У Баранавічах – новы прысуд за абразу Лукашэнкі. І так амаль штодзень
Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 16 жніўня вынес прысуд 45-гадоваму Андрэю Халупку, абвінавачанага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс вяла суддзя Вікторыя Пакунова.
Па матэрыялах абвінавачання, Андрэй Халупка, з дапамогай мабільнага тэлефона у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” у 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры ўпадабайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх ён быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване, тым самым публічна, у адкрытым доступе абразіў прэзідэнта.
На судзе Халупка паказаў, што ставячы ўпадабайкі не думаў, што гэтым дапускае абразу, дадаў, што за гэта яму грошай не ніхто не плаціў і дзейнічаў ён імпульсіўна.
Суд прызнаў Андрэя Халупку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Баранавічах апошнім часам адбываецца ўсё болей і болей судоў за абразу Лукашэнкі: на мінулым тыдні адбылося адразу тры працэсы па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
71-гадовага пенсіянера з Баранавіч судзілі за абразу Лукашэнкі
Так, у панядзелак, 21 жніўня, судзяць Паўля Зелянко, а на 22 жніўня прызначаныя суды над Аляксандрам Пабяржыным і Іванам Норкам. 23 жніўня чакаецца суд над Вольгай Казлоўскай, якая апрача абразы Лукашэнкі абвінавачваецца і ў абразе прадстаўніка ўлады.
Адрас для падтрымкі: СІЗА №6, вул. Брэсцкая, 258В, г. Баранавічы, 225413, Андрэй Вадзімавіч Халупка.