Месяц таму ў Бабруйску адбыўся "хапун". Распавядаем, што вядома
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", 18 жніўня ў Бабруйску адбыліся масавыя затрыманні. Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікі шукалі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў лясу ў кастрычніку 2020 года. Вынік "хапуна" амаль праз тры гады: затрыманні, "пакаяльныя відэа", адміністрацыйныя суды.
Як "Вясне" распавёў жыхар Бабруйска, напрыканцы кастрычніка 2020 года мясцовыя святкавалі ў лесе Хэлоўін. Тады на пікнік з праверкай прыязджалі міліцыянты з Бабруйскага РАУС з АМАПам.
"Перапісалі толькі прозвішчы людзей, але наступстваў пасля не было", — кажа бабруйчанін.
Але яны з'явіліся амаль праз тры гады. 18 жніўня 2023 года да бабруйчан з гэта спіса прыйшлі супрацоўнікі магілёўскага ГУБАЗіКа. Паводле папярэдняй інфармацыі былі затрыманыя каля 20 чалавек. З некаторымі запісалі "пакаяльныя відэа" ў будынку КДБ.
Адзін з затрыманых на відэа, запісаным сілавікамі і апублікаваным на медыяхолдынгу выканкамаўскай газеты "Бабруйскае жыццё", распавёў, што ў 2020-м годзе ўдзельнічаў у акцыі пад назвай "Шашлычок":
"Мы сабраліся ў лясу за сёмым мікрараёнам, правялі там некаторы час з выкарыстаннем пратэснай атрыбутыкі. Акцыя насіла пратэсны характар і ставіла сваёй мэтай сабраць людзей..."
Яшчэ адна жанчына з Бабруйска на "пакаяльным" відэа распавядае, што ўдзельнікі гэтай акцыі "шыхтаваліся на фоне БЧБ-сімволікі, рабілі фотаздымкі, гэтыя фотаздымкі распаўсюджваліся па дваравых чатах".
Усяго прапагандысты паказалі чатыры "пакаяльных відэа" з мясцовымі жыхарамі. На адным з іх жанчына "раскайваецца" ў сваіх палітычных перакананнях і дэманстратыўна на камеру выцірае падлогу нацыянальным сцягам Беларусі з "Пагоняй". На відэа таксама паказалі відэакадры жорсткага затрымання бабруйчан супрацоўнікамі АМАПу і ГУБАЗіКа.
У праваабаронцаў няма інфармацыі пра дакладную колькасць затрыманых і асуджаных 18 жніўня і ў наступныя дні. У раскладзе на сайце Вярхоўнага суда адсутнічалі звесткі пра судовыя працэсы. Вядома толькі, што былі арыштаваныя трое мужчын на 15 сутак, а жанчынам прызначалі штрафы. Як сцвярджае "Вясне" крыніца, знаёмая з сітуацыяй, мужчын збівалі пры затрыманні.