viasna on patreon

Затрыманні супрацоўнікаў "Белгіпразема" і папаўненні ў "экстрэмісцкім" спісе: хроніка пераследу 23 жніўня Дапоўнена

2023 2023-08-23T13:20:00+0300 2023-08-23T18:48:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/budaj-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі яшчэ адну дзяўчыну

Затрыманую клічуць Аліна Будай. Калі меркаваць па сацсетках, ёй 31 год, яна працуе бухгалтарам. Аліну затрымалі, меркавана, 15 жніўня — у гэты дзень яна знікла з усіх сацсетак. Супраць яе распачалі крымінальную справу.

У відэа сілавікоў дэманструюцца скрыншоты з яе інстаграма — на іх фота з пратэстаў. Таксама яе змушаюць сказаць, што яна зарэгістраваная ў "Плане "Перамога", піша "Наша Ніва".


Затрымалі сяброў Аліны Будай

Раніцай паведамлялася пра пра затрыманне Аліны Будай, але, аказваецца, сілавікі звярнулі ўвагу і на яе сяброў.

Ілья Янкоўскі, як сцвярджае канал сілавікоў, прыйшоў у ГУБАЗіК сам, бо патрапіў на фота, дзе былі ён і ягоныя сябры. Яму 31 год, і, згодна з інфармацыяй ад «Кіберпартызанаў», ён нядоўга працаваў у «Зелянбудзе». Апошнім часам, згодна з інфармацыяй у сацсетках, мужчына працуе ў Расіі — у 2019-м гэта была будаўнічая кампанія.

ГУБАЗіК сцвярджае, што пасля таго, як ён добраахвотна прыйшоў да іх у падраздзяленне, замест утрымання ў СІЗА ён атрымае падпіску аб нявыездзе, а пакаранне, хутчэй за ўсё, не будзе звязана з рэальным пазбаўленнем волі.

Наколькі вядома “Нашай Ніве”, затрымалі і 31-гадовую сяброўку Аліны Будай — Дар'ю Агрызка. Яна знікла з усіх сацсетак у той жа момант, што і яе сяброўка.


Старонка гурта "Дай Дарогу" ва "Укантакце" прызнаная "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чачэрскага раёну 17 жніўня. Адзначым, што на старонку падпісаныя больш за 33 тысячы чалавек.

Таксама "экстрэмісцкім спіс" папоўнілі:

старонкі ва «Укантакце» «Budzma Razam», «Юрий Станцель»;
сайт і сацсеткі крамы "Адметнасць/Admietnasc";
старонка ў «Аднакласніках» «Рудабельская паказуха».


Сілавікі затрымалі пяць супрацоўнікаў мінскага "Белгіпразема"

Як піша адзін з праўладных каналаў у ТГ, у адным з пастоў аўтары канала выкарыстоўваюць архіўнае відэа, на якім затрыманы кажа, што калі Лукашэнка сыдзе ад улады, то ён перафарбаваць машыну ў бел-чырвона-белы колер. У той жа публікацыі аўтары канала паказваюць затрыманую дзяўчыну.
21 жніўня ў "Кнізе ГУ "БАЗА" "з'явілася відэа аб затрыманні трох супрацоўнікаў "Белгіпразема". Сярод іх-начальнік аддзела і вядучы інжынер. Трэці з іх на камеру казаў, што знаходзіўся ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах і ўдзельнічаў у пратэстах.


Палітвязня Ягора Лянкевіча хочуць перавесці на турэмны рэжым

У Наваполацкай калоніі ён адбывае пакаранне, прысуджанае паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках) і арт. 342 Крымінальнага кодэкса ( арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Лянкевіча асудзілі за гэта да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Кіраўніцтва ўстановы ініцыявала судовы працэс дзеля вырашэння пытання наконт на турэмны рэжым. Суд прызначаны на 5 верасня.


Паліна Шарэнда-Панасюк знікла з гомельскага СІЗА

Сваякі толькі ведаюць, што яе вывезлі 21 жніўня, дзе знаходзіцца палітзняволеная, на сёння невядома, паведамляе "Берасцейская вясна".

Паліна Шарэнда-Панасюк

У гомельскім СІЗА №3, куды Паліна была пераведзена з рэчыцкай калоніі пасля завядзення новай крымінальнай справы за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, палітзняволенай няма. Пра гэта паведамілі родныя Паліны берасцейскай «Вясне». Сёння, 23 жніўня, для Паліны не ўзялі перадачу. Было паведамлена, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк 21 жніўня вывезена. Куды на гэты раз яе этапавалі, не сказалі.

Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, спробы даведацца пакуль не далі вынікаў.


У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў дадалі таксама сацсеткі крамы “Адметнасць”

Гэта вынікае з чарговага абнаўлення “экстрэмісцкага спісу” ад Міністэрства інфармацыі.

 Крама “Адметнасць” прадае рэчы з нацыянальнай беларускай сімволікай. Раней яна месцілася ў цэнтры Горадні, аднак лукашысты закрылі яе і цяпер крама дзейнічае ў выгнанні праз інтэрнэт. “Экстрэмісцкімі” сталі яе старонкі ў Telegram, Instagram, «ВКонтакте», «Аднакласніках» і ўласна сайт-візітоўка.


Палітвязень Канстанцін Залатых накіраваны адбываць прысуд у наваполацкую ПК-1

У наваполацкую папраўчую калонію № 1 з мінскага СІЗА былога дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых перавялі яшчэ 21 ліпеня — праз два з паловай тыдні пасля разгляду апеляцыйнай скаргі палітвязня ў Вярхоўным судзе, піша БАЖ.

Канстанцін Залатых

Летась 8 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем.

13 ліпеня 2023 года КДБ Беларусі дадаў Канстанціна Залатых у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Гэта азначае, што яму забаронена атрымліваць у калоніі грашовыя пераводы. Наўздагон, 21 ліпеня, МУС унесла палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства