viasna on patreon

Затрыманне вядомай актывісткі Святланы Кароль, хапун на Гомельшчыне: хроніка пераследу 20-21 верасня Дапоўнена

2023 2023-09-21T10:30:00+0300 2023-09-21T13:40:03+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/svjatlana-karol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-21 верасня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрымалі вядомую гомельскую актывістку Святлану Кароль

svjatlana-karol.jpg
Святлана Кароль

20 веранся стала вядома, што зараз у ІЧУ Гомеля знаходзіцца вядомая велаактывістка Святлана Кароль. Імаверна, яе затрымалі на тры дні. Падрабязнасці яе справы пакуль невядомыя, піша "Флагшток". 

Як пазней паведаміла "Гомельская вясна", Святлану затрымалі па крымінальнай справе. 

Святлану падазраюць у паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК). Калі і дзе адбылося затрыманне – невядома. Пенсіянерку і актывістку затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. З таго часу міліцыянты рэгулярна наведваліся да яе з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі ледзь не кожны месяц.

Дома на Святлану чакаюць старэнькая мама і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.


Хапун на Гомельшчыне — затрымана як мінімум 9 чалавек

Пра затрыманні стала вядома 20 верасня. Яны адбыліся ў Гомелі, Жлобіне, Рэчыцы. На «пакаяльных відэа» людзі «прызнаюцца» ў падпісках на «экстрэмісцкія» каналы і ў тым, што яны пакідалі ў іх каментары. Адна з затрыманых кажа, што нібыта здымала перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі.


Сілавікі затрымалі гродзенскага айцішніка

andrei-burdzenja.jpg
Андрэй Бурдзеня

На «пакаяльным відэа» 20 верасня мужчына кажа, што нібыта пісаў негатыўныя каментары на адрас Лукашэнкі, службовых асоб, супрацоўнікаў міліцыі, расейскіх вайскоўцаў, а таксама пагражаў людзям, якія падтрымліваюць дзейную ўладу.

Паводле інфармацыі @Grodno_grab, затрыманы — Андрэй Бурдзеня.


Палітвязня Алега Канавалава перавялі на турэмны рэжым

aleh-kanavalau_1.jpg
Алег Канавалаў

Уладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну публікаваў інфармацыю пра іх. Таксама яму ў віну паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.

У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Вядома, што ў судзе Шклоўскага раёна 18 ліпеня разглядзелі справу палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Вынік праваабаронцам пакуль невядомы.

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", палітвязня перавялі на турэмны рэжым у Магілёў.


Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада)

Пра гэта "Позірку" паведаміў старшыня партыі Ігар Барысаў.

«Гэта не канец, — адзначыў Барысаў у перададзенай відэазаяве. — Пакуль ёсць наш калектыў і людзі, якія вераць у будучую дэмакратычную Беларусь, у яе сацыял-дэмакратычны выбар, мы як фенікс паўстанем з попелу».

Улетку і ў пачатку восені былі пазбаўленыя рэгістрацыі 9 апазіцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структур. 22 верасня ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца пазоў пра ліквідацыю Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».


У Беларусі новае "экстрэмісцкае фармаванне" — "Честный Гродно"

Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 20 верасня.

У рашэнні ведамства пазначана імя чалавека, які нібыта мае дачыненні да арганізацыі — Андрэй Шоцік.


Былога палітвязня Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак

Сяргей Гардзіевіч. Фота: БАЖ

Пра гэта паведамляюць крыніцы "Медыязоны".

Нагадаем, журналіста затрымалі 14 верасня на мяжы, калі Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.

Паводле папярэдніх звестак, у былога журналіста сайта «Першы рэгіён» на мяжы вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасля ён быў затрыманы і змешчаны ў ізялятар часовага ўтрымання ў Брэсце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства