viasna on patreon

За татуіроўку затрымалі грузчыка, за "экстрэмізм" – заўзятараў, а на мяжы – журналіста: хроніка пераследу 17-18 верасня

2023 2023-09-18T15:00:00+0300 2023-09-18T17:21:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gardzievich-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-18 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага Рыгора Кастусёва зноў адправілі ў ШІЗА

Пра гэта ў Facebook паведаміў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

«Рэжым забівае Рыгора Кастусёва. Ужо ў чацвёрты раз адправілі на 10 сутак у ШЫЗА...», — напісаў ён.

Рыгор Кастусёў

Нагадаем, Рыгора Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Падтрымайце палітвязня: ПК № 22, 225295, Брэсцкая вобласць, Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Рыгор Андрэевіч Кастусёў.


Грузчыка затрымалі за “экстрэмісцкую” татуіроўку на руцэ

На “пакаяльным відэа” хлопец кажа, што ўбачыў татуіроўку ў знаёмых і зрабіў такую ж самую сабе. У апісанні відэа тату называюць “экстрэмісцкай”.

Затрыманы працуе грузчыкам. На яго данеслі калегі.


На мяжы затрымалі былога палітвязня і журналіста з Драгічына Сяргея Гардзіевіча

Як даведаліся ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, затрыманне адбылося 14 верасня ў пункту пропуску «Брэст», калі Сяргей Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.

Паводле папярэдніх звестак, у былога журналіста сайта «Першы рэгіён» на мяжы вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізялятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

Сяргей Гардзіевіч у 2021 годзе быў асуджаны да 1 году 6 месяцаў калоніі, быў прызнаны палітвязнем. Мужчына цалкам адбыў пакаранне і ў кастрычніку 2022 выйшаў на волю.


Сталі вядомыя прозвішчы затрыманых супрацоўнікаў “Нафтана” і “Паліміра”

Напачатку верасня на "Паліміры" ў Наваполацку прайшлі масавыя затрыманні Сілавікі прыязджалі на прадпрыемства ў аўтазаку, паведамляе @naftanFREE.

Супрацоўнікаў праектна-канструктарскай службы забіралі проста з працоўных месцаў. На наступны дзень прынамсі некалькі чалавек на працу не выйшлі. Сярод затрыманых не толькі супрацоўнікі службы ПКС, але і іншых аддзелаў. Усе затрыманыя супрацоўнікі апошні раз былі online ў сацыяльных сетках 6 верасня 2023 года. Гэта:

Ірына Баранава, інжынер-канструктар з 2020 года, выпускніца БДТУ 2019 года, пераможца конкурсу лепшага лабаранта на прадпрыемстве

Дзмітрый Тамчонак, супрацоўнік прадпрыемства, актыўны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў;

Аляксей Стома, інжынер-канструктар, вядомы Наваполацкі інтэлектуал, удзельнік розных гульняў-віктарын, такіх як «Свая гульня» і «Што? Дзе? Калі?»;

Аляксандр Парчынскі, малады супрацоўнік прадпрыемства;

Андрэй Шкірэнка, апаратчык цэха 103 з 30-гадовым стажам;

Ігар Камека, малады спецыяліст, аператар устаноўкі УЗК, які ўваходзіць у брыгаду №3;

Юрый Лінкевіч, супрацоўнік аддзела КІПіА, актывіст моладзевага актыву «Паліміра», удзельнік валанцёрскага атрада «сэрца Паліміра”.


У Магілёве затрымалі двух заўзятараў мясцовага хакейнага клуба

Па інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманыя — 28-гадовы Яўген Кугукоў і 31-гадовы Алег Леснікоў.

У "пакаяльным відэа" адзін з заўзятараў ХК "Магілёў" кажа, што быў затрыманы за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў, а ў 2020 годзе прыцягваўся да адмінітрацыйнай адказнасці за ўдзел у мітынгу. Другі затрыманы паведамляе, што нібы распаўсюджваў "нацысцкую сімоліку" у відэазапісах у сацсетцы "Вконтакте".

У відэа паказваюць скрыншоты з сацыяльных сетак з украінскай і бел-чырвона-белай сімволікай, а таксама фотаздымкі сімволікі клуба.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства