку на падставе інфармацыі з двух таемных місій судовага назірання за працэсам над праваабаронцамі, праведзеных Абсерваторыяй.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" стаў лаўрэатам прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 года

Старшыня Генеральнай Асамблеі Чаба Керэшы 20 ліпеня абвясціў лаўрэатаў прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год. Сёлета яе атрымалі пяць пераможцаў, сярод іх і Праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Вясна" — лаўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 года

Спецыяльны камітэт заклікае дзяржавы вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў.

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру звернуцца з важным пасланнем да ўрада ЗША

З 25 па 28 ліпеня 2023 года дэлегацыя лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 года з Украіны, Беларусі і Расіі правядзе сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ўрада ЗША, падчас якіх выкажа непахісную падтрымку Украіне. Канстанцін Старадубца з ПЦ "Вясна"  будзе прадстаўляць зняволенага лаўрэата Алеся Бяляцкага і сустрэнецца з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента, камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Камітэта па міжнародных адносінах ЗША і Белага дома, а таксама з рознымі экспертамі ў галіне права і ўплывовых аналітычных цэнтраў.

"Украіна заслугоўвае перамогі"

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру 2022 года выступілі з заявамі, у якіх выказаліся за больш актыўны ўдзел ЗША ў падтрымцы перамогі Украіны і рэкамендацыі па аднаўленні міжнароднай сістэмы міру і бяспекі.

За апошні час не было навінаў пра каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3
Марыі Аляксандраўне Рабковай 

ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства