Паверыў абяцанням і вярнуўся… на тры гады калоніі
Суд Ленінскага раёна Магілёва 13 ліпеня вынес прысуд Аляксандру Кулікову, якога затрымалі адразу пасля вяртання з-за мяжы. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.2 арт. 368 КК) і паклёпе на яго (ч. 2 арт. 367 КК).
Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.
Падставай для крымінальнай справы сталі каментары ў адным з чатаў, прызнаным сілавікамі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў траўні 2021 года.
Але перад гэтым, 6 красавіка, на Кулікова склалі адміністрацыйны пратакол па арт.19.11 КаАП (Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) і прысудзілі адміністрацыйны арышт.
Як паведамілі знаёмыя Аляксандра, якія знаходзяцца за мяжой, у траўні 2023 года, ужо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, ён выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца, піша MAYDAY.TEAM.
Затым, калі верыць словам крыніц, яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла, што ёй тэлефанаваў следчы і пагражаў вышукам сына. Было абяцана, што калі Кулікоў вернецца, то яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.
Праз нейкі час Кулікоў вырашыў вярнуцца ў Беларусі і быў затрыманы. На сувязь ён перастаў выходзіць падчас перасячэння мяжы.
На яго склалі яшчэ адзін пратакол аб адміністрацыйным парушэнні (арт. 19.11 КаАП) і ўзбудзілі крымінальную справу.
Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў магілёўца вінаватым і асудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ва ўмовах агульнага рэжыму.