viasna on patreon

Затрыманне бухгалтаркі ў Дзяржынску і актывіста ў Новай Баравой: хроніка пераследу 14-15 верасня

2023 2023-09-15T10:28:19+0300 2023-09-15T17:54:40+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanni_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-15 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Дзяржынску 14 верасня затрымалі галоўную бухгалтарку

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што жанчынай «зацікавіліся» пасля даносу. На «пакаяльным відэа» затрыманая «прызнаецца» ў рэпосце з «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, а таксама ва ўдзеле ў пікетах Ціханоўскай падчас выбарчай кампаніі 2020 года.


Сілавікі сцвярджаюць, што 14 верасня затрымалі "актывіста Новай Баравой"

Як пішуць праўладныя тэлеграм-каналы, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне затрыманы перапісваўся «са сваёй знаёмай Вольгай Хіжанковай» — яго прымусілі сказаць, што ён «пісаў ёй некарэктныя паведамленні аб тым, што над Беларуссю ляцяць самалёты з ракетамі».

Таксама паведамляецца, што хлопца ўжо затрымлівалі 9 жніўня 2020 года — пасля гэтага ён даваў каментар «Белсату», дзе нібыта «перабольшыў свае словы журналістам».


У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у спісе 3290 чалавек

15 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі кандыдатку геаграфічных навук Ганну Скрыган, асуджанага за каментары ў Telegram Дзяніса Салагуба, асуджанага за Instagram-сторыс Уладзіслава Савіцкага.


Сілавікі затрымалі мужчыну за "знявагу дзяржаўнай сімволікі"

Па дадзеных следства, увечары 12 верасня 37-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна, пашкодзіўшы флагшток, сарваў з фасада крамы чырвона-зялёны сцяг і аднёс дадому.

У хуткім часе мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).


Палітвязня Уладзіміра Гундара змясцілі ў ШІЗА. З ім няма сувязі ўжо 42 дні

Уладзімір Гундар. Фота Радыё Рацыя.

Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго праз хуткі этап.

Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Паводле "Берасцейскай Вясны", апошні раз ён патэлефанаваў родным 3 жніўня з калоніі, а з таго часу ні званкоў, ні лістоў не было.

Цяпер паведамляецца, што ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары. Верагодня, туды яго змясцілі яшчэ 3 жніўня.


У Гродне затрыманы яшчэ адзін удзельнік ініцыятывы па стварэнні палітычнай партыі "Разам"

Пра гэта 15 верасня паведамляюць праўладныя тэелграм-каналы. Паводле іх, мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама прымаў удзел у ініцыятыве па стварэнні палітычнай партыі «Разам».

Напачатку верасня ў Гродне быў затрыманы мужчына, якога сілавікі таксама абвінавацілі ў датычнасці да стварэння гэтай партыі.


Вярхоўны суд прызнаў "Беларускі расследавальніцкі цэнтр" "экстрэмісцкай арганізацыяй"

Пра гэта 15 верасня паведамляе Генпракуратура.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, такое рашэнне прыняў суддзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.

Ну думку суда, дзейнасць арганізацыі была накіравана на:

- распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у тым ліку ў дачыненні да пэўных сацыяльных групаў;

- распаўсюд загадзя ілжывых сведчанняў аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным стане Рэспублікі Беларусь, прававым палажэнні яе грамадзянаў;

- дыскрэдытацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання, а таксама распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. 


ГУБАЗіК затрымаў беларуса, які нібыта хацеў далучыцца да палка Каліноўскага

Пра затрыманне стала вядома 15 верасня.

На «пакаяльным відэа» 18-гадовы хлопец «прызнаецца» ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога», а таксама ў тым, што ён хацеў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага і таму звязаўся з імі ў Telegram.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства