viasna on patreon

Новыя факты палітычнага пераследу беларусаў 24-25 жніўня

2023 2023-08-25T10:20:00+0300 2023-08-29T16:19:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aleh-rudakou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 жніўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў дырэктара кавярні "Лаўка" і ягонага знаёмага

Інфармацыя аб затрыманні з'явілася 24 жніўня. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што затрыманыя наведвалі акцыі пратэсту, а ў сацсетках «публікавалі фотаздымкі пратэснага характару».

Па інфармацыі "Наша Ніва", затрыманыя Дзмітрый Гвай і Максім Анціп.


Жыхара Мінска арыштавалі на 10 сутак за "экстрэмісцкія" падпіскі — іх знайшоў міліцыянт "шляхам візуальнага агляду тэлефона правапарушальніка"

Суддзя суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык 5 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 10 сутак жыхара Мінска Андрэя Круглова, якому паставілі ў віну распаўсюд у сацыяльных сетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У судзе быў агучаны пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, з якога вынікала, што Андрэй быў падпісаны на шэраг YouTube-каналаў з назвамі «NEXTA» і «Zerkalo.iо», якія ў розны час былі ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Згодна рапарту супрацоўніка мясцовай міліцыі, правапарушэнне было знойдзена «падчас нясення службы па ахове грамадскага парадку шляхам візуальнага агляду тэлефона правапарушальніка», піша «Віцебская Вясна».


Верагодна затрыманы і арыштаваны бацька палітзняволенага падлетка Мікіты Залатарова

Праваабаронцам "Гомельскай вясны" 24 жніўня стала вядома, што чалавек з імём Лапуноў Міхаіл Рыгоравіч быў арыштаваны на 15 сутак і не выйшаў сёння на волю. Такое ж самае імя мае бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова. 

Судзіў яго суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Кармановіч. Вынік другога суду невядомы, але на волю мужчына так і не выйшаў. Адсутнічае сувязь таксама і з жонкай Міхаіла.


24 жніўня ў Полацкім раёне былі затрыманыя Алег Рудакоў і яго жонка Вольга

У 1996-м Алег Рудакоў стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — найбуйнейшае сярод чатырох дзясяткаў нацыянальна-культурных утварэнняў у рэгіёне і адной з самых актыўных у Расіі беларускіх суполак.

Апошнім часам мужчына жыў у Беларусі, у Полацкім раёне.

Як пазней паведаміла крыніца "Позірк", Алег Рудакоў і яго жонка Вольга арыштаваныя на 30 сутак. 

Рашэнне вынес суд Полацкага раёна і Полацка па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Прычынай арышту сталі каментары Алега і яго жонкі Вольгі ў інтэрнэце.

Паводле слоў крыніцы, Рудаковых затрымалі ў іх доме ў вёсцы Бяздзедавічы 24 жніўня.

«Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад "на размову" гадзіны на тры, таму яны не бралі з сабой зменных рэчаў і сродкаў гігіены. У выніку — 30 сутак кожнаму», — сказаў суразмоўца.


Супрацоўніцу "Нафтана" арыштавалі на 15 сутак за падпіску на "экстрэмісцкія" каналы

Суддзя суда Наваполацка Сняжана Калінічэнка 10 жніўня пастанавіла за падпіску на два «экстрэмісцкія» каналы арыштаваць на 15 сутак камплектоўшчыцу вырабаў і інструмента цэха № 021 ААТ «Нафтан» Ніну Барысаву.

Паводле матэрыялаў справы, мясцовыя супрацоўнікі міліцыі выявілі, што на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Facebook» «правапарушальніца» размясціла экстрэмісцкія матэрыялы са спасылкай на каналы «Радыё Свабода», «Белсат TV».

У судовым паседжанні Барысава сваю віну не прызнала, указаўшы аб тым, што ў 2017 года зарэгістравала ў сацыяльнай сетцы «Facebook» старонку і не памятае, калі ажыццявіла падпіску на каналы «Радыё Свабода» і «БЕЛСАТ ТV», але пэўнай мэты не пераследвала, піша «Віцебская Вясна».


Сілавікі затрымалі мужчыну, які вярнуўся з Польшчы ў Беларусь

Пра затрыманен стала вядома 25 жніўня. На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што пакідаў «дэструктыўныя каментары ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі». Вядома, што мужчына нядаўна вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.

Сілавікі пагражаюць яму арт. 130 КК (распальванне варожасці).

Па інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманы — Дзмітрый Кавалеўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства