viasna on patreon

Палітвязняў змяшчаюць у ПКТ, новыя затрыманні: хроніка пераследу 15 жніўня Дапоўнена

2023 2023-08-15T12:30:00+0300 2023-08-15T13:15:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ivaniushin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску затрыманы былы палітвязень Андрэй Іванюшын, які нядаўна выйшаў на волю

Сілавікі затрымалі байкера Андрэя Іванюшына, асуджанага ў 2021 годзе за бойку з міліцыянтамі каля гандлёвага цэнтра «Еўропа» ў Менску. Байкер знаходзіцца на Акрэсціна. Пра гэта “Медыязоне" паведаміла крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

У лютым 2021 года суд у Мінску асудзіў Іванюшына да 2,5 гадоў калоніі, а двух ягоных прыяцеляў — да трох гадоў калоніі па артыкуле аб гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт. 364 КК).

2 чэрвеня 2023 г. Андрэй выйшаў на волю са шклоўскай калоніі № 17, цалкам адбыўшы тэрмін.


Палітзняволенага Андрэя Сачэўку, які мае псіхічную хваробу, накіравалі ў ПКТ на два месяцы

Як паведамляе MAYDAY TEAM, гэта адбылося ў пачатку жніўня. Да гэтага Андрэя Сачэўку пратрымалі 23 сутак у ШІЗА. Яшчэ тады яму паведамілі, што яго накіруюць у памяшканне камернага тыпу за "няправільныя погляды".

Нагадаем, 19 верасня 2022 года Андрэя Сачэўку асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса.

Падтрыймайце палітвязня: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Андрэй Сяргеевіч Сачэўка.


Сілавікі затрымалі сямейную пару па вяртанні ў Беларусь

На "пакаяльным відэа" у праўладным тг-канале муж з жонкай кажуць, што з'ехалі ў Польшчу з-за ўдзелу ў пратэстах.

А праз тры гады яны вырашылі вярнуцца на радзіму.


Затрымалі маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача

Сёння каналы брэсцкага ГУБАЗіКа паведамілі пра затрыманне 45-гадовай Іны Калацкай. Яна маці былога палітвязня і добраахвотніка Ціхана Клюкача. Іна, псіхолаг паводле адукацыі, жыве ў Брэсце, піша "Наша Ніва".

Губазікаўцы вінавацяць жанчыну ў «датычнасці да экстрэмізму» (гэта можа значыць што заўгодна). За гэта яе, як паведамляецца, пасадзілі ў брэсцкі ІЧУ на суткі па адміністрацыйным артыкуле.


Затрыманага блогера Аляксандра Ігнацюка імаверна вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці"

На мінулым тыдні стала вядома, што блогер Аляксандр Ігнацюк — аўтар «Пра Столін» і былы рэдактар незалежнай раёнкі, затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар у Брэсце.

Паводле пакуль афіцыйна непацверджаных звестках, яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса), паведамляе БАЖ.

Таксама  ёсць інфармацыя, што днямі Ігнацюка маглі этапаваць з Брэста ў СІЗА ў Баранавічы.


Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі АГП

Вярхоўны суд Беларусі задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў Аб'яднаную грамадзянскую партыю (АГП). Пра гэта паведамляе "Наша Ніва".
АГП была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі 28 лістапада 1995 года, перарэгістраваная 30 ліпеня 1999 года.

Лідар АГП Мікалай Казлоў знаходзіцца цяпер у зняволенні. Ён асуджаны на 2,5 года.

Гэта ўжо як мінімум шосты пазоў Мінюста Беларусі аб ліквідацыі палітычнай партыі, які гэтым разам разгледжаны Вярхоўным судом.


Сілавікі затрымалі на мяжы беларуса, які вяртаўся з ЗША

Меркавана 9 жніўня на польска-беларускай мяжы супрацоўнікі КДБ затрымалі Георгія Чараваку. Мужчына вяртаўся з ЗША. Перад паездкай сілавікі ўжо дапытвалі яго на мяжы, але тады не затрымлівалі.

На дадзены момант Георгій знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У чым яго абвінавачваюць пакуль невядома.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства