Светлагорскі тэлеканал "Ранак" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Хроніка пераследу 5-6 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" пятага-шостага верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязень Сяргей Моніч не выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну — супраць яго ўзбуджана новая справа
Сяргей — жыхар Заслаўля, мае двух непоўнагадовых дзяцей. Яго затрымалі 21 снежня 2020 года. У красавіку 2021 года судом Мінскага раёна быў асуджаны за нанясенне надпісаў «АМАП — забойцы», «3%» па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства),за нанясенне надпісу «Кубракоў — фашыст»па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), а таксама за захоўванне і перавозку наркатычнага сродку — марыхуаны масай 0,1 г без мэты збыту паводле 1 арт. 328 КК да 3 гадоў калоніі.
Па інфармацыі @dissidentBY, палітвязень мусіў выйсці на волю яшчэ 21 жніўня. Сваякі вязня не ведаюць нічога пра новую справу, а ў калоніі адказалі, што вязень змешчаны ў ШІЗА да 9 верасня.
Вядома, што адміністрацыя магілёўскай калоніі № 15 увесь час ціснула на Сяргея і часта змяшчала ў штрафны ізалятар.
Бацьку палітзняволенага падлетка Мікіты Залатарова арыштавалі яшчэ на 15 сутак
Размова пра Міхаіла Лапунова – тату палітзняволенага Мікіты Залатарова. "Гомельскай Вясне" стала вядома, што мужчыну ўжо другі раз пакаралі арыштам на 15 сутак паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі).
З судовай пастановы вынікае, што Міхаіл падзяліўся нейкім відэа ад інтэрнэт-рэсурса, прызнанага экстрэмісцкім. Другі суд адбыўся 23 жніўня. Такім чынам, Міхаіл правядзе за кратамі як мінімум 30 сутак запар.
Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.
Затрыманні на Гомельшчыне
Як паведамляе "Гомельская Вясна", затрыманні адбыліся ў Брагіне, Камарыне, Лоеве і Хойніках. Імёны і акалічнасці затрыманняў праваабаронцам невядомыя. Затрымана не менш за 10 чалавек.
Стала вядома, што жыхарцы Лоеўшчыны Сняжане Цадавай выстаўлена абвінавачанне паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Пра яе затрыманне паведамляла міліцэйскае ведамства. Яе абвінавачваюць у тым, што яна выклала відэаролік у інтэрнэт, на якім яна каментавала затрыманне сваёй дачкі.
Светлагорскі тэлеканал "Ранак" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"
Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 5 верасня.
Нагадаем, 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу "Ранак". Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Мужчынам прысудзілі па сем сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічыняў.
За татуіроўку "Москаляку на гiляку" затрымалі супрацоўніка мінскага гіпермаркету
Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы 6 верасня.
Жыхарку Наваполацка аштрафавалі за фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера і подпіс "Жыве Беларусь! Насілію нет!"
Стаў вядомы працяг гісторыі ціску на сям’ю Грудніцкіх, піша "Віцебская Вясна". Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку Аллу Грудніцкую двойчы аштрафавалі. Прычым апошні штраф, які прысудзіла суддзя Наваполацкага гарсуду Зінаіда Балаболава, складае ажно 3700 рублёў – 100 базавых велічынь. Апрача гэтага, у жанчыны забралі два тэлефоны – у заклад, каб змусіць яе сплаціць абодва штрафы, агульная сума якіх – 4810 рублёў.
22 жніўня Аллу прызналі вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні». Паводле міліцэйскага пратакола, «пікетаванне» заключалася ў тым, што жанчына размясціла ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» фотаздымак белага сабачкі ў камбінезоне чырвонага колера. Пад фотаздымкам быў подпіс «Жыве Беларусь!!!!! Насілію нет!!!».
Сваей віны жанчына не прызнала ні на адным, ні на другім судовым працэсе.
ГУБАЗіК затрымаў трэнера ФК "Дынама Мінск"
На "пакаяльным відэа", апублікаваным 5 верасня, затрыманы Артур Мустыгін кажа, што працуе з камандай U-18. Ён "прызнаецца" ў тым, што ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту, а таксама дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы "Голас".