viasna on patreon

Новыя факты пераследу 27 ліпеня

2023 2023-07-27T12:28:00+0300 2023-07-28T10:20:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sjarhei-kryzh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 ліпеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які нібыта пакінуў 2000 каментароў у "экстрэмісцкіх" чатах

На "пакаяльным" відэа затрыманы кажа, што пакідаў каментары, якія «ганьбілі дзейную ўладу і яе прадстаўнікоў». Сілавікі сцвярджаюць, што мужчына «адпачне пару гадоў без інтэрнэту».


У Гомелі затрыманы анастэзіёлаг-рэаніматолаг Сяргей Крыж

sjarhei-kryzh.jpg
Сяргей Крыж

За што менавіта ён затрыманы — невядома, але, паводле непацверджанай інфармацыі "Белых халатаў", 25 ліпеня яму прызначылі 15 сутак арышту.


Палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут у ШІЗА — другі ці трэці раз пасля пераводу ў калонію

Андрэй Пачобут

Пра гэта паведамляе «Народная Воля» са спасылкай на жонку асуджанага журналіста. Паводле яе, да Андрэя не пускаюць адваката, а ў ШІЗА ён утрымліваецца без лекаў.

«Што на сённяшні дзень я ведаю пра мужа? Увогуле, нічога. Акрамя таго, што развіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста знікае ў калоніі без якіх-небудзь вестак. Прыбыўшы месяц таму ў калонію Наваполацка, Андрэй паведаміў аб гэтым у лісце. Таксама ён паспеў паведаміць, што адразу ж у карантыне яго абвясцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадачы і спаткання».


Палітзняволены Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карцары

Зміцер Дашкевіч

Пра гэта паведамляе "Наша Ніва" са спасылкай на сяброў Дашкевіча.

«Ад першага дня прыезду ў турму Жодзіна Зміцер знаходзіцца ў карцары. Ён вымушаны знаходзіцца там, бо адмаўляецца ісці ў камеру да гвалтаўнікоў, куды яго заводзяць»

Зміцер павінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).


За распаўсюд "экстрэмізму" пакаралі грамадскімі працамі "Лепшага працаўніка транспарту" з Докшыцаў

Як паведамляе "Віцебская Вясна", суддзя суда Докшыцкага раёна Вячаслаў Елісеенка за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках пакараў 40 гадзінамі грамадскіх прац кіроўцу філіяла «Докшыцыводаканал» Валерыя Шылько, якому ў 2023 годзе ўлады прысвоілі ганаровае званне «Лепшы работнік транспарту».

У судзе высветлілася, што мужчына распаўсюджваў «слоўнае абазначэнне каналаў "Белсат" і "Краіна для жыцця", якія рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 4 сакавіка 2022 года былі занесеныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».


ГУБАЗіК паведаміў аб першым затрыманым пасля выхаду фільма Delfi пра беларускія пратэсты

Ніякія падрабязнасці беларускія сілавікі не апублікавалі.

Нагадаем, у панядзелак на канале «RU Delfi Литва» быў апублікаваны фільм пра беларускія пратэсты — у ім аўтары не хавалі твары пратэстоўцаў. Адразу пасля выхаду фільма ім зацікаваліся сілавікі і паабяцалі знайсці пратэстоўцаў.


У Мінску затрымалі студэнта Акадэміі мастацтваў Максіма Васільева

Хлопец — студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «акцёр драматычнага тэатра і кіно».

Максіма вінавацяць у рэпостах «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама ў «пакаяльным відэа» яго змусілі казаць, што ён удзельнічаў у пратэстах з 10 на 11 жніўня, але «спужаўся і збег, калі пабачыў міліцыю», піша «Наша Ніва».


Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую партыю "Зялёныя"

«Гэта быў у нейкай ступені гістарычны працэс, таму што на ім была тэчка з дакументамі, пачынаючы з 1994 года», — адзначыла крыніца Позірк.

Паводле суразмоўцы, падчас працэсу прадстаўнік Міністэрства юстыцыі без дадатковай просьбы з боку суда нагадаў, што ў 2020 годзе ведамства вынесла партыі папярэджанне пасля падпісання супольнага звароту партый супраць гвалту.

«Прадстаўнікі Мінюста самі гэты дакумент дадалі ў агульную справу. Суддзя быў трохі ў шоку», — распавяла крыніца.

Як адзначыў суразмоўца, у судзе прадстаўнікі партыі спасылаліся на парушэнне працэдуры перарэгістрацыі: прадстаўлены БПЗ у Мінюст пакет дакументаў быў зарэгістраваны як зварот грамадзян.

У выніку справа не была вынесеная на калегію ведамства, «фактычна адзін чыноўнік прыняў рашэнне пра падачу іску ў Вярхоўны суд».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства