viasna on patreon

Заява аб прызнанні Міхаіла Лапунова палітычным зняволеным

2023 2023-09-25T19:18:14+0300 2023-09-26T17:32:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikhail-lapunou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

25 верасня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у межах адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі дзеля задушэння свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Некаторых затрыманых паводле адміністрацыйных спраў неаднаразова паўторна асуджаюць да адміністрацыйных арыштаў, такім чынам іх знаходжанне ва ўмовах зняволення па працягласці супастаўнае з крымінальным пакараннем.

Нагадваем, што паводле п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэры ў поўнай ступені датычаць усіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна, усе тыя, хто зазнаў адміністрацыйныя арышты за рэалізацыю сваіх прызнаных міжнароднай супольнасцю правоў і свабод, з'яўляюцца палітвязнямі на перыяд іх ізаляцыі. Асобныя заявы аб прызнанні некаторых з іх такімі закліканыя звярнуць асаблівую ўвагу на канкрэтныя выпадкі найбольш жорсткага пакарання за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.

Так, Міхаіл Лапуноў, бацька палітвязня Мікіты Залатарова, ужо правёў за кратамі 45 дзён. Ён тройчы быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту па частцы 1 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка ў мэтах распаўсюджванне такой інфармацыі).

22 верасня 2023 года, напярэдадні вызвалення пасля адбыцця трэцяга адміністрацыйнага арышту запар, яго зноў прызналі вінаватым у здзяйсненні правапарушэння і ў чацвёрты раз адправілі ў турму.

Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Міхаіла Лапунова і патрабуем:

  • скасавання вынесеных у дачыненні да палітзняволеных судовых пастаноў і іх неадкладнага вызвалення;
  • спынення рэпрэсій у адносінах да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;
  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства