viasna on patreon

"Алесь, я вельмі ганаруся..." Літоўскія школьнікі павіншавалі Бяляцкага з Днём народзінаў

2023 2023-09-25T12:31:50+0300 2023-09-25T15:25:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/2023-09-25_pragimnazija5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Віленскай прагімназіі імя Сымона Даўкантаса ў Дзень народзінаў Алеся Бяляцкага (25 верасня) прайшла сустрэча з мясцовым школьнікамі. Яе правяло Міністэрства замежных справаў Літвы пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна". Менавіта на будынку гэтай прагімназіі раней была створана фрэска з выявай Алеся  Бяляцкага.

ales-bialacki_freska.jpg
Фрэска з выявай Алеся Бяляцкага на будынку Віленскай прагімназіі імя Сымона Даўкантаса

Чаму для літоўскіх школьнікаў важна ведаць пра Алеся Бяляцкага і сітуацыю ў Беларусі, распавяла амбасадарка па асаблівых даручэннях Аста Андрыяўскене.

2023-09-25_asta-andryjauskene.jpg
Амбасадарка па асаблівых даручэннях Аста Андрыяўскене

"Літва — гэта краіна свабоды. Мы самі мелі вельмі складаны і няпросты шлях да аднаўлення незалежнасці, да барацьбы за свабоду. Таму я думаю мы лепш за каго-небудзь разумеем сітуацыю ў Беларусі. І я думаю, што мы таксама зацікаўленыя ня менш, чым людзі ў Беларусі, у тым, каб у нас па суседстве была свабодная, незалежная, надзейная краіна. Гэта наш інтарэс таксама. Дзеці гэта добра разумеюць", — адзначыла амбасадарка.

Аташэ па стратэгічнай камунікацыі Юліус Мітэ звярнуў увагу дзяцей на тое, што Беларусь знаходзіцца зусім блізка ад Літвы:

2023-09-25_julius-mite.jpg
Аташэ па стратэгічнай камунікацыі Юліус Мітэ

"Да мяжы ўсяго 30 кіламетраў, і ў Беларусі ў зняволенні ёсць і падлеткі за тое, што змагаліся за дэмакратыю, за правы чалавека. Таму для нас мае надзвычайнае значэнне дапамагаць і падтрымліваць, наколькі гэта магчыма", — распавёў Юліус Мітэ.

Напрыканцы дзеці паўдзельнічалі ў віктарыне з пытаннямі пра Праваабарончы цэнтр "Вясна" і асобу Алеся Бяляцкага.

А таксама дзецям было прапанавана напісаць ліст з пажаданнямі Алесю Бяляцкаму на адным вялікім аркушы.

"Алесь, на сцяне нашай школы ёсць Ваш партрэт, і я гэтым вельмі ганаруся", — напісаў адзін з вучняў прагімназіі.

"Дзеці казалі, што ім было вельмі цікава, і я глядзела, што яны пісалі і малявалі: гэта і снегавік з чырвоным шалікам, і памідоры са смятанай — значыць яны пачулі тое, што было расказана, і гэта адбівалася ў гэтых малюнках і пажаданнях, — падзялілася Аста Андрыяўскене. —  Вельмі многія зычылі свабоды. Тое, што яны адчуваюць салідарнасць з тымі людзьмі, якія цяпер у турмах у Беларусі, — гэта вельмі важна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства