viasna on patreon

Хроніка пераследу 9-11 верасня Дапоўнена

2023 2023-09-11T17:48:00+0300 2023-10-17T18:33:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikhail-lapunou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-11 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

За тэлеграм-каментары затрымалі слесара з Мінска — супраць мужчыны заведзеныя некалькі крымінальных справаў 

Павле Ліпневіч. Фота з сацсетак
Павел Ліпневіч. Фота з сацсетак

Затрыманы — 36-гадовы мінчук Павел Ліпневіч. Вядома, што мужчына працаваў слесарам у кампаніі ААТ «Запавет», якая займаецца мантажом электратэхнічных сетак. Раней мужчына меў ІП, якое займалася рамонтам аўто.

Мужчына выдаліў акаўнт у 2022-м, але яго здолелі адшукаць. Як піша @nashaniva, справа ў тым, што ягоны акаўнт быў на ягоным несхаваным беларускім нумары, а таксама ў некаторы час нават меў у якасці «аватаркі» фота самога Паўла. За гэты час ён паспеў пакінуць больш за 600 каментароў у розных чатах.


ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага хлопца за татуіроўку пра "рускі ваенны карабель"

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы 11 верасня. Далейшы лёс хлопца невядомы.


КДБ 11 верасня паведаміў пра затрыманне трох "баявых ячэек", якія нібыта працавалі на СБУ і хацелі падарваць у Беларусі чыгунку

Ведамства сцвярджае, што падарваць чыгунку збіраліся два беларусы, якія маюць навыкі ў мінна-выбуховай справе. А кіраваў імі нібыта грамадзянін Украіны.

Паводле сілавікоў, таксама гэты ўкраінец незаконна перасёк мяжу Беларусі і пакінуў на тэрыторыі нашай краіны арсенал зброі. Усіх затрыманых змясцілі ў СІЗА КДБ.


Тэлеграм-канал "Хрысціянская Візія" прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі"

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 7 верасня. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» таксама прызнаны лагатып праекту.

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Telegram-каналы і чаты «Dapamoga», «ОШС», «Mienski Reagan», «Уручье 4».


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — telegram-чат "Атоліна" 

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 31 жніўня. У мінулым студзені па 4 гады калоніі прызначылі дырэктару прыватнай друкарні Арцёму Федасенку і адміністратару telegram-канала «Атоліна» Паўлу Юхневічу.


Сілавікі ў Гродне затрымалі айцішніка

Праўладныя тэлеграм-каналы 10 верасня паведамілі, што затрыманы "рассылаў па чатах метадычкі па здзяйсненні дыверсій і тэрарыстычных актаў, а яшчэ вельмі негатыўна выказваўся на адрас расійскіх вайскоўцаў".


Сілавікі затрымалі жыхара Слоніма за каментары ў Telegram

Праўладныя тэлеграм-каналы 10 верасня напісалі, што мужчына нібыта абражаў супрацоўнікаў міліцыі і прадстаўнікоў улады, пісаў негатыўныя каментары пра расійскіх вайскоўцаў, а таксама абяцаў знайсці суддзю, якая ў 2020-ым годзе прызначыла яму 15 сутак арышту.


Слесара з Мёрскага раёна арыштавалі на пяць сутак за "распаўсюд экстрэмізму"

Справу Сяргея Мацюка, слесара ААТ "Узмёнскі край", разбірала старшыня Мёрскага раённага суда Ірына Яскевіч. 1 верасня яна прысудзіла мужчыну пяць сутак арышту паводле ч. 2 арт 19.11 КаАП за дзве публікацыі ў Telegram, якія адсачылі супрацоўнікі абласнога ГУБАЗіК.

Паводле пратаколаў, якія сталі асноўным доказам у судзе, Сяргей змясціў у Telegram рэпосты з двух інтэрнэт-рэсурсаў, інфармацыйная прадукцыя якіх прызнаная «экстрэмісцкай». Падсудны не аспрэчваў таго факту, што старонка ў Тelegram, дзе з“явіліся публікацыі, належыць яму асабіста, і рэпосты рабіў ён.

З улікам гэтага прызнання і таго, што раней да адміністрацыйнай адказнасці Мацюка не прыцягвалі, Ірына Яскевіч пастанавіла пакараць Сяргея арыштам на пяць сутак, піша "Віцебская Вясна".


ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, які тры гады таму нібыта перашкаджаў затрыманню Сцяпана Латыпава

Пра гэта 10 верасня паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што працуе дырэктарам, яго прымушаюць назваць свой заробак.


На "Паліміры" ў Наваполацку прайшлі масавыя затрыманні

Сілавікі прыязджалі на аўтазаку, паведамляе @naftanFREE.

Супрацоўнікаў праектна-канструктарскай службы забіралі проста з працоўных месцаў. На наступны дзень прынамсі некалькі чалавек на працу не выйшлі. Сярод затрыманых не толькі супрацоўнікі службы ПКС, але і іншых аддзелаў.


Жыхарку Магілёва затрымалі за БЧБ-манікюр — прапагандысты знялі пра гэта цэлы рэпартаж

Як паведамілі прапагандысты 8 верасня, уладальніцу салона прыгажосці ў Магілёве затрымалі і аштрафавалі на 3700 рублёў за манікюр з "забароненай сімволікай".

Сілавікі спрабавалі зняць з жанчынай "пакаяльнае" відэа, але затрыманая адмовілася з імі размаўляць і нават глядзець у камеру. Пазней яе абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паводле інфармацыі праваабронцаў, затрыманая — Іна Царова.

Іна — вядомая ў горадзе прадпрымальніца, якая займаецца развіццём цырульняў. Па інфармацыі ад яе былых калегаў, сілавікі апазналі жанчыну на відэа з пратэстаў 2020 года, дзе яна ішла ў калоне з бел-чырвона-белым сцягам. Па месцы яе пражывання быў праведзены ператрус, сцяг канфіскаваны. Вядома, што ў дадзенай кватэры яна пражывала з другім мужам, ураджэнцам Украіны, які меў від на жыхарства ў Беларусі. Іх дваіх павезлі на допыт, пасля чаго Іна вярнулася дадому, а яе муж не. У выніку жанчына на мінулым тыдні атрымала штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3700 рублёў). Абедзве яе цырульні ў дадзены момант не працуюць.


80-гадовага краязнаўцу, які перажыў нацысцкі канцлагер, будуць судзіць за "распаўсюд экстрэмізму" 

Антон Бубала. Фота з сацсетак
Антон Бубала. Фота з сацсетак

У бліжэйшы час у судзе Верхнядзвінскага раёна пройдуць слуханні ў дачыненні да чацвярых чалавек. Усім ім прад'явілі ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша @vitebsk_info.

Сярод іх старшы навуковы супрацоўнік мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея і ганаровы грамадзянін Верхнядзвінска Антон Бубала. У канцы студзеня яго ўжо аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (740 рублёў) па тым жа артыкуле нібыта за публікацыю "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у Facebook.

У маленстве Антон Францавіч перажыў з сям'ёй канцлагер.


Бацьку палітзняволенага Мікіты Залатарова асудзілі трэці раз запар 

8 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля адбыўся трэці суд над гамельчуком Міхаілам Лапуновым. Яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), піша "Гомельская Вясна". Кіравала судовым працэсам суддзя Осіпава Алеся Уладзіміраўна. Вырак суду, на жаль, пакуль не вядомы. Раней Міхаілу прызначылі 30 сутак арышту.

Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства